Вы тут

Вырошчваць вінаград і назіраць з космасу за пасевамі


Спецыялісты расказалі, як розныя галіны эканомікі краіны, развіваючыся, адаптуюцца да змянення клімату.

Па словах начальніка Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Марыі ГЕРМЯНЧУК, у нашай краіне 41,2% ВУП фарміруецца за кошт галін эканомікі, якія залежаць ад надвор'я: сельскай і лясной гаспадаркі, транспарту, ЖКГ. Адкрытая да неспрыяльных наступстваў змены клімату, беларуская эканоміка ў той жа час здольная выкарыстаць і пазітыўныя вынікі гэтага працэсу.


Значнай падзеяй за апошні час сталі змены ў агракліматычным занаванні нашай краіны. Так, калі раней першая, паўночная, агракліматычная зона займала каля 40% тэрыторыі Беларусі, то цяпер гэта ўсяго 10—12%. Практычна ў тым жа маштабе засталіся другая і трэцяя зоны. Але з поўдня «прыйшла» новая, чацвёртая агракліматычная зона, дзе сярэднегадавыя сумы тэмператур, вышэйшыя за 10°С, перавысілі значэнне 2600°С. Сёння яна ахоплівае паўднёвыя раёны Брэсцкай і Гомельскай абласцей і мае кліматычныя ўмовы, параўнальныя з поўначчу Украіны.

— Але не трэба пры гэтым разлічваць, што сельская гаспадарка тут будзе развівацца, як у нашай паўднёвай суседкі, — адзначыла Марыя Гермянчук. — У нас засталіся тыя ж глебы (гэта тэрыторыя Палескай нізіны) і структура землекарыстання (лясы і поймы рэк).

Разам з тым спецыялісты з розных галін эканомікі сёння спрабуюць як мага лепш выкарыстаць новыя кліматычныя ўмовы: гэтыя тэрыторыі атрымліваюць больш высокае цеплазабеспячэнне, тут зменшыўся перыяд веснавых замаразкаў і павялічыўся вегетацыйны перыяд.

— Ужо цяпер на тэрыторыі Гомельскай вобласці фарміруюцца спецыялізаваныя гаспадаркі, якія ў стане забяспечыць краіну ўласным насеннем кукурузы, ствараюцца прамысловыя плантацыі вінаграду, вядзецца работа па пашырэнні плошчаў бахчавых культур, — расказала начальнік Гідрамету.

Сярод негатыўных наступстваў змены клімату спецыялісты адзначаюць узмацненне экстрэмальнасці пагодных з'яў: моцных кароткіх ліўняў, хваль цяпла, моцнай спёкі ці холаду, засухі, а таксама павышэння пажаранебяспечнасці. Для сельскай гаспадаркі новыя кліматычныя ўмовы патрабуюць выдаткаў для ўнясення дадатковых угнаенняў, падбору новага насеннага матэрыялу, выкарыстання новых сартоў культур і інш.

Каб своечасова выявіць і па магчымасці супрацьстаяць засухам, Гідрамет сумесна з Акадэміяй навук Беларусі распрацавалі і зараз праводзяць доследную эксплуатацыю новага комплексу для назірання за станам пасеваў збожжавых культур з выкарыстаннем касмічных здымкаў. А пастаянны кантроль з боку гідраметэаролагаў і сумесная работа з МНС і Мінлясгасам дазваляюць адсочваць сітуацыю з пажаранебяспекай і прадухіляць магчымыя ўзгаранні ў лясных масівах.

Па словах каардынатара міжнародных праектаў БелНДЦ «Экалогія» Івана Наркевіча, сусветная супольнасць надае шмат увагі зніжэнню выкідаў парніковых газаў — дыяксіду вугляроду, метану, аксіду азоту. Сёння галоўнымі крыніцамі гэтых выкідаў з'яўляюцца энергетыка, сельская гаспадарка, прамысловае будаўніцтва, цэментная прамысловасць, а таксама палігоны бытавых адходаў, што вылучаюць у атмасферу метан.

Таму адным з асноўных захадаў па зніжэнні выкідаў спецыялісты ва ўсім свеце лічаць укараненне безвугляроднай прамысловасці. Ужо сёння ў нашай краіне праводзіцца замена вугляродазмяшчальнай сыравіны на ўзнаўляльныя крыніцы энергіі.

— Вельмі важна, што мы маем разуменне і магчымасці абмяжоўваць сваю дзейнасць у частцы разбуральнага ўздзеяння на экалагічную сістэму — зніжаць выкіды парніковых газаў і азонаразбуральных рэчываў, прымаць на міжурадавым, нацыянальным узроўні праграмы па адаптацыі да змен клімату. Гэтыя меры ў канечным выніку дазваляюць глядзець у будучыню з некаторай доляй аптымізму, — падагульніла Марыя Гермянчук.

Вераніка КОЛАСАВА

kolasava@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?