Добры дзень, шаноўныя стваральнікі спецвыпуску «Карані і кроны»! У нашым г. Чавусы Магілёўскай вобл. ёсць прыгожы парк, дзе ў спякоту ў цені ліп, бяроз і клёнаў любяць бавіць час маладыя мамы са сваімі немаўляткамі, пенсіянеры, іншыя жыхары горада. Пры ўваходзе ў парк устаноўлена шыльда, з якой можна даведацца, што ён з'яўляецца помнікам прыроды мясцовага значэння, знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Гэта значыць, як я разумею, што кантроль ускладзены на раённы камітэт па ахове навакольнага асяроддзя. За парадак у парку адказвае мясцовы камунгас. Хутка наступіць лістапад, і, як заўсёды, работнікі камунгаса пачнуць зграбаць апалую лістоту, ды так старанна, што пад дрэвамі застаецца голая зямля. Я неяк звяртаўся ў раённы камітэт па ахове навакольнага асяроддзя з прапановай пакідаць лісце пад дрэвамі, прыбіраць толькі пешаходныя дарожкі, нейкія іншыя мясціны. Зыходзіў з таго, што будзе эканомія матэрыяльных сродкаў, а галоўнае, апалае лісце — гэта арганічныя ўгнаенні для дрэў, месца для зімоўкі ўсякіх казурак. Разумення не знайшоў. Прашу спецыялістаў Мінпрыроды выказаць свае парады і думкі на гэты конт. І яшчэ. Быццам у Мінску ў парках, скверах лісце пакідаюць пад дрэвамі. Ці так гэта?
З павагай В. Гаўрыш.
Пракаментаваць гэты ліст мы папрасілі кіраўніка аддзела зямель і ландшафтаў упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Таццяну Трафімовіч:
— Сапраўды, рашэннем Чавускага раённага выканаўчага камітэта ад 22.02.2006 г. №4-26 батанічны помнік прыроды мясцовага значэння «парк» перададзены пад ахову Жылкамгаса.
Згодна з ахоўнымі дакументамі помніка прыроды, на яго тэрыторыі не забараняецца прыбіранне лісця. У адпаведнасці з ахоўным абавязацельствам помніка прыроды Жылкамгас павінен утрымліваць тэрыторыю ў належным санітарным стане.
Між тым прапанова В. Гаўрыша па частковай прыборцы лісця на тэрыторыі помніка прыроды абгрунтаваная. Лісце, якое ападае ўвосень з дрэў, у працэсе гніення ўтварае падсцілку, якая выконвае шматлікія экалагічныя функцыі, у тым ліку з'яўляецца асяроддзем існавання шматлікіх арганізмаў. З іншага боку, парк з'яўляецца антрапагенна змененай тэрыторыяй, прызначанай для адпачынку насельніцтва. Выдаленне штогадовага ападу лісця, у якім збіраецца разнастайнае смецце, ва ўмовах горада неабходна ў мэтах захавання жыццяздольнасці насаджэння, газона, а таксама выканання санітарна-гігіенічных патрабаванняў. Такім чынам, да прыбірання лісця на тэрыторыях гарадскіх паркаў патрэбен дыферэнцаваны падыход.
Станоўчы досвед па рэгуляванні гэтага пытання маецца ў горадзе Мінску. Згодна з Правіламі добраўпарадкавання і ўтрымання горада Мінска, зацверджанымі рашэннем Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, для прывядзення гарадскіх аб'ектаў у належны стан прыборка лісця ў парках, лесапарках і садах ажыццяўляецца толькі ўздоўж пешаходных сцежак і пляцовак шырынёй 5 метраў.
На падставе ліста В. Гаўрыша Мінпрыроды накіравала ў адрас Чавускага раённага выканаўчага камітэта прапанову разгледзець пытанне па вызначэнні дыферэнцаванага падыходу да прыбірання лісця на тэрыторыі помніка прыроды.
Фота БЕЛТА
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!