Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» наведаў пункт мытнага кантролю «Брузгі»


На супрацоўніках Дзяржаўнага мытнага камітэта штодзень ляжыць вялікая адказнасць. Шмат у чым менавіта ад іх залежыць транзітная прывабнасць нашай краіны. Прафесіяналізм беларускіх мытнікаў — гэта тое звяно, якое злучае і дазваляе ажыццяўляць транспартныя сувязі ў два бакі з ЕС у ЕАЭС. Таксама ад іх залежыць і бяспека грамадзян, бо ахвотнікаў правезці кантрабанду, у тым ліку і вельмі небяспечныя наркотыкі, сёння нямала. Таму на варце мяжы высакакласныя спецыялісты, узброеныя па апошнім слове тэхнікі. У гэтым змог пераканацца і карэспандэнт «Звязды», які напярэдадні 25-годдзя Мытнага камітэта наведаў адзін з самых ажыўленых пунктаў мытнага кантролю — «Брузгі», што знаходзіцца ў Гродзенскай вобласці.


25 гадоў — гэта цэлая эпоха

У 1991 годзе беларуска-польская мяжа з боку пункта пропуску «Брузгі» ўяўляла з сябе напалову заасфальтаваную дарогу (другую паласу дарожныя службы яшчэ ўкладвалі).
З кожнага боку гэтай дарогі стаяў стол, да якога пад'язджала машына і на якім спецыялісты праводзілі мытнае афармленне. З цывілізацыяй «Брузгі» тады звязваў адзіны таксафон, прыбіты да адзінокай сасны непадалёк... Шчыра кажучы, калі б не гістарычныя фота, якія пацвярджаюць словы старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрыя Сянько, у гэта сёння складана паверыць.

Праз 25 гадоў перад любым, хто праязджае пункт пропуску «Брузгі», паўстае вялікі сучасны комплекс, аснашчаны літаральна па апошнім слове тэхнікі. Ён з'яўляецца самым буйным на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і здольны прапусціць праз сябе больш за тысячу грузавых і чатырох тысяч легкавых аўто, а таксама больш за сто аўтобусаў за суткі. У цэлым беларускую мяжу штодня праходзяць тысячы людзей і аўто, а гэта патрабуе прымянення толькі самых лепшых тэхнікі і сістэм.

Напрыклад, толькі за адзін дзень, перад тым, як нам давялося прысутнічаць у «Брузгах», праз беларускую мытню прайшлі ў абодвух напрамках 70 тысяч чалавек, больш як
5,8 тысячы грузавых транспартных сродкаў, звыш 14 тысяч адзінак легкавога транспарту і больш за 500 аўтобусаў. Таксама варта ўключыць сюды і 103 самалёты з 186 чыгуначнымі саставамі. Усяго за адзін тыдзень выяўлена 556 правапарушэнняў і распачата 15 крымінальных спраў. І гэта не мяжа, бо, па словах Юрыя Сянько, хуткасць пропуску працягвае павялічвацца ў тым ліку і дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям. І ў далейшым развіццё інфраструктуры ў пунктах пропуску будзе накіравана перш за ўсё на стварэнне яшчэ больш камфортных умоў для тых, хто перасякае мяжу. Рабіцца гэта будзе ў тым ліку за кошт аўтаматызаваных сістэм.

«Ужо ў наступныя паўтара месяца на пункце пропуску «Брузгі» мы правядзём эксперымент. Плануем, што некаторыя дэкларацыі будуць падавацца грузавымі транспартнымі сродкамі ў электронным выглядзе. Супрацоўнік мытні не будзе да іх нават дакранацца рукамі. Прымаць рашэнне і выдаваць дазвол на транзіт будзе камп'ютар. Астатнія фармальнасці, звязаныя з далейшай апрацоўкай гэтай электроннай дэкларацыі, будуць праводзіць падраздзяленні аналізу рызык, каб у эксперымент траплялі толькі законапаслухмяныя асобы. Мы давяраем бізнесу, але і не можам прапусціць парушальніка. Зараз мы хочам зрабіць стаўку на аналітыку і аўтаматызацыю», — расказаў журналістам Юрый Сянько. Пры гэтым ён падкрэсліў, што аналагічна развіваюцца і нашы замежныя калегі. Беларуская мытня ад іх не адстае і нават у чымсьці апярэджвае.

