Вы тут

Да міру з сабой


“Усе знаходзяцца ў вайне з усімі як у грамадскім жыцці, так і ў прыватным, і кожны – з самім сабой”. Менавіта гэтая фраза з “Законаў” Платона адлюстроўвае ідэю п’есы “Опіум” Віталія Каралёва. Вайна – гэта не толькі “канфлікт паміж палітычнымі фарміраваннямі”, але і штодзённая барацьба з сабой, са сваімі пачуццямі і марамі, з грамадствам. Чалавек кожны дзень павінен адстойваць права на існаванне, змагацца, каб атрымалася ў час аплаціць кватэру, купіць ежы і праязны. Не кажам ужо пра грошы на навучанне ці лекі. Гэтая бытавая вайна і вымушае некаторых ехаць на вайну сапраўдную – з танкамі і аўтаматамі. Так здарылася і з героем п’есы Колем, які не вытрымаў сацыльнага націску, здрады сяброў і беднасці, што прыйшла ў дом да хворай маці і абітурыента-брата. Не вытрымаў і паехаў з невялічкага Рагачова на Украіну — акопы капаць, бо там добра плацяць.


Спектакль праходзіць у прасторы, якая нагадвае экспазіцыйны ўайт-бокс. Падчас дзеяння нараджаецца думка, што жыццё кожнага з герояў –  пэўны лот, які можна купіць. Справа і злева пляцоўкі знаходзяцца белыя квадраты, падзеленыя на чатыры сегменты, унутры якіх – зямля. Менавіта  архетыпічны вобраз Зямлі-маці выбірае для спектакля рэжысёр Аляксандр Марчанка. З чарназёма героі дастаюць рэчы, хаваюць іх туды, зямля становіцца сімвалам жыцця і смерці, палігонам і адначасова дзіцячай пясочніцай – вельмі парадаксальна.  Ёй кідаюцца, яе рассыпаюць, калі спрачаюцца – жменька зямлі замест патронаў на сямейнай міні-вайне. А маці (Юліана Міхневіч) только і робіць, што падмятае падлогу, з усіх сіл намагаючыся быць скрэпай у сямейных адносінах, быццам не заўважаючы хаос, што пануе навокал. З другога боку, чарназём вельмі кантрастуе са стэрыльнасцю агульнага асяроддзя і сімвалізуе праблемы, якія складана выключыць з сацыяльнага дыскурса, – праблемы вайны, адчаю, галечы.

Калі Коля (Максім Брагінец) другі раз тэлефануе па скайпу брату і маці, ён увесь час азіраецца, нервуецца, працягваючы сцвярджаць, што ўсё добра і яны там шашлыкі смажаць. Але закрадаецца падазрэнне, што, напэўна, не ў акопах Коля.

А ў гэты час у Рагачове, ужо паступіўшы на “бюджэт”, Андрэй (Арцём Курэнь) дорыць сваёй дзяўчыне Тані (Ганна Семяняка) духі “Опіум” Іва Сэна-Ларана за самастойна заробленыя грошы. Для ўсіх герояў гэта прынцыпова важна: праз грашовую незалежнасць яны адстойваюць свае правы на існаванне. Але Таня адмаўляецца ад падарунка: у Мінску ёй зусім не хочацца сустракацца з Андрэем. Ізноў герой адчувае сабе на ніжняй прыступцы сацыяльнай лесвіцы. Але ён не расчароўваецца, ён пагаджаецца на прапанову свайго багаценькага сябра Стаса (Антон Жукаў) адсвяткаваць паступленне татавай бутэлькай віскі.

Падчас сустрэч хлопцы граюць у камп’ютарныя гульні, і матыў новамодных танчыкаў, якія праектуюцца на заднік, становіцца аднім з вядучых. Відэашэраг транслюе дзеянні, якія павінны адбывацца на экране, і ў гэтыя моманты квадраты нагадваюць лакацыйныя клеткі для перамяшчэння персанажаў. Хлопцы ствараюць сабе асаблівы свет, які потым аказваецца зусім блізкім да рэальнасці. Драматург разам з рэжысёрам апасродкавана паказвае пераход ад віртуальнай вайны да рэальнай – тое, што дагэтуль было бачна з экранаў падлеткавых лэптопаў, зараз аказалася на вуліцах. Можа падацца, што “танчыкі” як форма сублімацыі агрэсіі – рэч бяспечная, але гэта не так.  

Ужо пад чаркай двое студэнтаў дыскутуюць на тэму вайны ў суседняй краіне. Размова выглядае смешнай, і ў сваёй падражальнасці дарослым – па-дзіцячаму наіўнай. Але ў кульмінацыйны момант спрэчкі Стас моцна піхае Андрэя і выпадкова забівае – той удараецца галавой аб рог ванны. Хочацца і плакаць, і смяяцца: вось да якіх наступстваў прывяла сфабрыкаваная тэлевізійнымі і газетнымі навінамі, створаная з абарваных кавалкаў ведаў вайна ў маладых, яшчэ зялёных галовах. І драматург, і рэжысёр кажуць пра тое, што жыццё абсурднае (караюцца — нявінныя, каб існаваць — трэба выжываць) і можа скончыцца ў любы момант. Трэба ўмець кіраваць пачуццямі і згаджацца на кампраміс.

П’еса будуецца на парадоксах – на іх жа выбудоўвае сваю канцэпцыю і рэжысёр. Здавалася б, памерці на вайне павінен быў Андрэеў брат, а памірае сам Андрэй — выпадкова, у мірнай краіне.

Адным з хадоў рэкламнай кампаніі спектакля, грошы на які ўпершыню ў Беларусі сабралі на краўдфандынгавай платформе, быў хэштэг “што мяне атручвае”. Для кожнага – атрута свая. Для Колі гэта ўсведамленне немагчымасці грашова дапамагаць сваёй сям’е, працуючы ў невялікім абласным гарадке. Аднак опіум – не толькі атрута, але і лекі. Гэта таксама парадаксальна: тое, што нас атручвае, часам робіць і шчаслівымі.

У фінале маці, вярнуўшыся дадому, прыносіць ліст ад Колі, які ізноў піша, што ўсё добра. Яна чытае гучна, каб Андрэй, напэўна, заняты камп’ютарам, пачуў. Але ён ўжо не пачуе. Акцёр самастойна лажыцца у “земляны квадрат”, і зверху яго накрываюць штучным дзірваном. Сапраўды, здаецца, парасце гэтая зямля і вайна травой, і ніхто нават не будзе памятаць пра такія “маленькія” трагедыі. Так парастае травой не адна магіла тых, хто скончыў сваё жыццё з-за вайны – і  не так важна якім чынам: на полі бою ці вусна адстойваючы сваю пазіцыю, як зрабіў гэта Андрэй. Вайна – спачатку ўнутры, і трэба навучыцца прыходзіць да міру з самім сабой. Тады – атрымаецца з усім светам.

Азнаёміцца з нашумелай п’есай Віталія Каралёва “Опіум” можна на сайце Цэнтра беларускай драматургіі http://dramacenter.org/Content/files/plays/korolev/opium.pdf.

Анастасія Васілевіч

Апублікавана ў часопісе "Маладосць"

Каментары

Смотрел. Офигенный спектакль!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».