Вы тут

СНД павінна стаць больш ўплывовай структурай


Учора ў Бішкеку адбыўся 25-ы саміт кіраўнікоў дзяржаў — удзельніц СНД. У юбілейным саміце прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.


Пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў праходзіла ў вузкім, а потым у пашыраным складзе. На парадку дня было каля 15 пытанняў. Асаблівая ўвага ў ходзе пасяджэння была звернута на адаптацыю Садружнасці да сучасных рэалій.

Менавіта на гэтым сканцэнтраваў увагу і беларускі лідар у сваім выступленні. «Работу па адаптацыі СНД да сучасных рэалій трэба працягнуць. І яе варта весці менавіта ў інтарэсах дзяржаў-удзельніц, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. — Заканамерным вынікам павінна стаць трансфармацыя Садружнасці ў больш прывабную і ўплывовую на міжнароднай арэне структуру. Мы ўжо цяпер аператыўна і кансалідавана рэагуем на сучасныя міжнародныя выклікі».

Прэзідэнт звярнуў увагу, што цяперашні юбілейны саміт дазваляе краінам азірнуцца на пройдзены шлях і зверыць планы на будучыню. Тым больш што сёння падводзяцца вынікі праведзенай за год работы па мадэрнізацыі Садружнасці. «З задавальненнем падтрымліваю думку аб неабходнасці захавання СНД як міжнароднай арганізацыі з уласцівымі атрыбутамі. Было б па-дурному страціць тое, чаго мы дамагліся за гэты час, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Беларусь першапачаткова зыходзіла з таго, што кадравая аптымізацыя і ўзмацненне жорсткасці фінансавай дысцыпліны — а гэта трэба рабіць абавязкова — не павінны ператвараць Садружнасць у перыферыйную дыскусійную пляцоўку. Мы выступаем за захаванне дзейсных механізмаў выканання міждзяржаўных рашэнняў».

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што да рэформаў СНД падштурхнула немагчымасць вырашаць неабходныя пытанні. «Мы разумеем, што СНД трэба калі не рэфармаваць, то прыводзіць да цяперашніх рэалій — гэта факт. Паглыбляць супрацоўніцтва ў рамках СНД, навязваючы яму больш глыбінныя пытанні, якія мы павінны вырашаць, напэўна, у нас не атрымаецца. Гэта мы павінны прызнаць. Не атрымаецца як па суб'ектыўных прычынах, так і па аб'ектыўных. Час змяніўся, узнік шэраг іншых аб'яднанняў, у тым ліку на постсавецкай прасторы, дзе ўдзельнічаюць большасць з прысутных тут кіраўнікоў нашых краін. Іх гэта задавальняе. Гэта адна з аб'ектыўных прычын», — заўважыў беларускі лідар.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка лічыць, што СНД знайшла сваё месца ў сістэме інтэграцыі на постсавецкай прасторы і стала добрай пляцоўкай у тым ліку для двухбаковых сустрэч. «Мы, усе прысутныя тут кіраўнікі дзяржаў, заўсёды не стамляемся казаць, што СНД знайшла сябе ў гэтым інтэграцыйным працэсе як пляцоўка для нашых зносін, заяў. Я часам параўноўваю гэта з G20, пасяджэнне якой нядаўна прайшло: там таксама, напэўна, нічога канкрэтнага не прымалі, а зрабілі заявы, якія вызначаюць стратэгію развіцця чалавецтва, па меншай меры, нашай планеты ў агляднай будучыні. Прыкладна тое ж самае мы робім у межах СНД, і нават больш — прымаем канкрэтныя рашэнні там, дзе няма рознагалоссяў», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Гаворачы аб дубляванні функцый СНД з функцыямі EAЭС і АДКБ, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што неабходна прызнаць — гэта так. «СНД ужо цяпер трэба прыводзіць да таго, што патрабуе час, але паспешна прымаць меры, якія могуць пацягнуць зніжэнне ўзроўню ўзаемадзеяння з краінамі, якія не з'яўляюцца ўдзельнікамі ЕАЭС і АДКБ, нельга, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Усё-такі ў рамках СНД яны вядуць пэўную работу, і мы маем магчымасць хоць бы камунікаваць з імі».

Падчас выступлення кіраўнік дзяржавы таксама павіншаваў Расію са старшынствам у СНД у 2017 годзе. «Думаю, што нарэшце Расія вызначана і гучна заявіць і адкажа на тыя пытанні, якія сёння стаяць у СНД, — сказаў Прэзідэнт. — Расія — вядучая дзяржава, і пры стварэнні арганізацыі яна выступала як вырашальны фактар, які аб'ядноўвае іншыя краіны. Ад гэтага старшынства будзем чакаць шмат чаго».

Вынікам юбілейнага 25-га саміту СНД стала прыняцце дакумента аб адаптацыі Садружнасці да сучасных рэалій, паведамляе прэс-служба Прэзідэнта. Таксама кіраўнікі дзяржаў зацвердзілі праграму супрацоўніцтва ў барацьбе з тэрарызмам і іншымі гвалтоўнымі праявамі экстрэмізму на 2017—2019 гады, праграму супрацоўніцтва краін арганізацыі ў барацьбе са злачынствамі, што ўчыняюцца з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій на 2016—2020 гады, а таксама шэраг іншых дакументаў.

У прыватнасці, на пасяджэнні ў пашыраным складзе зацверджаны заявы кіраўнікоў дзяржаў — удзельніц СНД, прысвечаных 25-годдзю Садружнасці, 70-годдзю завяршэння работы Нюрнбергскага трыбунала, заяву аб далейшых сумесных намаганнях па супрацьдзеянні міжнароднаму тэрарызму і па сусветнай праблеме наркотыкаў, а таксама заяву па выніках спецыяльнай сесіі Генасамблеі ААН па сусветнай праблеме наркотыкаў, якая адбылася ў красавіку гэтага года ў Нью-Ёрку.

Падпісаны і блок дакументаў па развіцці супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы.

Загаловак у газеце: У сучасных рэаліях

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.