Вы тут

Аромамаркетолаг: для славян пах скошанай травы асацыюецца з летам


Калі дызайнер падбірае колеры і расстаўляе мэблю пад густ кліента, то аромамаркетолаг робіць тое самае, толькі... з атмасферай. Людзі гэтай спецыяльнасці ведаюць, якія пахі прымусяць нас збавіць крок і ўсміхнуцца, а з-за якіх захочацца выскачыць за парог і шчыльна зачыніць за сабой дзверы. Часам чалавек можа і не здагадвацца, што амаль нячутны водар прыводзіць яго ў добры настрой, схіляе да шчырасці, а то і бадзёрыць перад адказнай працай.


У 2006 годзе Аляксандр Рудзько прачытаў артыкул пра аромамаркетынг — кірунак, што дазваляе зацікаўліваць пакупнікоў таварам, выкарыстоўваючы пахі. Сапраўды, мала хто можа спакойна прайсці міма крамы, адкуль смачна патыхае свежым печывам, ці не затрымацца ў кавярні, дзе між столікаў плыве водар кавы, вяршкоў і бісквітаў. На той час прывезці абсталяванне і аддушкі ў Беларусь можна было толькі з-за мяжы, і Аляксандр з аднадумцамі сталі прадстаўнікамі напачатку расійскіх, а потым і іншых замежных кампаній. Паступова ў прадпрымальных беларусаў склаўся ўласны погляд пра водары і абсталяванне, аказалася, што ў жыхароў розных рэгіёнаў свае схільнасці да пахаў. Замежныя вытворцы не заўсёды з гэтым лічыліся, і каманда паціху перайшла ад пасярэдніцтва да ўласнай вытворчасці.

Добры прадавец падобны да псіхолага: ён заўважае змены ў эмацыйным настроі пакупніка і прадказвае яго пажаданні. Аромамаркетолаг спрабуе зразумець схільнасці не толькі свайго заказчыка, але і яго кліентаў. Перад тым як запаўняць пакой пахамі, спецыяліст ацэньвае тэматыку, інтэр'ер памяшкання, колеры, аздабленне, асвятленне, узрост і пол магчымых наведвальнікаў і яшчэ шмат дэталяў. У пакоі пах павінен прысутнічаць у сугуччы з прадметам, які выклікаў бы патрэбную асацыяцыю. Напрыклад, ракавіны вымагаюць водару мора, суніцамі пахне ў пакоі, дзе ёсць хаця б фотаздымак гэтых ягад. Трэба таксама ўлічваць, што ў розных краінах да аднаго і таго ж паху будзе рознае стаўленне.

— Для славян пах скошанай травы асацыюецца з летам, цяплом, адпачынкам. Нам ён прыемны і падымае настрой, — прыводзіць прыклад Аляксандр. — Амерыканец жа прыгадае сезонны абавязак касіць газон перад домам, і яго падсвядомасць пераключыцца на не самыя лепшыя ўспаміны.

У той жа час у ЗША водар лімона звязаны са святамі, ліманадам, Днём незалежнасці, лімонным пірагом, а вось у нас у канцы мінулага стагоддзя так пахла ледзь не ўся бытавая хімія, і неблагі водар аказаўся «сапсаваным». Ён асацыюецца з прыборкай, як пах хвоі — з асвяжальнікамі паветра.

Каб адшукаць пах, прыемны беларусу, трэба ведаць сферу прымянення водару. Напрыклад, у сферы продажу прадуктаў гэта пах бісквіту, ванільна-карамельны водар. Ён для нас звязаны з віншаваннямі, святам, калі ласуюцца тортам. Таксама мы заўважылі, што беларускія кліенты ўсміхаюцца, калі ім прапаноўваеш панюхаць пробу з аддушкай чорных парэчак.

Аромамаркетынг дапамагае не толькі ў продажы прадуктаў. Араматызацыя ў офісе можа бадзёрыць супрацоўнікаў раніцай. Пахам па сілах ствараць пачуццё ўтульнасці ў гасцініцы, атмасферу спакою і чысціні — у санаторыі, даверу — у клубе, раскошы і перспектыўнасці — у дзелавым кабінеце. Набыць «уласны» пах таксама жадаюць некаторыя музеі, тэатры, кінатэатры, турыстычныя фірмы...

— Часам людзі заказваюць араматызацыю буйных карпаратыўных мерапрыемстваў на сотні ўдзельнікаў. Тады ідзе дапамога адразу па некалькіх кірунках: выдаленне непрыемных пахаў, што часта застаюцца ў вялікіх памяшканнях, падняцце настрою гасцям, падтрымка тэматыкі свята. Аднойчы мы араматызавалі вяселле ў Гродне, — прыгадвае Аляксандр. — Для ўрачыстасці маладыя выбралі тэнісны корт у спартыўным комплексе. Трэба было пазбавіцца ад паху гумы і замяніць яго на водар кветак і дрэва.

Здараюцца ў аромамаркетолагаў і па-сапраўднаму дзіўныя заказы. Часцей за ўсё яны звязаны з непаразуменнямі паміж бакамі. Так, Аляксандр прыгадвае выпадак з латвійскімі калегамі па цэху: «Адміністрацыя дзіцячага дома дамовілася, што ім прывязуць пахі для муляжоў жывёл, зробленых з пап'е-машэ. Меркавалася, што дзеці змогуць наведваць такі імправізаваны заапарк у садзе. Заказчыкі выказалі сваё пажаданне так: «Хочам пах слана». Калегі накіравалі запыт сваім вытворцам у Францыі, тыя пайшлі ў звярынец і падабралі кампазіцыю, падобную на пах гэтай жывёлы.

Аднак дастаўцы заказчык не ўзрадаваўся, бо хацеў не пах, які ідзе ад слана, а водар джунгляў, дзе жыве слон.

У нас таксама быў выпадак, калі кліент патрабаваў пах арэхавага дрэва. Мы супрацоўнічаем з парфумерам, які ведае больш за тысячу розных пахаў, але той так і не змог вызначыць, чаго хоча заказчык, бо арэхавых дрэваў сотні відаў, да таго ж невядома, пах плода ці драўніны хоча заказчык. Як пазней высветлілася, той сам дакладна не ведаў, проста ў інтэрнэце прачытаў, што такі водар павялічвае даходы ўстановы, што спецыялізуецца на азартных гульнях. Бывае, што кліенты не ўяўляюць, як пахне іх заказ, а потым высвятляецца, што пах, напрыклад, інжыру ім непрыемны».

Араматычнага картрыджа хапае больш чым на чатыры тыдні, хоць можна ўзнаўляць яго па неабходнасці. Пакуль абсталяванне для араматызацыі разлічана на камерцыйныя памяшканні з вялікай плошчай і складанай планіроўкай, аднак Аляксандр з сябрамі ўжо задумваецца над лінейкай прыбораў для хатняга карыстання.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Які ён, водар поспеху?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».