Вы тут

У Гродна адзначылі Дзень Горада


Адзначыць добрымі справамі Дзень Гродна пастараліся нават дашкольнікі.

У гонар 888-годдзя Гродна ў суботу, 17 верасня, у храмах прайшлі святочныя набажэнствы, пасля чаго для гараджан і гасцей адбыліся дзясяткі мерапрыемстваў літаральна на любы густ. А дагэтуль на працягу некалькіх тыдняў свае падарункі любімаму гораду прысвячалі дзеці. Гэтымі падарункамі былі іх добрыя справы.


У Дзень горада ў Гродне адкрылі новы дзіцячы дом сямейнага тыпу. Там будзе жыць вялікая сям'я Маёравых, якая выхоўвае траіх сваіх і чацвярых прыёмных дзяцей. На здымку: генеральны дырэктар прадпрыемства «Трэст«Гроднагорстрой» Сяргей Кнехт, Яўген Маёраў, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктор Лісковіч.

Напрыклад, выхаванцы яслі-сада № 88 упрыгожылі хол загса Кастрычніцкага раёна выстаўкай сваіх малюнкаў на тэму шчаслівай сям'і, а таксама павіншавалі паштоўкамі, якія зрабілі разам з бацькамі і выхавальнікамі, маладых. Тыя былі вельмі ўзрушаны і паабяцалі захоўваць іх усё жыццё.

Члены піянерскай дружыны «Беларусы» добраўпарадкавалі двор, дзе жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны Зоя Пятроўна Буйко.

Валанцёры гімназіі № 9 арганізавалі акцыю «Дзеці — дзецям» па зборы падарункаў для выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Сабралі вялізную колькасць цацак, кніг, канцылярскіх рэчаў, за што ўсіх удзельнікаў акцыі ўзнагародзілі сімвалічным папяровым медалём «Я дапамог дзецям».

А ў СШ № 7 паклапаціліся пра жывёл Гродзенскага заапарка — з імі падзяліліся ўраджаем яблыкаў са школьнага сада.

Тэма добрых спраў была галоўнай і падчас урачыстага адкрыцця свята.

— Цэнтральная частка Гродна плошчай 302 гектары — гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі. Штогод рэканструююцца дзясяткі гістарычных будынкаў, каб наш цудоўны горад быў яшчэ прыгажэйшым, — зазначыў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой.

Мэр уручыў нагрудны знак і пасведчанне аб прысваенні звання «Ганаровы грамадзянін горада Гродна» галоўнаму інжынеру інстытута «Гроднаграмадзянпраект», заслужанаму будаўніку Рэспублікі Беларусь Рышарду Кацынелю. Калі казаць пра добрыя справы ў сэнсе ўзвядзення розных аб'ектаў гарадской інфраструктуры, то іх у Рышарда Браніслававіча дзясяткі! Ці, можа, сотні?

Нямала добрых спраў і на рахунку трох гродзенцаў, чые імёны занесены ў Кнігу славы горада — прафесара медуніверсітэта Міхаіла Ліса, намесніка старшыні гарадскога Савета дэпутатаў, генерал-маёра ў адстаўцы Анатоля Нікіціна, даследчыка гродзенскай мінуўшчыны Віктара Саяпіна.

Дарэчы, на свяце для жыхароў мікрараёна ў СШ № 27 «хвіліна славы» была і ў жыхаркі Гродна Вольгі Салаўёвай, якая праявіла ініцыятыву і дабілася аднаўлення баскетбольнай пляцоўкі ў мікрараёне Дзевятоўка. Намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Аляксандр Коўш падзякаваў ёй і ўручыў падарунак.

Сваю павагу да жамчужыны Прынёманскага краю выказалі і кулінары, якія ўдзельнічалі ў фестывалі сыру: яны вырабілі сырныя кампазіцыі з выявамі герба горада, Каложскай царквы і іншых славутасцяў. А самыя смачныя гатункі сыру вызначылі народнай дэгустацыяй.

Да свята далучыліся мімы, «жывыя статуі», вулічныя музыканты, рамеснікі. На пляцоўцы каля маладзёжнага цэнтра «Гродна» адкрылі алею кіно — у гонар фільмаў, якія здымаліся ў горадзе над Нёманам. Актывісты грамадскай арганізацыі «ВелаГродна» правялі на вуліцы Замкавай велазаезд для малых ва ўзросце ад двух да шасці гадоў. У заапарку прайшла пазнавальна-гульнявая экскурсія «Па слядах аленя святога Губерта». А ў гарадскім парку імя Жылібера для дзяцей наладзілі фестываль фарбаў. І разам з тым паклапаціліся пра маленькіх гродзенцаў, якім патрэбна дапамога. Гродзенскі хоспіс і дабрачынны цэнтр «Пара» запрашалі паўдзельнічаць у кірмашы — купіць карціну альбо тэкстыльную цацку і тым самым дапамагчы хворым дзецям.

Барыс ПРАКОПЧЫК

рrоkорсhіk@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Добрыя справы — любімаму гораду

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Хто ёсць хто на дзіцячым «Еўрабачанні»

Хто ёсць хто на дзіцячым «Еўрабачанні»

Ужо ў гэту нядзелю вырашыцца інтрыга

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг