Вы тут

Што робіцца для захавання прыроды ў Маладзечанскім раёне?


«Спяваюць птушкі, не баіцца звер, // Як бы не чулі выстралаў спрадвеку. // Забыўшыся пра страх і недавер, // Прырода давярае чалавеку»... Гэтыя словы выбіты на пастаменце скульптуры «Дрэва жыцця», што з'явілася ў Маладзечне ў 2012 годзе, акурат да Х Рэспубліканскага экалагічнага форуму, які прымаў наш горад. Але ўнутраны сэнс памятнага знака, мне падаецца, больш глыбокі, чым спасылка на паводзіны жывых істот. Ён нібы падштурхоўвае нас беражліва і з любоўю ставіцца да ўсяго, што акружае чалавека на гэтым свеце. Ад кволай былінкі і маленькага мураша да зямлі, вады, паветра... Бо ад іх стану залежыць, урэшце, існаванне самога чалавека.


Маладзечанскі раён вызначаецца ў краіне і колькасцю насельніцтва, і вытворчым патэнцыялам. А значыць, і антрапагеннай нагрузкай на навакольнае асяроддзе. У райцэнтры нямала прадпрыемстваў прамысловасці, вытворчасці будматэрыялаў і перапрацоўчай галіны, якія здольны аказаць негатыўны ўплыў на экалогію рэгіёна. Ёсць такія і ў сельскай мясцовасці — у Радашковічах, Беразінскім, Чысці. Да такіх можна аднесці таксама жывёлагадоўчыя фермы, звалкі смецця. І, вядома ж, нельга не браць пад увагу грамадскі і асабісты аўтатранспарт. Легкавыя аўтамабілі, многія з якіх далёка «не першай свежасці», літаральна запаланілі вуліцы і двары. Нядаўна давялося назіраць, як пасля дажджу каламутныя ручаіны па ўсёй іх шырыні былі зацягнуты рознакаляровай плёнкай: масла, салярка, бензін, пралітыя на зямлю, сплывалі ва Ушу, а з яе — у Вілію...

Пра тое, як вялікаму прамысловаму гораду і яго наваколлю зберагчы прыроду і зрабіць уплыў на яе мінімальным, мы разважалі з начальнікам Маладзечанскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіславам ЧАРНОВЫМ.

— Пачну з банальнага сцвярджэння: нам ёсць чым ганарыцца і што берагчы, — перакананы Уладзіслаў Віктаравіч. — На тэрыторыі Маладзечанскага раёна размешчаны тры заказнікі і дванаццаць помнікаў прыроды мясцовага значэння. Назапашаны пэўны вопыт рацыянальнага прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя. Вядзецца канкрэтная практычная работа па рэалізацыі прыродаахоўных мерапрыемстваў. Як вынік, аб'ём шкодных выкідаў, якія забруджваюць паветра, глебу і ваду, пастаянна змяншаецца. Больш увагі рэсурсазберажэнню пачалі надаваць прамысловыя прадпрыемствы.

Асаблівым гонарам, працягвае далей У.В. Чарноў, можна лічыць пуск на жывёлагадоўчай ферме «Мароські» філіяла «Аграфірма «Лебедзева» біягазавай устаноўкі.

— Гэта першая падобная ўстаноўка «зялёнай энергетыкі» ў нашым раёне. Яна пабудавана пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. Будаўніцтва ўстаноўкі пачалося ў 2012 годзе, а недзе праз год першыя кілаваты электрычнай энергіі паступілі на вытворчыя аб'екты аграфірмы і ў энергасістэму раёна. Адходамі «паліва», у якасці якога ўжываюцца брага, гной і гноевая жыжка, стаў перагной — каштоўны арганічны субстрат.

Разглядаецца магчымасць стварэння ў раёне вёскі Клочкава парку ветракоў. Дарэчы, у Маладзечанскім раёне ёсць іншыя мясціны, прыдатныя для іх устаноўкі.

— Уладзіслаў Віктаравіч, якія экалагічныя задачы з'яўляюцца самымі важнымі для Маладзечанскага раёна?

