Вы тут

МедыяКіт


Парапануем легендарны і новы часопіс для школьнікаў “Бярозка”!

Гісторыя

«Бярозка» штомесячны літаратурна-мастацкі ілюстраваны часопіс і адукацыйна-выхаваўчы інтэрактыўны праект для школьнікаў сярэдняга і старэйшага ўзросту, а таксама настаўнікаў i бацькoў, скіраваны на выхаванне літаратурнага густу, дапамогу ў вучобе і змястоўны адпачынак. 

Папяровая версія выдаецца на беларускай мове ў Мінску са снежня 1924 года.  Да верасня 1929 года меў назву «Беларускі піянер», да красавіка 1941 года — «Іскры Ільіча». У Вялікую Айчынную вайну не выдаваўся. Сучасную назву мае з чэрвеня 1945 года.

Узнагароджаны Ордэнам “Знак Пашаны”.

Са студзеня 2012 года да снежня 2014 года выходзіў пад вокладкай часопіса “Маладосць”.

Са студзеня 2015 года — самастойнае выданне ў новым фармаце.


Праекты

“Што цікавага ў гэтых вашых музеях?” – можаш запытацца ты, дружа, перад чарговай школьнай экскурсіяй. А мы адкажам табе: шмат чаго, калі на такую экскурсію ты пойдзеш разам з “Бярозкай”. Мы распавядзем табе, каго падвозіў на сваім  “шэўрале” Янка Купала, каму падарыў цацку-мядзведзіка Максім Багдановіч, у якіх сукенках выконвала оперныя партыі Ларыса Александроўская… Усё роўна лічыш музеі сумными? Шукай у “Бярозцы” рубрыку “Незапыленае”.

Калі цябе, дружа, больш цікавіць наш час, чым мінулы, то для цябе ў “Бярозцы” створана рубрыка “Рэчаіснасць”. Месца дзеяння — пакоі таленавітых, цікавых сучаснікаў, знакамітых і блізкіх да гэтага. Пра каго ты хочаш даведацца больш, чым можна паведаміць у звычайным інтэрв’ю? А мо сярод тваіх знаёмых ёсць чалавек, пакой якога нагадвае музей? Далучайся, прапаноўвай! А раптам экскурсаводам у наступным нумары станеш ты?!

Як у цябе справы з беллітам? Пакутуеш ад таго, што ніяк не можаш прачытаць зададзены твор? Ці ад таго, што лепшы сябар не здольны абмяркоўваць з табой унутраны свет герояў? У любым выпадку рубрыка “Бел.літ.” будзе табе карыснай! Поўны, дасканалы, а галоўнае — нестандартны разбор, здавалася б, нецікавых праграмных твораў, дапаможа табе яскрава ўбачыць сюжэты, звярнуць увагу на дэталі і стаць сапраўдным профі ў сачыненнях па літаратуры!

Калі ты, дарагі дружа, засынаеш з марамі аб журфаку і актыўных буднях у рэдакцыі якога-небудзь выдання, а прачынаешся з новым артыкулам, то рубрыка “Школа журналістыкі” – дакладна для цябе! Хочаш задаць некалькі пытанняў дырэктару школы, заўважыў нешта цікавае на звычайным уроку і напісаў рэпартаж? Пазнаёміўся з цікавым чалавекам і хочаш усім пра яго распавесці? Пішы і дасылай напісанае нам!

Табе цікава, што абмяркоўваюць настаўнікі, калі думаюць, што іх не чуюць? Сакрэтныя агенты (вучні і нават – толькі нікому не кажы – настаўнікі) па ўсіх школах працуюць дзеля цябе і здабываюць самую цікавую інфармацыю з самых розных настаўніцкіх. Хочаш стаць нашым агентам-карэспандэнтам? Пішы для рубрыкі “Настаўніцкая на праслушцы”.

Уяві сабе, пасля таго, як супрацоўнікі часопіса пакідаюць працоўныя месцы, сваю рэдактарскую змену пачынае самы сапраўдны… прывід. Піша ён так класна, што мы ўзялі яго ў штат і нават адвялі яму цэлую старонку! Ён дапаможа табе пазбавіцца ад сваіх страхаў і разгадаць сны. А ўвогуле, ён распавядае розныя містычныя гісторыі для самых смелых чытачоў. Ага-а-а! Зацікавіўся, дружа?! Шукай 13-ю старонку!

