Вы тут

Легендарныя старты


«Гэтае мерапрыемства ваша, яно зроблена для вас. Мэта адна — працягнуць ваша спартыўнае жыццё», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, які сустрэўся з удзельнікамі гонак.

Адзін раз на год у Беларусі збіраюцца «зоркі» біятлона — алімпійскія чэмпіёны, чэмпіёны свету, уладальнікі прэстыжных Кубкаў. Улюбёнцы публікі прыязджаюць у Мінск, каб чарговы раз выйсці на дыстанцыю, сустрэцца са старымі сябрамі і зладзіць сапраўднае свята для аматараў спорту. Хтосьці з былых біятланістаў вызначыўся на лыжні пару гадоў таму, хтосьці не займаецца прафесійным спортам ужо дзесяцігоддзе, але ў Раўбічы прыязджаюць і дзейныя атлеты, «зоркі» сусветнай велічыні, праўда, пакуль толькі ў ролі ганаровых гасцей або гледачоў.


Сёлета па зразумелых прычынах на фестывалі адсутнічала ініцыятарка і ідэйная натхняльніца «Гонак легендаў» Дар'я Домрачава, але мерапрыемства ад гэтага не стала горшым, а наадварот, здабыло новыя фарбы. Дар'я паклапацілася пра сваіх заўзятараў і падрыхтавала для іх некалькі сюрпрызаў.

У спарткомплекс «Раўбічы» народ пачаў з'язджацца задоўга да пачатку, які быў прызначаны на 10 гадзін раніцы. Здаецца, арганізатары былі гатовыя да такога развіцця падзей, таму за гадзіну да старту свята ўжо гучала музыка, а ў паветры лунаў пах шашлыкоў. Народ аглядаў тэрыторыю спарткомплексу, які ў гэты дзень ператварыўся са звычайнай падрыхтоўчай базы ў маштабнае месца для гулянняў. А самыя кемлівыя біятлонныя прыхільнікі ўжо пачалі займаць чаргу каля крытага ціра, дзе вось-вось павінна была стартаваць аўтограф-сесія «зорак» біятлона.

А далей было ўсё яшчэ цікавей, бо згаданыя сюрпрызы ад Домрачавай пачалі паволі раскрывацца. Спачатку на суд патрабавальных прыхільнікаў былапрадстаўлена калекцыя адзення ад Дар'і, у яе ўвайшлі майкі з выявай чэмпіёнкі і яркія шалікі. А потым Домрачава з'явілася на велізарным экране, адкуль перадала прывітанне ўсім беларусам і пажадала ўдзельнікам фестывалю цікавай барацьбы і добрага настрою.

Дарэчы, пра ўдзельнікаў: сёлета іх склад быў вельмі незвычайным, акрамя біятлонных «зорак», якіх сёлета сабралася значна больш, чым летась (амаль 40 чалавек), на трасу ў Раўбічах выйшлі і журналісты. Прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі спаборнічалі паміж сабой у змяшанай эстафеце.

Усё было сур'ёзна: акулы пяра і мікрафона мэтанакіравана рыхтаваліся да фестывалю, таму ні траса, ні вінтоўкі, ні нават штрафныя кругі не сталі для іх нечаканасцю. У гонцы прынялі ўдзел і прадстаўнікі нашай газеты: Вераніка Пуставіт, Надзея Анісовіч і Іван Хвір годна прадставілі «Звязду» на біятлоннай трасе. Перамогу атрымала каманда самага спартыўнага тэлеканала краіны «Беларусь 5» у асобах Ганны Любянковай і Алега Палягошкі.

Да абеду свята было ўжо ў самым разгары, яно стала не толькі біятлонным: у Раўбічах можна было паспрабаваць сябе ў стральбе з лука, згуляць у кёрлінг або гольф. Акрамя ўжо звыклых зон грамадскага харчавання з нацыянальнай кухняй і сувенірных крам, было арганізавана шмат дзіцячых пляцовак, дзе кожны маленькі аматар спорту змог заняць сябе. Усяго спарткомплекс у нядзелю наведалі больш за 10 тысяч чалавек, што на парадак больш, чым летась.

Бліжэй да кульмінацыі «Гонку легендаў» наведаў і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Ён сустрэўся з удзельнікамі спаборніцтваў і адзначыў, што гэты фестываль перш за ўсё створаны для прафесіянальных спартсменаў, якія ўжо завяршылі сваю кар'еру.

— Гэтае мерапрыемства ваша, яно зроблена для вас. Мэта адна — працягнуць ваша спартыўнае жыццё, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што падобныя спаборніцтвы могуць служыць добрым прыкладам і дапамагаць у матывацыі дзейным спартсменам, а таксама падкрэсліў, што вялікай папулярнасцю «Гонка легендаў» карыстаецца і сярод гледачоў, заўзятараў біятлона. Гэта пацвярджаецца і тым, што больш за палову ад колькасці тых, хто прыйшоў на сёлетняе свята ў Раўбічах — моладзь.

— Абсалютна перакананы, што налета ўжо будзе конкурс на тое, каб трапіць у Раўбічы на аматарскі летні біятлон, — адзначыў Прэзідэнт.

Удзельнікі падрыхтавалі некалькі памятных падарункаў Аляксандру Рыгоравічу. Сувенір ад сябе асабіста і сваёй жонкі Дар'і Домрачавай падарыў легендарны нарвежскі біятланіст Уле-Эйнар Б'ёрндален.

