Вы тут

Нашы тэнісісты выйшлі ў І Еўра-Афрыканскую зону Кубка Дэвіса


У матчы 3-га круга ІІ зоны беларусы сустракаліся са зборнай Даніі. У першы дзень сапернікі абмяняліся перамогамі, у парным разрадзе нашы суайчыннікі былі мацнейшыя, а ў заключны дзень Ілья Івашка паставіў пераможную кропку ў матчы.


У стартавай сустрэчы жэрабя на мінскіх кортах звяло Яраслава Шылу з вопытным Фрэдэрыкам Нільсенам. У пяцісэтавым паядынку мацнейшым аказаўся датчанін, а вось наступная сустрэча засталася ўжо за гаспадарамі кортаў. Першы нумар нашай каманды Ілья Івашка без праблем узяў верх над другой ракеткай гасцей Андрэасам Б'ерыхусам.

Пры роўным ліку ў матчы сапернікам трэба было правесці парны паядынак на наступны дзень. Першапачаткова ў заявачным лісце з боку беларусаў значыліся Максім Мірны і Ягор Герасімаў, аднак ужо ў дзень гульні капітан каманды Уладзімір Ваўчкоў вырашыў зрабіць замену. Замест Ягора з Мірным згуляў Яраслаў Шыла, разам яны змаглі адолець дацкі тандэм Фрэдэрык Нільсен/Томас Кроман.

— Вельмі задаволены вынікам і веру ў вялікі патэнцыял гэтай каманды, — адзначыў Уладзімір Ваўчкоў. — Я сядзеў, глядзеў гульню і атрымліваў асалоду ад тэніса, які паказваў Макс. Добра ў каманду ўпісаўся Яраслаў. Нягледзячы на тое, што гэта быў яго дэбютны парны матч у Кубку Дэвіса, ён адпрацаваў на поўную катушку.

У заключны дзень матча ў першым паядынку за перамогу змагаліся Ілья Івашка і Фрэдэрык Нільсен. Паядынак атрымаўся вельмі працяглым і напружаным, усё вырашылася толькі ў апошнім, пятым, сэце. Беларус атрымаў сваю другую перамогу ў гэтым матчы, зрабіў лік 3:1 на карысць гаспадароў і вывеў сваю каманду ў І Еўра-Афрыканскую зону Кубка Дэвіса.

— Здабыў перамогу ў вырашальным сэце. Якія ўжо тут каментары... На стан корта і мячоў уплывала надвор'е. Корт станавіўся глейкім, мячы цяжка апрацоўваліся, ды і сапернік, напэўна, адгуляў найлепшы матч у сваім жыцці. Вельмі дапамагла балельшчыцкая падтрымка, у маёй кар'еры такога яшчэ не было. Чуў кожнага гульца нашай каманды, — падзяліўся пасля перамогі Ілья Івашка.

Заключны паядынак турнірнага значэння ўжо не меў, па ўзаемнай дамоўленасці гэтая сустрэча прайшла ва ўсечаным фармаце — да 2 выйграных сэтаў. Там Ягор Герасімаў быў мацнейшым за Беньяміна Ханестада.

Нагадаем, сёлета беларусы ў матчы першага раўнда другой групы Еўра-Афрыканскай зоны абгулялі ў Каіры тэнісістаў Егіпта — 3:1, а затым у Мінску былі мацнейшыя за каманду Латвіі — 4:1.

Адзначым таксама, што зборная Беларусі выступае ў Кубку Дэвіса з 1994 года, яе найлепшым вынікам з'яўляецца выхад у паўфінал Сусветнай групы ў 2004 годзе, калі яна саступіла дарогу ў фінал камандзе ЗША.

Фота БЕЛТА

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Датэрміновая перамога

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?