Зборная Беларусі заваявала два залатыя медалі ў шосты дзень спаборніцтваў Параалімпійскіх гульняў 2016 года ў Рыа-дэ-Жанэйра, здолеўшы падняцца на 13-е месца ў неафіцыйным агульнакамандным заліку.
13 верасня ў складзе нашай каманды золата заваявалі Андрэй Праневіч (індывідуальная шпага) і Уладзімір Ізотаў (плаванне на 100 м брасам). Такім чынам, у актыве зборнай Беларусі ўжо сем узнагарод Гульняў-2016: пяць залатых і дзве бронзавыя. Раней адзін бронзавы і тры залатыя медалі заваяваў плывец Ігар Бокій, яшчэ адна бронзавая ўзнагарода ў актыве кідальніка кап'я Аляксандра Трыпуця.
Прэзідэнт Беларусі, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка павіншаваў членаў нацыянальнай каманды па інваспорце Андрэя Праневіча і Уладзіміра Ізотава з заваяваннем залатых медалёў на Параалімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра. Кіраўнік дзяржавы пажадаў спартсменам і трэнерскаму калектыву нацыянальнай каманды моцнага здароўя і новых поспехаў.
У спаборніцтвах на шпагах сярод жанчын дзве беларускі выйшлі ў васьмёрку наймацнейшых. Алеся Макрыцкая саступіла немцы Сімоне Брызе-Батке, якая заняла ў турніры 4-е месца, а Настасся Касцюшкова саступіла кітаянцы Чжой Цзыньцзынь, якая, перамогшы беларуску, у фінале заваявала залатую ўзнагароду.
Першае месца ўпэўнена займаюць кітайцы, якія за шэсць дзён ужо заваявалі 63 залатыя, 51 сярэбраны і 33 бронзавыя ўзнагароды. Другі радок займае зборная Вялікабрытаніі, на рахунку якой 34 залатыя, 18 сярэбраных і 23 бронзавыя ўзнагароды. На трэцім месцы размяшчаецца каманда Украіны, у актыве якой
72 медалі (27-21-24).
Канстанцін ЛЮТКЕВІЧ
Фота БЕЛТА
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.