Вы тут

Сакрэты даўгалецця даваеннай супрацоўніцы «Звязды» Вольгі Лягчылавай


Журналісцкая праца ўвесь час зводзіць з новымі людзьмі. З некаторымі развітваешся адразу пасля таго, як публікацыя выйшла ў друк. Іншыя ж (і іх, на жаль, не шмат) застаюцца для цябе больш чым героямі...


Кузь­ма Ва­сі­ле­віч і Воль­га Паў­лаў­на Ляг­чы­ла­вы  (чэр­вень 2016 го­да).

Аднымі з іх для мяне сталі Кузьма Васілевіч і Вольга Паўлаўна Лягчылавы. Неаднойчы даводзілася пісаць пра гэтую ўнікальную шлюбную пару, якая разам ужо больш як 70 (!) гадоў, пра іх славутага сына. Сёння — іншая нагода. Вольга Паўлаўна, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, святкуе сваё 95-годдзе. Не толькі дата, а і дзіўны лёс гэтай не па гадах прыгожай і разумнай жанчыны вымушае сказаць колькі слоў.

Тым больш што ў свой час — яшчэ да вайны — Вольга Паўлаўна працавала ў аддзеле пісьмаў «Звязды». У галоўную партыйную газету яе прывёў брат. Аляксандр Русановіч, якога потым назавуць беларускім Марэсьевым і чыё імя прысвояць адной з мінскіх вуліц, працаваў у «Звяздзе» і тэхнічным сакратаром, і літаратурным супрацоўнікам аддзела культуры. Вольга Лягчылава ў галоўнай партыйнай газеце затрымалася ненадоўга. Аднойчы, выступаючы на камсамольскім актыве, дзяўчына звярнула на сябе ўвагу сакратара ЦК камсамола. З таго часу юная актывістка ў апараце ЦК КПБ — сакратар ваеннага аддзела.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Вольга Паўлаўна была ў бацькоў. Нягледзячы на выхадны дзень, збіралася ў Мінск — на ўрачыстае адкрыццё Камсамольскага возера. Вядома, ніякага свята не атрымалася: пачалася эвакуацыя горада. Пад стрэлы і выбухі яна разам з калегамі вывозіла партыйныя дакументы ў Куйбышаў. Там і засталася: уладкавалася на авіязавод, начальнікам аддзела ўліку лётнай выпрабавальнай станцыі.

— Калі пачаў фарміравацца партызанскі рух, патрэбны былі «свае» людзі, якіх збіралі па ўсёй краіне, — расказвае Вольга Паўлаўна. — У Маскву, дзе размяшчаўся штаб партызанскага руху, да першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі Панцеляймона Панамарэнкі выклікалі і мяне. Было вырашана, што разам з іншымі адпраўляюць у тыл ворага. Для гэтага патрэбна было адвучыцца ў спецыяльнай школе. Ужо і ў Куйбышаў з'ездзіла, а ў школу пакуль не звалі. Пачала пытацца: калі мяне ўжо накіруюць на вучобу? Зноў сюды прыехала, а мне і кажуць, што тут таксама фронт і я застаюся ў Маскве — загады не абмяркоўваюцца.

Так Вольга Лягчылава (тады яшчэ Русановіч) стала працаваць у ваенным аддзеле ЦК. Выконвала розныя даручэнні штаба партызанскага руху. І дакументацыяй займалася, і ахоўвала склады з партызанскім абмундзіраваннем і прадуктамі харчавання, і дзяжурыла на пэўных аб'ектах, дапамагала параненым... І ўсё гэта — у 20 гадоў! У роднае Дворышча, што пад Мінскам, яна прыехала 20 ліпеня 1944 года. Нягледзячы на тое, што сталіцу вызвалілі, у гэты дзень немцы апошні раз бамбілі горад.

Са сваім мужам, Кузьмой Лягчылавым, сустрэлася ў 1945-м. Калі яны пажаніліся, у яго да любай жонкі была адна просьба — нарадзіць трох сыноў. Гэта быццам падслухаў нехта. Хлопчыкаў назавуць імёнамі палеглых на франтах Вялікай Айчыннай братоў Кузьмы Лягчылава: Аляксандрам, Уладзімірам і Сяргеем. Як смяецца Вольга Паўлаўна, яна сумленна выконвала пяцігодку — нараджала па сыну раз на пяць гадоў.

У такі святочны дзень калектыў Выдавецкага дома «Звязда» зычыць Вользе Паўлаўне выканаць яшчэ не адну жыццёвую пяцігодку. Моцнага здароўя і дабрабыту!

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Жыццёвыя пяцігодкі Вольгі Лягчылавай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».