Вы тут

Артысты Чарнігаўскага тэатра выступілі ў Гомелі


Імгненнымі гастролямі парадавалі гамяльчан артысты Чарнігаўскага акадэмічнага абласнога ўкраінскага музычна-драматычнага тэатра імя Т.Р. Шаўчэнкі. У Брэст на фестываль «Белая Вежа» ўкраінская трупа ехала праз Гомель.


Фестывальную «Ноч перад Раством» паводле Гогаля, як і «Камедыю памылак» Шэкспіра, паказвалі на ўкраінскай мове. Аднак гэта зусім не перашкодзіла ўспрыманню тэкстаў, у арыгінале напісаных на рускай і старажытнаанглійскай адпаведна. Рэжысёр Андрэй Бакіраў валодае выяўленчай мовай, дзякуючы якой фабула арыгінала становіцца толькі нагодай, каб паразважаць пра вечнае — з дапамогай святла, колеру, музыкі, рухаў... Дарэчы, пастаноўка, мастацкае і музычнае афармленне — гэта ўсё ён, заслужаны артыст Украіны Андрэй Бакіраў. Дробязі рэжысёр збірае, як пазлы, у агульную вялізную карціну. Як сусвет, яна штосекунды змяняецца, быццам у калейдаскопе, і неназойліва вядзе нас да спасціжэння спрадвечных і супярэчлівых ісцін. Вялізная трупа на сцэне ўяўляе сапраўдны ансамбль, дзе саліраваць дазволена толькі ў выпадку, калі гэта працуе на агульную ідэю.

Вы не пабачыце ў спектаклі па Гогалю традыцыйнай украінскай рознакаляровасці. Касцюмы вытрыманы ў натуральных тонах падшыванай ватоўкі, праз якія час ад часу прарываецца чырвань хусткі або плахты Салохі (заслужаная артыстка Украіны Аксана Грабянюк). Ну яшчэ стужкі ў косах Аксаны (Наталля Пунтус) ды яе чаравічкі чырванеюць. Дарэчы, і «Камедыя памылак» мае бездакорны колеравы стыль: джынсавы. Рэжысёр адкрывае сакрэт:

— Тэатр — гэта такі падман, у якім вельмі часта матэрыялы, якія дорага каштуюць, не працуюць. Яны здаюцца вельмі простымі і банальнымі. Спектакль «Камедыя памылак» каштаваў нам $100. Мы купілі ў сэканд-хэндзе 120 кг джынсавых вырабаў. Распаролі ўсю гэту джынсу і па эскізах пашылі касцюмы. Тое, што пляцоўка амаль пустая, для мяне было прынцыпова. Мы наўмысна паставілі акцёраў у экстрэмальныя ўмовы, калі няма магчымасці схавацца за дэкарацыі і рэквізіт. Трэба высякаць эмоцыі вось так, па-шэкспіраўску: паставіць шыльду «плошча» і іграць.

І артысты іграюць. Так, што ток, які праходзіць паміж выканаўцамі, дасягае глядзельнай залы, якая напрыканцы купае акцёраў у авацыях. Кожны рух на сцэне напоўнены сэнсам. Часта ён супярэчыць зместу, але дакладна адпавядае задуме рэжысёра. І таму на задні план адыходзіць няпоўнае разуменне тэксту. Мову цела на падсвядомым узроўні разумеюць усе.

— Я заўсёды бачу вялікую колькасць памылак, недаробак, — кажа Андрэй Бакіраў. — І сваіх, і акцёрскіх. Але ж гэты карабель ужо паплыў, і я магу ім толькі імпульсы дасылаць. Бывае, што яны іх адчуваюць, бывае — не вельмі. У нас тэатр музычна-драматычны. Спевамі мы ўсе займаемся пастаянна. Гэта адбываецца пры падрыхтоўцы да спектакляў. Мы акапэльна спяваем Баха, Вівальдзі, Арва Пярта, «Бітлз»...