Таксама старшыня Мытнага камітэта нагадаў, што ў краіне асноўная колькасць транспартна-лагістычных цэнтраў знаходзіцца каля Мінска. «Наша мэта сумесна з памежнай службай забяспечыць поўнае афармленне транспартных сродкаў пры ўездзе на тэрыторыю Беларусі. У кастрычніку, як чакаецца, тут будзе запушчаны першы ў краіне транспартна-лагістычны цэнтр, размешчаны ў непасрэднай блізкасці ад пункту пропуску. Тут можна будзе прайсці ўсе мытныя фармальнасці: аплаціць мытныя плацяжы і далей бесперашкодна рухацца ў любым кірунку. Тавар будзе цалкам вольны ад неабходнасці мытнага кантролю ў далейшым. Гэта спросціць працу для бізнесу і паскорыць атрыманне тавару», — расказаў старшыня ДМК. Таксама плануецца што падобныя транспартна-лагістычныя цэнтры будуць з'яўляцца па меры мэтазгоднасці сумесна з разлікамі ўсіх зацікаўленых міністэрстваў.

Парашок з тэлефонамі, а колы з адзеннем

Адна справа, калі ты чуеш, як працуюць супрацоўнікі мытні, але зусім іншая, калі бачыш гэта знутры. Усіх журналістаў, хто прыехаў у «Брузгі», пазнаёмілі з арсеналам прыбораў і сродкаў, якія дазваляюць знайсці нават самыя хітрыя схованкі. Па словах начальніка мытнага паста «Брузгі-2» Сяргея Алешчанкі, нелегальна звычайна перавозяць тэлефоны, ноўтбукі, каштоўнасці, прадметы даўніны, кантрабанду накшталт цыгарэт або прадуктаў харчавання. Радзей — наркотыкі: быў выпадак, што спрабавалі правесці нават торт з псіхатропным начыннем. Экзотыка таксама не выключэнне — везлі нават біўні маманта і рарытэтныя аўтамабілі.

Далей журналістам паказалі так званы бокс паглыбленага надгляду, куды трапляюць толькі тыя аўтамабілі, на якія пакажа сістэма кіравання рызыкамі. А яна аналізуе такія фактары, як частата перасячэння мяжы і ўчыненыя раней правапарушэнні. У гэты раз пад пільным поглядам мытнікаў аказалася легкавое аўто «Фольксваген». На спецыяльным стале спецыялісты пачалі раскладваць змесціва аўтамабіля. Падазрэнні выклікала скрынка з пральным парашком. Іх пацвердзіў металадэтэктар, які па-здрадніцку пачаў сігналізаваць. Спецыялісты задзейнічалі іншыя, больш незвычайныя прыборы: у ход пайшлі і камеры на гнуткіх ручках, якія дазваляюць разгледзець дно і іншыя месцы з патайнымі пустотамі. Дапамог і лазерны дальнамер, які дазваляе вызначыць схаваныя нішы ў машыне, і сканер схаваных пустот пад назвай «Ватсан». Дарэчы менавіта ён і падказаў, што насамрэч у шынах легкавіка было зусім не паветра. Пакуль у працу ўключаліся кінолаг і яго сабака, інспектары мытні праверылі праз рэнтгенаўскі апарат кола і каробкі з пральным парашком. Яны і выявілі, што ў адной з каробак быў таксама не толькі парашок, а падазрэнні з колам толькі пацвердзіліся. Як вынік — мабільныя тэлефоны і духі з пахам парашку, а вось у коле знайшлі каля дзясятка камплектаў дзіцячага адзення. Вядома, гэта была толькі імітацыя, але журналістам расказалі, што гэта хутчэй тыповыя схованкі. Бываюць і значна больш «цікавыя» спосабы.

Знайшлі, але не ўсе

Каб зразумець, як гэта няпроста — знайсці схаваную кантрабанду, журналістам таксама далі паспрабаваць сябе ў ролі супрацоўніка мытнага камітэта. Нам прыгналі стары бус «Фольксваген», у якім была схавана «закладка». Прызнаюся, шукалі доўга і нязладжана. Але і сярод карэспандэнтаў былі вельмі ўважлівыя людзі — знайшлі грошы і наркотыкі. Аднак, як аказалася, гэта было далёка не ўсё. Калі пасля паўгадзіны зацятых пошукаў мы ўсё ж здаліся, на дапамогу прыйшоў спецыяліст-кінолаг і службовы кокер-спаніэль Санта. Сабака вельмі дысцыплінаваны і скрупулёзны ў пошуку — яго мала што можа адцягнуць. Найбольш эфектыўна ён шукае менавіта наркотыкі. Для яго гэта гульня — сабака навучаны так, што яму здаецца, нібы ён шукае сваю цацку. Як нам расказалі, працаваць Санта можа да 12 гадзін, але адпачынак патрэбен. Калі ён дагуляў у сваю «гульню», кінолаг змог дастаць з тайніка яшчэ і наркатычныя рэчывы. На гэта дуэту спатрэбілася хвілін 10, прытым што кінолаг адказваў на пытанні журналістаў.

