Вы тут

Канцэптуальныя пошукі ў музейнай прасторы


Фанерная прыбудова на ўваходзе глядзіцца «беспантова» — прыстойныя музеі да выставак імкнуцца ўпарадкаваць тэрыторыю, каб завабіць кліента. А тут усё наадварот: каб увайсці ўсярэдзіну, трэба ў нейкім сэнсе пераступіць праз сябе. Ды яшчэ гэты непрыемны гудок, які бесперапынку ные, — нібыта на якой будоўлі... Але ў вузкі калідор уцягвае рамонтная сцяна — зразумела, што часовая і што з'явілася тут зусім не выпадкова.


Скульптар павінен умець рабіць рамонт, вырашыў Канстанцін Селіханаў і цалкам змяніў прастору музея Заіра Азгура. Цяпер гэта яшчэ і тэрыторыя, на якой размясціўся канцэптуальны праект «Рэканструкцыя героя», куратарам якога выступіла Вольга Рыбчынская. Але не думайце, што нам вобраз сучаснага героя прапаноўваюць у закончаным выглядзе — маўляў, вось што адбіваецца ў люстэрку мастацтва. Вобраз героя прапаноўваюць рэканструяваць наведвальнікам — ва ўласнай свядомасці, і ён атрымаецца ў кожнага свой, у адпаведнасці з улікам усіх ведаў і думак пра свет былы і сённяшні. Але не без дапамогі аўтара праекта, які раскідаў яго складаныя часткі па ўсім музеі, нібыта маякі для вандроўнікаў. Каб зразумець думку, трэба прайсці ўсе часткі, паўглядацца, прааналізаваць, некага згадваць, штосьці прачытаць. І ў выніку падысці да героя з наборам думак, якія трансфармуюцца ў меркаванне: хто ён, герой нашага часу?

Час — таксама герой у гэтым праекце, хоць і нябачны. Але ён маецца на ўвазе: музей вядомага скульптара Заіра Азгура называюць «музеем эпохі», таму што прысвечаны творцу, які плённа працаваў у савецкі час і адлюстраваў шмат яго асоб (герояў). Таму праект прапаноўвае яшчэ і дыялог паміж эпохамі. Таксама як і дазваляе паспрачацца ці пагадзіцца з людзьмі, якія праз свае ідэі вызначалі плыні ці кірункі ў развіцці як асобных грамадстваў, так і чалавецтва наогул. Час разглядаецца як нешта непарыўнае. Таму можна атрымаць пасылку з мінулага і гадаць: а што ж там у ёй? Можа, нешта самае каштоўнае паклалі для нашчадкаў? Ці забыліся пакласці? А мо не было чаго?.. Але мы ўглядваемся ў вялікую скрыню, імкнучыся разгледзець нешта, каб толькі потым рушыць далей. Рушыць з уласнымі думкамі. І мудрымі цытатамі вялікіх: яны пазначаны, прапаноўваюцца аўтарамі праекта. Злучаюцца з вялікімі, што ёсць у музеі. Але адзін з пакойчыкаў — участак агульнай інсталяцыі прапаноўвае ўгледзецца ў скульптурныя партрэты: «О, вось хто гэта...» Яны ўсе разам — нібыта скульптурны натоўп. Хоць менавіта пра такіх, як Эйнштэйн ці Салжаніцын, калісьці казалі: асоба, якая існуе па-за натоўпам. І самы час з настальгіяй падумаць: былі ж людзі... Асобы! Яны рабілі вялікія справы і выдавалі ідэі, здольныя перавярнуць свет. І тут жа хочаш закусіць вусны: у аддаленым мінулым ідэя звышчалавека, узведзеная ў абсалют, ужо адыграла сваю ракавую ролю ў гісторыі чалавецтва, адкінуўшы яго да ўзроўню цемрашальства. Фрыдрых Ніцшэ сам па сабе быў вялікі філосаф, але, можа быць, яго думкі аказаліся занадта вялікія для маленькіх людзей, якія не зразумелі іх сутнасць?..

Канстанцін Селіханаў прапанаваў свой філасофскі погляд на гэтую тэму, выказаў яго не словамі, а прывёў да думкі паступова, праз мастацкія аб'екты, як гэта рабіў і ў першай частцы свайго пректа «Адзін і многія», рэалізаванага некалькі гадоў таму. Гэта працяг, зразумеюць дасведчаныя наведвальнікі, і ўсё звяжацца. І Ніцшэ, і шчыліны, праз якія мы ўвесь час імкнуліся разгледзець нешта вельмі істотнае, а ў выніку пачыналі аналізаваць і разглядаць сябе ў кантэксце праблемы героя. Таму што нехта павінен абнаўляць тэрыторыю ў сваім часе, рабіць рамонт, каб ён не здаваўся бясконцым і безвыніковым. І навідавоку, да чаго дайшлі ў самай апошняй частцы інсталяцыі: наш герой. Цікавы?

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Дзе тут герой?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове. 

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?