Чарнігаўскі тэатр жыве пры амаль поўнай адсутнасці сродкаў, кажа мастацкі кіраўнік тэатра. Але ж жыве, не выжывае. І нават здаецца, што яму гэта толькі на карысць. Бо ўключаецца патэнцыял, які нічога не каштуе, але ж які не купіш ні за якія грошы — фантазія рэжысёра і апантанасць акцёраў.

— Сёння фінансава нявыгадна ладзіць доўгія гастролі, — разважае Бакіраў. — Што тычыцца мінімалізму сцэнаграфіі — гэта неяк супала. Магчыма, яшчэ і таму, што наш тэатр жыве без мастака на працягу двух гадоў: запрашаць добрага мы не можам праз адсутнасць грошай. А з іншага боку я адчуваю матэрыял і раблю так, як атрымліваецца. Я лічу, што некаторыя спектаклі павінны быць аўтарскімі. У нас былі абсалютна іншыя спектаклі: традыцыйныя музычныя і абсалютна псіхалагічныя. А да такой эстэтыкі мы ішлі паступова на працягу трох гадоў. Гледача трэба прыводзіць у стан эстэтычнага захаплення. На мой погляд, гэта вельмі важны кампанент. Імітаваць разумныя размовы куды лягчэй, чым уключацца і высякаць магутную станоўчую энергію. Мне хочацца, каб людзі, якія наведваюць тэатр, былі падрыхтаваныя. Каб яны як мінімум ведалі першакрыніцу. Сюжэтная лінія не мае асаблівага значэння. Калі атрымліваецца зацямніць сюжэт і пераадолець моўны бар'ер, тады і адбываецца цуд поўнага паглыблення ў стыхію відовішча.

У мяне застаюцца пытанні наконт неверагоднай зладжанасці драматычных акцёраў. Кожны іх рух сінхранізаваны з партнёрамі і сэнсава абумоўлены — быццам у балеце. Правакую і кажу: здаецца, што акцёры ў вас дрэсіраваныя...

— У першую чаргу гэта любоў, — адказвае Бакіраў. — Калі яна ёсць унутры каманды, яна пераможа ўсё... У нас на «Камедыі памылак» падчас прэм'еры здарыўся выпадак: актрыса ў самым першым нумары танцавала ў пары з мужам. Ён падняў калена і зламаў ёй палец на руцэ. Яна потым павінна была іграць прыслужніцу, а выходзіць іншая. Я нічога не разумею, а ў гэты момант за кулісамі «хуткая дапамога» забірае актрысу ў бальніцу. Тым не менш да фінальнага танца яна вярнулася і танцавала яго з гіпсам на руцэ. Гэта складана растлумачыць. Але ж я шчыра рады таму, што акцёры даражаць прыналежнасцю да нашага тэатра.

Ёсць персанаж у «Ночы перад Раством», якога ў хрысціянскай традыцыі і называць цураліся, каб бяды не наклікаць: Сяргей Пунтус бліскуча іграе Чорта. Гэта яго пластычнага «героя» каваль Вакула (Яўген Бондар) урэшце выкарыстоўвае ў якасці сродку перасоўвання па маршруце Дзіканька — Пецярбург. Вычварны
малюнак ролі між волі выклікаў асацыяцыю з яго родным братам-спакуснікам з «Пісьмаў Баламута» Клайва Люіса. І прыгадалася: «Чалавек адчувае, што «знайшоў сваё месца ў свеце», тады як насамрэч гэта свет знаходзіць сваё месца ў чалавеку»...

P.S. Як стала вядома, на тэатральным фестывалі «Белая вежа» ў Брэсце спектакль «Ноч перад Раством» стаў лаўрэатам у намінацыі «За найлепшы акцёрскі ансамбль».

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Фо­та Ула­дзі­мі­ра Сту­пін­ска­га

Загаловак у газеце: Шэкспір у джынсе, Гогаль у ватоўцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».