Вы тут

Як бавяць час удзельнікі развіццёвага клуба «Торчвуд»


Хочаш, каб атрымалася добра, — зрабі сам! Такога прынцыпу прытрымліваюцца ўдзельнікі развіццёвага клуба «Торчвуд». Маладыя людзі збіраюцца разам, каб абмеркаваць навінкі ў лічбавай індустрыі, навучыцца паяць і спасцігнуць асновы праграмавання. Максім КАЧЫНСКІ, студэнт чацвёртага курса Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя аўтамабілебудавання і арганізатар суполкі, расказаў нам пра будні клуба.


Ён названы як аднайменны серыял пра дзейнасць выдуманага інстытута, у якім даследуюць паранармальныя з'явы. Яго ўдзельнікі, вядома, прышэльцаў не вывучаюць, затое разбіраюцца ў фізіцы, хіміі, інфарматыцы і нават псіхалогіі. Змагаюцца з невуцтвам і лянотай, а гэта цікавей за ўсякіх там гуманоідаў.

— На першым курсе ліцэя я быў членам маладзёжнага грамадскага аб'яднання «Фаланстар», арганізаваў свой першы клуб па камп'ютарных гульнях. Мы прыходзілі са сваімі ноўтбукамі, гулялі і дзяліліся сакрэтамі праходжання на новы ўзровень. Аднак у пэўны момант нам усё гэта надакучыла, захацелася нечага больш сур'ёзнага. Так мы пачалі вывучаць радыёэлектроніку. Мой сябар падарыў набор радыёаматара, дакупілі некалькі датчыкаў і сталі разбірацца, што да чаго. Далей «Торчвуд» пашыраўся, і ўзніклі такія праекты, як «Лінуксоўкі» (праца з аперацыйнай сістэмай Lіnux), «MAYBE» (псіхалогія паводзін, прафайлінг), — расказвае Максім. — Усяго нас 17 чалавек, 13  — актыўныя ўдзельнікі клуба. Навучанне адбываецца па тыпу «хакатона». Гэта калі спецыялісты ў розных сферах разам працуюць над рашэннем нейкай праблемы. Спачатку мы асвойваем матэрыял у інтэрнэце, а потым імкнёмся зрабіць тое ж самае сваімі рукамі. Часта абмяркоўваем распрацоўкі ўсе разам, дапамагаем адзін аднаму ўцяміць, што да чаго. Самаму старэйшаму з нас 35 гадоў, а так пераважна студэнты. Што цікава, 50 працэнтаў нашага калектыву — гэта гуманітарыі.

— А дзяўчаты сярод вас ёсць?

— Неяк у нас паміж парамі была «фортка», і мая сяброўка не ведала, куды дзець вольны час. Прапанаваў ёй пайсці да нас у клуб пасядзець. За кароткі час навучыў паяць ліхтарык. Дзве дзяўчыны прыйшлі да нас з клуба псіхалогіі. Мы можам любога навучыць рамантаваць навушнікі, вырабіць святлодыёдную падсветку для веласіпеда і яшчэ шмат чаго іншага.

З найбольш паспяховых нашых праектаў магу вылучыць «Хатнюю метэастанцыю». Гэта скрынка з дысплеем, які паказвае тэмпературу на вуліцы, у памяшканні, вільготнасць паветра і час. Прылада нечым падобная на гарадскія апараты, але наша мадэль больш мабільная. Напрыклад, калі тэмпература ў доме меншая за 20 градусаў, прыбор адзначыць гэта гукавым ці светлавым сігналам. Для таго каб распрацаваць такую ўстаноўку, нам патрэбна было навучыцца падключаць той жа датчык тэмпературы, прапісваць код і выводзіць дадзеныя на дысплей.

— А што з планамі? Ці ёсць якія цікавыя задумкі?

— Удасканаліць папулярную сістэму домаўладкавання «Разумны дом». Мэта гэтага праекта — максімальна аўтаматызаваць і засцерагчы жыллё. Мы плануем узяць стары планшэт, прымацаваць да дзвярэй, каб ён, акрамя стандартнай інфармацыі кшталту надвор'я і і часу, паказваў, хто і калі выходзіў з дома, якія прылады зараз уключаны. Напрыклад, калі ў нейкім пакоі перагарэла лямпачка, то наша прылада павінна будзе адрэагаваць на гэта і апавясціць вас паведамленнем на тэлефон. Можна будзе праз мабільны тэлефон убачыць электраспажыванне ў доме. Гэта вельмі актуальна ў тым выпадку, калі вы забыліся выключыць электрапрыборы. Яшчэ мы плануем запусціць праект «WWW» па вэб-распрацоўцы. Гэта выкарыстанне свабодных сістэм кіравання сайтамі, наладка хостынгу, абслугоўванне сервера, а галоўнае — абмен вопытам.

— Дзе бераце грошы на свае задумы?

— Зараз нам неабходна закупіць электронныя замкі, лічбавыя датчыкі для электрасеткі, платы кіравання і іншае абсталяванне. Звычайна ўсё патрэбнае мы купляем за свае грошы. Пачаткоўцам таксама прапаноўваем зрабіць пэўны грашовы ўклад, каб не было так, што прыйшоў, пакарыстаўся, кінуў і пайшоў. Я лічу, калі ты ў нашай камандзе, то цябе датычацца ўсе праблемы клуба. Напрыклад, доўгі час у нас не было асобнага памяшкання. Работу клуба прыйшлося спыніць. Мы развярнулі краўдфандынгавую кампанію. Напісалі рэкламны тэкст, зрабілі інфаграфіку, дзе падрабязна растлумачылі, на што пойдуць ахвяраваныя грошы. У залежнасці ад сумы распрацавалі сістэму заахвочвання. Так, за 150 тысяч рублёў старымі мы абяцаем відэападзяку ў групе «УКантакце», а за мільён — хэндмэйд-майку з лагатыпам «Торчвуд». Прайшло некалькі дзён, ніхто не адгукаўся. Але потым патэлефанаваў лідар адной маладзёжнай музычнай групы і прапанаваў размясціцца ў іх на другім паверсе катэджа. Так мы зноў абзавяліся сваім «кутком». Наогул, я лічу, што наша праца нясе толькі пазітыў. Таму будзем рады новым сябрам.

Алена ЯКАВЕНКА

Загаловак у газеце: Сапраўдныя мужчыны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?