— Найперш паасобны збор смецця, больш эфектыўнае выкарыстанне другасных рэсурсаў, будаўніцтва завода па перапрацоўцы смецця ў райцэнтры. І калі на ўзвядзенне такога завода спатрэбяцца значныя сродкі, то вырашэнне дзвюх першых залежыць ад свядомасці грамадзян, ад разумення простай ісціны: на нашым пакаленні жыццё не заканчваецца. Прыроду параніць вельмі лёгка, а вось вылечыць — патрэбны гады і гады. Але, на жаль, да такой пазіцыі многім яшчэ трэба дарасці.

А пакуль пытанне будаўніцтва спецыялізаванага завода застаецца адкрытым, мясцовым эколагам даводзіцца трымаць пад пільнай увагай месцы захавання бытавых і прамысловых адходаў. У раёне функцыянуе 4 палігоны цвёрдых бытавых адходаў — гарадскі, у пасёлку Радашковічы, ля вёсак Малашкі і Барок. Усе яны агароджаны, рэгулярна правяраюцца нашымі работнікамі і спецыялістамі санітарна-эпідэміялагічнай службы. Да параўнання, яшчэ пяць гадоў таму на Маладзечаншчыне налічвалася 69 узаконеных звалак. Можна толькі ўявіць, як утрымлівалася такая колькасць, без перабольшвання, сметніц.

Па словах Уладзіслава Чарнова, асаблівы галаўны боль у эколагаў выклікаюць дзеянні несумленных дачнікаў.

— На тэрыторыі Маладзечанскага раёна размяшчаецца каля 200 садовых таварыстваў. Гэта вельмі многа. Асаблівая нагрузка прыпадае на ўсходнюю частку раёна — наваколлі Радашковічаў, Аляхновічаў, Краснага, Вязынкі... Многія таварыствы ствараліся некалькі дзесяцігоддзяў таму, калі само паняцце экалогія навакольнага асяроддзя ўжывалася хіба толькі ў асяродку навукоўцаў, работнікаў прыродаахоўных службаў. Тагачасныя дачныя кааператывы забудоўваліся без пляцовак для ўстаноўкі кантэйнераў па збору адходаў — смецце зносілася прама за агароджу. Менавіта наўкол такіх таварыстваў большая колькасць стыхійных звалак, забруджванню падвяргаюцца лясныя масівы, узбочыны дарог. Наколькі магчыма, мы стараемся спыняць бяздумныя дзеянні: праводзім растлумачальную работу, калі ловім парушальнікаў, што называецца, за руку, то караем рублём. Дарэчы, сума штрафу, які можа быць накладзены на службовую і фізічную асобу за парушэнні ў абыходжанні з адходамі, вагаецца ад 5 да 50 базавых велічынь. На юрыдычную асобу і таго болей — да 1000 базавых велічынь.

— У нашым горадзе нямала прадпрыемстваў, якія, у прынцыпе, тояць у сабе экалагічную небяспеку. Што робіцца, каб прадухіліць нават гіпатэтычнае надзвычайнае здарэнне экалагічнага характару?

— Лабараторыяй аналітычнага кантролю штоквартальна правяраюцца скіды сцёкавых вод і стацыянарныя крыніцы выкідаў забруджвальных рэчаў у атмасферу.

На шэрагу прамысловых прадпрыемстваў — РУП «Маладзечанскі завод металічных канструкцый», ААТ «Белхол», на большасці аўтамабільных мыек прымяняецца сістэма абаротнага водазабеспячэння. Яе дзейнасць дазваляе не толькі павысіць экалагічную бяспеку, але і зніжае выдаткі на выпуск адзінкі прадукцыі.

Не абмінуў Уладзімір Чарноў і тэму далейшага развіцця горада ў святле экалагічных праблем. Па ініцыятыве інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя распрацавана тэрытарыяльная схема горада з указаннем межаў забруджвання і пералікам небяспечных рэчываў, якія прысутнічаюць у глебе і ў паветры. Любы гараджанін цяпер мае магчымасць пазнаёміцца з гэтай інфармацыяй. Таксама яна дае падставы да роздуму і тым, ад каго залежыць прыняцце рашэння аб забудове таго альбо іншага ўчастка.

Аляксандр ЛАЗОЎСКІ

Фота Аляксея ПЛАТКО

Загаловак у газеце: Экалогія вялікага горада

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.