Пільна сочыш за біяграфіямі маладых і паспяховых? Марыш з часам сам з’яўляцца на вокладках часопісаў і даваць інтэрв’ю газетам як заваёўнік якой-небудзь вяршыні? Сваімі сакрэтамі поспеху дзеляцца лепшыя з сучаснікаў – артысты, журналісты, маладыя навукоўцы, пісьменнікі і паэты. Чытай, запамінай, карыстайся! Хто ведае, мо героем рубрыкі “Гісторыя поспеху” ў хуткім часе станеш і ты?

Калі ты ўжо вырашыў, што будзеш пісьменнікам, зазірні на старонку “Практыкум”. Тут самыя таленавітыя і дасведчаныя пісьменнікі і журналісты дадуць табе парады, як накіраваць свой літаратурны талент у правільнае рэчышча.

Што рабіць на перапынку, калі батарэя ў тэлефоне “села”, а ўсе навіны ўжо абмеркаваны? Лепшыя гульні і забаўкі, для якіх не патрэбны ніякія гаджэты, – у рубрыцы “Перапынак”. А як ты бавіш час? Дасылай апісанне сваіх любімых гульняў — і атрымаеш прыз ад рэдакцыі!

Стасункі з сабою, блізкімі, навакольным светам – справа складаная, асабліва ў тваім узросце, ці не так? Бацькі, сябры, аднакласнікі, настаўнікі… Часам проста немагчыма зразумець, як з усімі імі стасавацца. Псіхолагі, размова з якімі чакае цябе ў рубрыцы “Псі-факторыя”, абавязкова дапамогуць разабрацца! А распавесці пра свае праблемы больш падрабязна, або, наадварот, даць параду ты можаш на старонках рубрыкі “Сітуацыя-плюс”.

“Гатавальня” вучыць гатаваць. Весела, смачна і тое, што гатавалі або елі героі мастацкіх твораў. “А вось пампушкі з часнаком”, — частуе пан Дубатоўк Андрэя Беларэцкага ў “Дзікім паляванні караля Стаха”. “Хіба зацірку з салам зварыць?” — кумекае Аўдоцця ў “Хаме” Элізы Ажэшкі. А як пан падлоўчы з коласаўскай “На ростанях” любіць літоўскія калдуны, памятаеце? “І гэтых калдуноў, як запэўняў пан падлоўчы, ён з’еў аднойчы сто сорак штук”. Кулінарная рубрыка з літаратурным падтэкстам? З рэцэптам пад тэкстам!

У кожным нумары — “Літаратурныя старонкі”: паэзія і проза вядомых беларускіх пісьменнікаў, прызначаная спецыяльна для падлеткаў. Канечне, гэта новыя творы, якія нідзе дагэтуль не друкаваліся. Магчыма, менавіта ты, дружа, самы першы чытач гэтых твораў.

У рубрыцы “Верасок” змяшчаюцца першыя паэтычныя і празаічныя “спробы пяра” школьнікаў. Магчыма, не ўсё тут дасканала, але не гэта галоўнае. Галоўнае, што ёсць пляцоўка, дзе юныя паэты могуць упершыню гучна заявіць аб сабе. І хто ведае, магчыма праз N гадоў той ці іншы знакаміты паэт з гонарам адзначыць: “Мой творчы шлях пачаўся з “Бярозкі”. У рубрыцы “Верасок: проза” змяшчаюцца празаічныя замалёўкі вучняў, а ў спецыяльных рубрыках “Верасок: заяўка на Парнас” і “Верасок: казкі школьнага ранца” наш часопіс друкуе нават самыя сапраўдныя апавяданні і казкі юных аўтараў.

“Смешная старонка прапануе анекдоцікі, пытанні для знаходлівых і гумарыстычныя замалёўкі.


 

Спецыяльныя праекты

Стварыць кнігу!

Са студзеня 2016-га “Бярозка” пачынае друкаваць аповесць-канструктар. Сабраўшы часткі, можна самастойна “выдаць” кнігу вядомага аўтара з яго новай аповесцю значна раней, чым гэта зробіць выдавецтва.

Сачы за рэкламай!

 

Авучыцца маляваць!

Сумесна з мастацкімі школамі краіны!

Вучым прафесійна маляваць.

Урокі на старонках “Бярозкі” пры падтрымцы самых аўтарытэтных прафесіяналаў

Конкурсны фармат.

Хутка!

 

КінаШкола

Сумесна з filmschool.by.

У выпусках “Бярозкі” са спецыяльнымі сцікерамі.

Лепшыя заданні, выкананыя ў групе “Вконтакте”: Бярозка/КінаШкола, разыгрываюцца ў конкурсе на бясплатнае навучанне ў сапраўднай кінашколе! Кіно ў Беларусі выходзіць на новы віток! І яно мае ў табе патрэбу! Будзь актыўным! Дзяліся сваімі напрацоўкамі! Удачы табе!

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».