Вы тут

Дзень як песня


У музеі архітэктуры і побыту, у вёсцы Азярцо, на фестывалі «Камяніца» беларусы сарвалі галасы і адбілі ад танцаў ногі. Гэта быў дзень пагружэння ў айчынную культуру. Дзень, калі дарослыя, адкінуўшы комплексы, маглі скакаць карагодам пад гукі дуды і бас-гітары адначасова. Дзень, калі ты махнуў на ўсё рукой і на апошнія грошы ў гаманцы панабываў хэнд-мэйд-упрыгожванняў. Гэты дзень стаў для беларусаў песняй, а песня для беларусаў стала днём.


Атмасфера «Камяніцы» пачынае адчувацца ўжо на ранішніх зборах на фестываль. Раз на год можна сабе ўжо дазволіць не толькі апрануць вышыванкі, але і паначапляць розных этна-аксесуараў. І пры ўсім пры гэтым адчуваеш бязмежную радасць не столькі ад сябе прыўкраснай, колькі ад таго, што сёння такая незвычайная будзеш далёка не адна.

«Свае» пазнаюцца лёгка. Прынамсі, на прыпынку, адкуль курсіруюць фестывальныя аўтобусы, «камянічныя» бачныя здалёк: моладзь і не зусім моладзь у андараках і вышыванках, з панкаўскімі прычоскамі і хіпстарскімі завушніцамі. Як і заўжды, «Камяніца» любіць аб’ядноўваць людзей абсалютна розных густаў і светапоглядаў.

Калі я ехала на фестываль, то на некалькі хвілін уключыла злобнага троля: «Чым жа можа здзівіць сёлета “Камяніца” чалавека, які пастаянна варыцца ў гэтай сферы ўжо не адзін год?» Але гэтае адчуванне знікла адразу ж, як толькі ступіла на тэрыторыю комплексу. Колькі б ты не варыўся ў гэтым, «Камяніца» дае мажлівасць прынамсі адзін дзень пабываць у этна-Беларусі.

«Камяніца» — гэта добрая нагода пагрузіцца ў сучасны фолк як для навічкоў, так і для тых, хто нейкім чынам датыкаецца да этнаграфіі ў паўсядзённым жыцці. Навічкі могуць літаральна мацаць вачыма ўсё: вопратку гледачоў і выступоўцаў, народныя танцы і забавы, кавалкі сена, што пралятаюць аднекуль, стрэхі хат у комплексе — і лавіць вушамі гукі: і традыцыйнай дуды, і народных спеваў, і шалёных рытмаў фолк-металу. Для «профі» ў гэтай справе «Камяніца» — добрая магчымасць асэнсаваць, што ўяўляе сабой беларускі фолк сёння.

Сама атмасфера фестывалю адкрывае нейкія патаемныя куточкі ўласнай душы. Я нібыта ўзгадваю, што песня — гэта не толькі неад’емная частка жыцця продкаў, але і майго жыцця таксама, калі зранку напяваю знаёмую мелодыю, робячы сабе каву, ці калі спяваю нешта падчас працы. На «Камяніцы» спаяваюць паўсюль: на вялікай і малой сцэне, рэканструюючы абрад традыцыйнага вяселля… Нават у кавярні пад адкрытым небам, дзе людзі гуртаваліся за кубкам квасу, можна было пачуць знакамітага «Каваля».

Але ці з’яўляецца фолк толькі рэгулятарам уласнай гарманічнасці? Што такое фолк сёння? І ад чаго залежыць яго развіццё? Каардынатар фестывалю Сяргей Чагрынец выказаўся наступным чынам:

— Развіццё такога напрамку, як фолк, у Беларусі залежыць ад зробленага музыкамі прадукту, а не проста ад нейкіх прыватных намаганняў. Пяць гадоў таму падчас выступу нейкага гурта на «Камяніцы» наша знакамітая спявачка Руся стаяла з нататнікам, канспектаваўшы нешта, і толькі ўсклікала: «Я не думала, што фолк можа быць такім!». Натуральна, для яго развіцця мы хочам пашырыць фэст — праводзіць яго ў рэгіёнах Беларусі. Але варта ўсвядоміць, што на сёння фолк у Беларусі — гэта не столькі звяртанне да каранёў, колькі інтэрпрэтацыя ўласных пачуццяў.

І калі я падышла да галоўнай сцэны, з якой выступалі як айчынныя, так і замежныя фолк-гурты, зразумела, што, сапраўды, сучасны фолк — гэта нашыя адчуванні і адлюстраванне ўласнага светапогляду. Іван Кірчук перадае гэыя адчуванні праз непаўторныя гукі інструментаў, гульні з гукамі і своеасаблівай манерай выканання. Украінскі гурт «ТаРута» вывеў людзей на танцы. А вядома, што беларусам пайсці ў пляс фактычна адразу досыць складана. Украінцы паказалі, як яны адчуваюць прыналежнасць да сваёй культуры. Кожная новая песня была непадобнай да папярэдняй.

