Вы тут

Работнікі сферы турызму адмаўляюцца ад звычайных кашуль і пінжакоў


Персанал «Беларустурыста» хутка апране новую карпаратыўную форму з нацыянальным каларытам.


Калі чалавек прыязджае ў краіну па справах, ён не заўсёды знаходзіць час бліжэй з ёй пазнаёміцца. На думку кіраўнікоў адзінай у Беларусі сеткі турыстычных прадпрыемстваў, новая форма супрацоўнікаў стане для бізнесмена адной з адметнасцяў, якую ён запомніць пасля візіту ў Сінявокую.

— Усе мы прывыклі, што ў гатэлях турыстаў сустракае адміністратар у дзелавым гарнітуры і ахоўнік, падобны вопраткай да міліцыянера. Безумоўна, кашуля і пінжак — нядрэнны выгляд, але нам хацелася, каб госць адразу зразумеў, што тут яго чакалі, тут яму рады. Пра гэта павінна сведчыць не толькі ўсмешка, але і ўвесь выгляд. Таму мы вырашылі аб'явіць конкурс «Адзенне і абутак карпаратыўнага стылю», які дапаможа стварыць вобраз беларускай гасціннасці. Давайце апранемся так, каб не спатрэбілася лішніх слоў, — заклікала генеральны дырэктар турысцка-экскурсійнага прадпрыемства «Беларустурыст» Людміла Сянькоўская.

Мяркуецца, што эскізы новай вопраткі з'явяцца ўжо ў канцы верасня. Час правядзення конкурсу таксама выбраны не выпадкова: гэты праект стане падрыхтоўкай да 2017 года, які Генеральная Асамблея ААН аб'явіла Міжнародным годам турызму.

Старшыня канцэрна «Беллегпрам» Мікалай Яфімчык звярнуў увагу, што тавары з беларускай сімволікай набіраюць папулярнасць у замежных турыстаў, бо госці едуць у краіну пераважна па экзотыку. Ён таксама адзначыў, што канцэрн сёння мае магчымасці на стварэнне такога буйнога заказу, як пашыў карпаратыўнай вопраткі для цэлай галіны паслуг.

Паўдзельнічаць у распрацоўцы стылю для беларускага турыстычнага персаналу можа кожны дызайнер. Людміла Сянькоўская параіла майстрам знайсці творчы падыход да задачы і адмовіцца ад стэрэатыпаў. Адзінае патрабаванне — адзенне павінна змяшчаць у сабе пэўную асаблівасць, якая дазволіць адразу пазнаць супрацоўнікаў «Беларустурыста», незалежна ад іх сферы дзейнасці.

Зацікаўлена конкурсам і адна з вядучых дызайнерак Беларусі Юлія Латушкіна:

— Я хачу звярнуць увагу калег на магчымасці, якія адкрывае ўдзел у распрацоўцы формы для турыстычнага сэрвісу. Для пераможцы гэта будзе адначасова і вялікая, цікавая праца, і падтрымка праверанага прадпрыемства, і пастаянныя заказы. Што тычыцца мастацкай часткі, то гасцей краіны абслугоўвае вялікая колькасць людзей: адміністратары, перакладчыкі, прыбіральшчыкі, экскурсаводы, афіцыянты, работнікі турыстычных бюро... На мой погляд, іх форма не павінна быць аднолькавай.Таму задача не проста ў стварэнні нейкага тыпу карпаратыўнай формы, а ў распрацоўцы цэлай калекцыі адзення.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Пазнаць краіну па адзенні

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.