— Пасля першай «Гонкі легендаў» мы вывучылі шмат інфармацыі пра тое, як нам зрабіць спартыўнае свята лепшым: усе каментарыі на форумах, прапановы ад аматараў біятлона, — адзначыў старшыня Беларускай федэрацыі біятлона Валерый Вакульчык. Прыслухаліся да рэкамендацый Дар'і Домрачавай, якая выступіла ідэйнай натхняльніцай «Гонкі легендаў». І, думаю, удалося стварыць сапраўдную святочную і спартыўную атмасферу.

Кульмінацыяй гонкі, як і належыць, стала выступленне спартсменаў пад каментарый самага вядомага голасу біятлоннага свету — Дзмітрыя Губерніева. Спаборніцкая праграма адкрылася жаночым мас-стартам, перамогу ў якім святкавала Катрын Ланг з Германіі. У такім жа відзе праграмы сярод мужчын найлепшым стаў Сяргей Тарасаў з Расіі. Пераможцамі змяшанай эстафеты аказаліся францужанка Мары-Лор Брунэ і аўстрыйскі біятланіст Крыстоф Зуман.

Самай лепшай з беларусак стала Алена Зубрылава: у пары з расіянінам Сяргеем Ражковым яна заняла шостае месца ў змяшанай эстафеце.

Адзначым, што ў «Гонцы легендаў» прынялі ўдзел такія вядомыя спартсмены, як Рыка Грос, Свен Фішэр, Халвар Ханеволд, Ліў-Грэце Пуарэ, Венсэн Дэфран, Сандрын Баі, Юрый Кашкараў, Мікалай Круглоў, Сяргей Новікаў і Аляксей Айдараў.

Сяргей Тарасаў (Расія):

— У Раўбічах вар'яцкая падтрымка гледачоў, прычым на працягу ўсёй трасы, яны абсалютна не даюць расслабіцца і з'яўляюцца крыніцай сіл. Заўзятары дапамаглі мне перамагчы. Сюды прыехала столькі вартых спартсменаў, што бегчы змяшаную эстафету з любым з іх было б для мяне велізарным гонарам. Гэта самыя лепшыя спаборніцтвы для былых спартсменаў, якія толькі можна прыдумаць, дзякуй вялікі за запрашэнне.

Вадзім Сашурын (Беларусь):

— Тут цудоўная атмасфера. Некаторым удзельнікам, вядома, трэба падцягнуць спартыўную форму, бо гледачы памятаюць, якімі выдатнымі спартсменамі яны былі ў мінулым, як дакладна цалялі ў мішэні. У параўнанні з мінулым годам відаць, што некаторыя дабавілі, іншыя, наадварот, закінулі гэтую справу. Самому хацелася б таксама, вядома, выйсці на гэтую трасу, але пакуль не пускаюць — напэўна, баяцца канкурэнцыі (смяецца).

Алена Зубрылава (Беларусь):

— Па магчымасці старалася рыхтавацца да сёлетняй «Гонкі легендаў», але ўсё ж такі 4 кругі бегчы было цяжкавата, прытым змянілася траса, яна стала больш складанай. Калі параўноўваць атмасферу з той, калі я выступала на Кубках свету, то там, вядома, трошкі іншае адчуванне. Мяне цікавіў толькі мой вынік і тое, як я выканаю сваю працу, а тут атмасфера свята. Так, мы змагаліся да самага канца, але ўсё ж тое, што прайгралі, не цісне маральна.

Сяргей Новікаў (Беларусь):

— Выдатнае ўражанне засталося ад гэтага фестывалю, хоць на самой трасе было вельмі цяжка, моцна стаміўся. На першым крузе здавалася, што ўсё выдатна, зараз як дам тут! А потым запал спаў. Спецыяльна да гэтай гонкі не рыхтаваўся: так, падтрымліваў форму — крос, ролеры — а вось стральбы не было ў маім жыцці ўжо два з паловай гады. Але сама арганізацыя, ідэя вельмі падабаецца. Госці пазітыўна адзываюцца пра Беларусь, яны пабывалі на экскурсіях у Мінску і, мяркуючы па іх словах, усё спадабалася. Дзякуй вялікі заўзятарам і Дашы Домрачавай, што арганізавалі такі фэст.

Надзея Анісовіч, карэспандэнт «Звязды», удзельніца спаборніцтваў сярод журналістаў:

— «Гонка легендаў» стала святам не толькі для гледачоў і біятланістаў, але і для журналістаў. Спартыўная эстафета сярод прадстаўнікоў СМІ была набліжана да рэальных умоў біятлона, але, вядома, без спецыяльнай фізічнай падрыхтоўкі прабегчы звычайную дыстанцыю было б для нас цяжэй. Нават без лыжаролераў і на больш кароткай трасе выявілася, што біятлон — гэта значна складаней, чым здавалася. Каб цаляць па мішэнях на стрэльбішчы пасля таго, як прабег круг, трэба значна большая канцэнтрацыя. Гэта не цір. Але ў выніку ўсе засталіся задаволеныя тым, што ўдзельнічалі ў гэтай эстафеце. Па-сяброўску з удзельнікамі іншых камандаў мы таксама паспаборнічалі ў кёрлінзе і міні-гольфе.

Фота БЕЛТА

Дар'я Лабажэвіч

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.