Выканаўцы адрозніваліся нават у стылі вопраткі. Ключавыя словы, якімі можна акрэсліць іх творчасць: «яны гэта так адчуваюць». І, магчыма, камусьці з беларусаў гэтыя адчуванні былі блізкія. Упершыню на «Камяніцу» прыехала і расійская спявачка Іна Жаланная. Яе творчасць не ўпісваецца ў межы нейкіх жанравых азначэнняў. У яе музыцы спалучаюцца элементы року, джаза, трансу, электронікі і псіхадэлікі. Але ў аснове — рускі фальклор. Расійскі гурт «Оле Лукое» прадэманстраваў сваё бачанне фальклору — у паганскім і трансавым свеце. Такая інтэрпрэтацыя таксама блізкая некаторым беларусам.

Алег Хаменка, вядучы фэсту, прадставіў ужо дастаткова папулярны беларускі гурт «Re1ikt» наступным чынам: «Гэта гурт, які стварае ў Беларусі новы фолк». Словы лідара гурта «Палац» яшчэ раз пацвярджаюць той факт, што фолк не закансерваваны ў нейкім слоіку пад выглядам чыста аўтэнтычных спеваў, якія не спалучаюцца з сучасным жыццём. Фолк — гэта адлюстраванне пачуццяў выканаўцаў, якіх хвалюе і пытанне: «А што адчувалі мае продкі?».

Зрэшты, натуральна, што ў беларускім фолку сваё месца займаюць і этнаграфічныя гурты. На фестывалі выступаў і «Ветах», «Рада», і «Варган», і «Мярэжа», якія даюць нам зразумець, а як было «тады».

На працягу фэсту я задавала сабе пытанне: «А ці ёсць гэта ўсё сапраўднае?» І атрымала адказ «так». Бо такі сапраўды вялікі для Беларусі фолк-фэст — гэта праца выступоўцаў, этнографаў, танцораў, музыкаў, гандляроў… Гэта праца тых, хто займаецца гэтым штодзённа.

Але, на мой погляд, усё ж такі адна ніша беларускага фолку на сёлятняй «Камяніцы» засталася не занятай — духоўны беларускі спеў. На «Камяніцы» ён вельмі б арганічна спалучыўся, улічваючы, што на тэрыторыі комплексу ёсць некалькі рэканструяваных цэркваў, унутры якіх зроблены музей. Вядома, што большасць народных спеваў прасякнута пабожнасцю. Таму духоўнасць і фолк — сінонімы ў такой жа раўназначнай ступені, як і сінанімічныя фолк і паганства. Тым больш прыгожая рэканструяваная ўніяцкая царква ў Строчыцах выглядае крыху памерлай унутры. Думаю, там сапраўды не хапае музычных калектываў, якія б змаглі раскрыць прыгажосць і гэтай значнай часткі беларускасці.

І, канечне, плюсік такіх мерапрыемстваў хаваецца ў тыповых пажаданнях: «хай моладзь культурна адпачывае, чым па пад’ездах ходзіць!». Пра гэта я б і не ўзгадала, калі б не дзве жанчыны, якія ішлі акурат за мной да выхаду: «Вось бачыш, а ў нас у маладосці на такіх мерапрыемствах моладзь толькі брала келіхі ў рукі — і ў кусты. А зараз, бачыш, моладзь нават у народных строях ходзіць!».

Па дарозе дадому я пазнаёмілася з маладой парай крышнаітаў (на пачатку я ж казала, што «Камяніца» аб’ядноўвае ўсіх). Пацікавілася ў іх: «Што больш за ўсё спадабалася на фэсце?» Дзяўчына з запаленымі вачыма сказала: «Дрэвы. Нам падабалася слухаць музыку ў лесе. Праз дрэвы гук ад спеваў быў проста неверагодны!». Хтосьці можа сказаць, што такі адказ толькі пацвярджае разнастайную публіку гэтага фестывалю. Але для мяне гэта чарговы доказ таго, што нам трэба ўсім сапраўды вучыцца перабудоўваць мысленне і ўспрымаць фолк па-іншаму — як сродак адлюстравання светапаголяду і як элемент у кагосьці вялікага, а ў кагосьці — маленькага кавалачка душы, без якога так часта не атрымліваецца суіснаваць у гармоніі. А для таго, каб фолк у нашай краіне развіваўся, варта наўпрост не баяцца злучаць свае інтэрпрэтаваныя ў музыку эмоцыі з дзесьці пачутымі народнымі матывамі. І не трэба забываць, што любы музычны напрамак не можа жыць асобна ад людзей. Музыку трэба несці ў масы. Таму будзем чакаць новых фолк-фестываляў, якія б нагадвалі беларусам пра тое, што фолк жывы, і запальвалі б саміх выступоўцаў на яго стварэнне.

Вікторыя ЧАПЛЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.