Вы тут

Гомельскі Дзень горада супаў з харэаграфічным святам «Сожскі карагод»


На тры дні Гомель стаў танцавальным цэнтрам Беларусі. У горадзе над Сожам прайшоў VІІІ міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод». Ён сабраў калектывы 22 краін свету. Упершыню на свяце прадэманстравалі сваё майстэрства калектывы з Індыі і Шры-Ланкі.


Па рашэнні журы Гран-пры на гэтым фестывалі не прысуджана. Упершыню ў конкурсную праграму была ўключана намінацыя «Фальклорна-бытавы танец». У ёй пераможцай названа культурна-мастацкае аб'яднанне чыгуначнікаў «Братэрства» з сербскага горада Субоціца. Першае месца ў намінацыі «Эстрадны танец» прысуджана народнаму ансамблю бальнага танца «Фаэтон» дома дзіцячай творчасці «Сузор'е» з Краснадара. Ансамбль «Гарадзенскія карункі» Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў стаў найлепшым у намінацыі «Народна-сцэнічны танец». Харэаграфічны ансамбль Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага стаў пераможцам у намінацыі «Сучасная харэаграфія».

Акрамя таго, вядомыя беларускія харэографы правялі майстар-класы для кіраўнікоў калектываў, якія ўдзельнічалі ў фестывалі. Арганізатары мерапрыемства прапанавалі гледачам выгадную акцыю: за сімвалічную суму ў Br1 можна было набыць адзіны квіток і на працягу двух дзён глядзець усе конкурсныя выступленні ўдзельнікаў «Сожскага карагоду».

Удзельнікі свята актыўна выступалі на адкрытых пляцоўках. Да таго ж яны прынялі ўдзел у закладцы бэзавага саду плошчай 1 тыс. кв.м на тэрыторыі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Каля 200 кустоў размешчаны ўздоўж набярэжнай ракі Сож. У бэзоўніку будзе расці бэз дзесяці сартоў, прычым пяць з іх выведзены беларускімі селекцыянерамі і занесены ў міжнародныя каталогі. Набыты таксама саджанцы расійскай і французскай селекцыі. Рознакаляровае цвіценне бэзу можна будзе ацаніць ужо наступнай вясной. Сарты падабраны такім чынам, каб іх цвіценне працягвалася каля месяца. Між іншым, як адзначыла ландшафтны архітэктар Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Святлана Прышчэпава, бэзавы сад існаваў тут яшчэ ў ХІХ стагоддзі.

У Цэнтральным гомельскім парку з'явіўся прывабны аб'ект і для прыхільнікаў спорту. На набярэжнай Сожа ў раёне вяслярнай базы ўсталявана шэсць вулічных трэнажораў. Іх падарыў гораду мясцовы прадпрымальнік.

Падарункам да Дня горада Гомеля, які святкаваў сваё 874-годдзе, стаў і інтэрактыўны прыпынак. Ён размешчаны на месцы, дзе праходзяць многія папулярныя маршруты гарадскога транспарту — ля фабрыкі «8 Сакавіка». Праект распрацавала беларуская кампанія «Айціпрамбуд». На прыпынку існуе тэрмінал для аплаты, «антывандальныя» інфармацыйныя табло, маніторы для рэкламы, відэакамеры і трывожная кнопка. Павільён абсталяваны лаўкай з падагрэвам. На сэнсарным экране можна задаць пункт назначэння і ўбачыць, як аптымальна туды дабрацца. Таксама ў рэальным часе можна сачыць, праз колькі хвілін на прыпынку з'явяцца тралейбус, аўтобус ці маршрутка.

Свята Гомеля завяршылася правядзеннем VІІ міжнароднага фаер-фестывалю «ГОФФ-2016». Ён сабраў на набярэжнай Сожа больш як 100 прафесійных факіраў з Беларусі, Расіі, Шры-Ланкі, Францыі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Фестывальны бэзавы сад і многа іншых падарункаў атрымалі гамяльчане падчас правядзення Дня горада, які супаў з харэаграфічным святам «Сожскі карагод»

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.