Тры страшныя літары для кантрабандыста

18 снежня 2015 года на пункце пропуску «Брузгі» запрацаваў ІНК — інспекцыйна-надглядальны комплекс, ці велізарны рэнтген, які значна паскарае працу з буйным грузавым транспартам. Падазроныя фуры тут прасвечваюць і аналізуюць за 15 хвілін без разгрузкі. Накіроўваюць сюды таксама не ўсіх, а толькі паводле звестак сістэмы кіравання рызыкамі. Начальнік аддзела правядзення аперацый мытнага кантролю Віталь Парфёнаў распавёў, што яшчэ не так даўно на падобныя аперацыі ішло часу ад гадзіны да цэлага дня. Пасля таго, як праведзена сканаванне, малюнак выводзіцца на экран аператара-аналітыка, які здольны разглядзець нават самыя незвычайныя схованкі. Нягледзячы на тое, што ІНК абышоўся ў 2,5 млн еўра і ў яго ўбудавана самае перадавое абсталяванне, ён не будзе працаваць эфектыўна без прафесіянала. Для працы з комплексам, дарэчы, інспектары праходзяць дадатковае навучанне. На малюнку, які з'явіўся на экране камп'ютара пры аналізе адной з фур, была вялікая колькасць дэталяў. Спецыяліст зверыў з дакументамі ўвесь груз, які без праблем можна разгледзець прафесіяналу. Рухавік і кузаў праглядаюцца выразна, і там звычайна нічога не хаваюць. Часцей, вядома, неабходна звяртаць увагу на грузавы адсек. Дэталёва праглядаюцца і пустоты ў шасі — выпадкі са знаходжаннем кантрабанды былі нават там. Схаваць ад рэнтгену можна хіба толькі шпільку, і то адну. Некалькі шпілек тэхніка ўжо заўважыць. Вось і мы дзякуючы інспектару зноў знайшлі імітацыю кантрабанды — 10 скрынак спіртных напояў, якія не былі пазначаны ў дакументах. Па словах супрацоўнікаў мытні, кожны рубель выдаткаў на працу ІНК прыносіць бюджэту да 48 рублёў даходу.

Міф пра 50%

Мяне заўсёды цікавіла пытанне адносна мытных інспектараў. Справа ў тым, што ў інтэрнэце, ды і сярод маіх знаёмых, хадзілі чуткі, што супрацоўнікі мытні, якія знаходзяць буйныя партыі кантрабанды, атрымліваюць ледзь не 50% ад знойдзенага. Гэта, па ідэі, павінна стымуляваць эфектыўнасць працы. Я не верыў, але спытаць усё ж наважыўся. Як мне сказалі, гэта сапраўды толькі чуткі. За 25 гадоў незалежнасці краіны, ды і ў савецкія часы, такога ніколі не было. Бо які б негатыў у людзей выклікала разуменне таго, што інспектар працуе не дзеля іх бяспекі, а дзеля жадання зарабіць сабе большыя грошы! Ды і інспектарам зусім не падабаецца быць прадузятымі. Яны працуюць у першую чаргу на карысць нашай краіны. Часам незаўважна. Напэўна, іх дзейнасць можна параўнаць з працай чалавечага арганізма — калі ўсё добра, мы не задумваемся пра тое, як там усё функцыянуе. Але гэта мяняецца, калі нам становіцца дрэнна. Працу мытных інспектараў мы не бачым — значыць, усе 25 гадоў яны працуюць сумленна.

Дарэчы

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка павіншаваў кіраўніцтва, асабовы склад і ветэранаў мытнай службы краіны з прафесійным святам і 25-годдзем з дня ўтварэння мытных органаў.

«Перакананы, што і надалей беларускія мытнікі будуць годна выконваць свой службовы абавязак, граматна і аператыўна вырашаць дзяржаўныя задачы па абароне эканамічных інтарэсаў рэспублікі», — сказана ў віншавальным пасланні Прэзідэнта.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Як там, на мытні?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.