Вы тут

Пра нас пішуць!


ПРА ЛАКРЫМОЗУ, ЦЫНАМОН І МУРАКАМІ



Нават у самай незалежнай краіне жывуць і дабра нажываюць залежнасці. Некаторыя з іх даўна зрабілі сабе імя і цяпер піярацца – начорна і набела: залежнасць ад алкаголю, тытуню, наркотыкаў. Другія таксама часта на слыху, хаця і не ў такіх маштабах – залежнасць ад ежы, напрыклад, ці ад іншага чалавека, чужога меркавання. А ёсць і такія, што пакідаюць Краіну Ценяў ціхімі шэрымі мышкамі, праз адзінкавых рупліўцаў.

“Прывітанне. Я –Зміцер. Я часта хварэю”. – “Прывітанне, Зміцер!” Так, ёсць залежнасць ад хваробы. Пра гэта мала гаворыцца, пішацца. Бо ледзь не кожны ў наш час на нешта хворы. Бо гаварыць пра боль – значыць скардзіцца, а гэта непрыгожа і бескарысна, прымальна і правільна толькі ў размове з доктарам, у межах шпіталяў. Цалкам справядліва, калі мець на ўвазе адзінкавую нямогласць, з незнаёмым тварам альбо са знаёмым ды нападзабытым. Ці калі справа тычыцца масавых інфекцый, вірусаў, з успышкамі якіх змагаюцца шэрагі медыкаў. Але ж яшчэ ёсць такая рэч, як хвароба хранічная. І ад таго, што чалавек жыве з ёю цягам дзесяцігоддзяў, раднейшаю і лагаднейшаю яна не становіцца. Могуць набываць іншы колер стужкі ў яе кудзерках, карсэт можа змяняцца на ільняную кашулю, але сапраўдны твар хранічнай хваробы заўжды адзін і той жа – моцныя абдымкі, праз якія да болю заплюшчваюцца вочы і вельмі цяжка дыхаць.

Мы напаўжартам-напаўсур’ёз спачуваем бедным амерыканцам, якія мусяць насіць за вушкам “чыз”, нават калі іх кішэні набітыя камянямі. Ці не таму нас так гэта кранае, што ўсё часцей кіруемся той жа мадэллю? Хаця розніца паміж нашымі станамі ёсць: групы падтрымкі – вось што вызначальна, калі чалавек у адпаведнасці з нейкімі ўнутрысупольнымі законамі павінен заставацца сам-насам са сваімі праблемамі. Ад каго мы пра іх даведаліся, як не ад амерыканцаў? А што чутно на гэты конт у нас?

“ Добра, Зміцер. Распавядзі, калі ласка, сваю гісторыю.” –
“ Цяпер я не ўжываю лекі, хаця кожны год пераход восені ў зіму, а зімы ў вясну аказвае на мяне ўздзеянне – павышаецца тэмпература. Я больш не п’ю лекі, мне дастаткова цеплыні пледа, падоранага найлепшым сябрам, цеплыні гарбаты, якую я п’ю заўжды з вялікага паўлітровага кубка, цеплыні добрага фільма на экране або кнігі – мяккіх светлых старонак. Але так было не заўсёды. Да дзясятага класа я хварэў пастаянна. Дзясяткі, сотні таблетак кожную вясну і восень прывілі мне ледзь не імунітэт – імунітэт да лекаў.” Ці насамрэч гэта смешна – паапладзіраваць чалавеку, які стаў на шлях змагання, а дасягнуўшы добрага выніку, палічыў неабходным падзяліцца сваім набыткам з іншымі? Ён не прынёс з сабою ўнушальны пералік дзейсных лекаў (хваробы ва ўсіх розныя), не заявіўся ўзброены рэцэптамі народнай медыцыны ( гэта патрабуе большай адказнасці, чым уменне прыкласці трыпутнік да ранкі), тым больш не прыйшоў паплакацца, папрасіць шкадавання. Чалавек зрабіў адкрыццё і прыйшоў, каб падзяліцца сілаю.

“Зміцер, што змянілася? Як сталася, што ты здолеў супрацьстаяць сваёй хваробе?” – “Усё змянілася ў 10 класе. Не ведаю чаму. Не ведаю, як я здолеў адкрыць вочы і пабачыць, што я раблю: замест таго, каб аказваць супраціўленне хваробе, я прымаў яе ў абдымкі, бег да маці, старанна дэманструючы, наколькі мне цяжка. Любому вірусу, любой недастачы, любому болю я з радасцю адкрываў свой арганізм, прызнаваў уладу над сабой. Цяпер усё па-іншаму. Я вельмі люблю сваё “зараз”. Я люблю кожнае імгненне. Кожнае імгненне заслугоўвае таго, каб я адчуў яго цалкам. Каб я гарэў не ад тэмпературы, а ад шчасця, што я жывы, ад цеплыні, якой хочацца сагрэць кожнага...” Апошні радок я перачытала некалькі разоў. І... адчула на сабе дотык сонца.

Група падтрымкі, як і магчымасць абмяняцца псіхалагічна-жыццёвым досведам з людзьмі, што нясуць праз жыццё крыж хваробы, усё яшчэ застаецца ўяўнай. Але Зміцер – асоба рэальная. Прозвішча яго – Шулюк. Гэта малады хлопец, што піша пра свае жыццёвыя арыенціры і музычныя ўпадабанні на старонках часопіса “Маладосць”. І за артыкул “ Ярмо ў ахвяру” (№8, 2016) мая яму асаблівая ўдзячнасць. Не, мне не прыйшлася даспадобы музыка швейцарскага гурта “Лакрымоза”, і пачытаць “Гары Потэра” пад пледам таксама не захацелася. Але тое, што напісаў Зміцер, і тое, як ён гэта напісаў, прынясло мне адназначна болей карысці, чым таблеткі, што піліся “на аўтамаце” апошнім часам.

Пасля прачытання ўзгаданага артыкула мне яшчэ мацней захацелася ЖЫЦЬ -- светла і сонечна. Акрамя таго, я натхнілася падзяліцца сваім бачаннем “нязручнай” тэмы ў гэтым допісе, а таксама ўласным рэцэптам дзейснага супраціву. Сябры! Печаныя яблыкі з цынамонам і ўсялякімі дадаткамі, пра якія лепш спытаць у Volha Shyleika – гэта раз. Амерыканізаваны японец Харукі Муракамі ( акурат цяпер чытаю “Хронікі Заводнай Птушкі”) – гэта два. І светлыя людзі побач, што вярнуліся, кожны са свайго Поля Болю. Вярнуліся Пераможцамі, заўжды гатовымі згуртавацца ў Кола Сілы абапал кволага агеньчыка. Пад музыку цішыні і ветру...

https://www.facebook.com/halina.zyranava/posts/1167994043274033

 

                                                                                                   Галіна Зыранава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».