Вы тут

Як зразумець румынскіх акцёраў?


Усё проста: трэба ўважліва глядзець, прынамсі калі на сцэне тэатр Passe-Partout Dan Purіc. Таму што ён працуе праз рухі і жэсты, нездарма ж спектакль, які можна было ўбачыць у Маладзёжным тэатры ў Мінску, мае назву «Не-словы». Адзін паказ прайшоў у сталіцы — але пад крыкі «Брава!» і з абмеркаваннем зацікаўленых спецыялістаў. Ёсць пра што паразважаць: пры тым, што ў нас ёсць асобны фестываль пластычных тэатраў, нельга сказаць, што наш глядач насыціўся вялікай колькасцю спектакляў, створаных у гэтым кірунку.


Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Румыніі ў Беларусі Віярэл Машану, прадстаўляючы калектыў, адзначыў:

— Гэта наш чацвёрты культурны праект, рэалізаваны ў Беларусі, і першы ў галіне тэатра. Прыватная тэатральная кампанія Passe-Partout Dan Purіc з Бухарэста добра вядомая ў Румыніі. Яе стваральнік і рэжысёр Адрыян Нор ужо знаёмы аматарам музыкі — ён прыязджаў у Беларусь і выступаў у складзе гітарнага трыа. Спектакль «Не-словы» — гэта спалучэнне сцэнічнага мастацтва, музыкі і танца.

Без слоў можна выказаць шмат: і гэтае «шмат» расцягваецца больш чым на паўтары гадзіны, якія доўжыцца паказ. Ён складаецца з безлічы асобных эпізодаў, падгледжаных, заўважаных; тых, што немагчыма было абысці і не запомніць: з іх складаецца жыццё. Не нейкага асобнага чалавека — тут няма сюжэту з нейкім героем, дакладным развіццём дзеяння. Як у калейдаскопе мяняюцца эпізоды, за кожным з якіх — думка ці захапленне, трапнае асэнсаванне ці рэмінісцэнцыя. І эмоцыі, якія далучае кожны глядач. А яны часам б'юць у патрэбныя месцы, таксама дакладна, як і словы — таму іх можна прытрымаць пры сабе, раскласці на літары, якія развеяць у паветры. Сэнс складзецца ўсё адно.

Які наш сучаснік, што існуе ў суцэльнай мітусні? Што робіць яго чалавекам, а што — супергероем? Пагадзіцеся, часам нашы сучасныя героі доўга спрачаюцца пра тое, хто будзе ратаваць чалавека ў небяспецы, ажно да таго часу, пакуль гэты чалавек не ўратуе сябе сам. А хто думаў, як выглядае папулярны сёння фастфуд? Ці не значыць гэта «хуткае харчаванне»? А калі так, то такой ежы (няхай пры падачы яна выглядае смачна) лёгка не заўважыць. А ці лёгка заўважыць, калі нараджаецца каханне? Энергія гэтага пачуцця такая моцная, што нават дажджавыя хмары пачынаюць множыцца, каб затрымаць пару пад адным парасонам даўжэй. А ёсць моманты, калі каханне можа не нараджацца: напрыклад калі нехта з пары моцна закаханы ў самога сябе — тут няма чаго рабіць другому. А ці здольныя кахаць прывіды?.. Вельмі тонка, з гумарам пададзеныя гісторыі, якія пасля спектакля ўзнікаюць у памяці (як жа гэта зроблена — з фантазіяй і густам). На сцэне ўсяго чатыры акцёры, але за кожным шмат вобразаў. Пластычнае рашэнне дапамагае звязаць у адным пункце і розныя прасторы: свет рэальных людзей перакрыжоўваецца са светам ценяў (і яшчэ не вядома, які рухае дзею) ці віртуальнай прасторай, у якую паступова сыходзяць героі і нават выканаўцы. Усё адносна. Але калі па-мастацку, з любоўю да гледача, то рассоўваюцца прасторы. Нават межы... становяцца пластычнымі.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Фота Канстанціна ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Красамоўныя жэсты, альбо Як зразумець румынскіх акцёраў?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».