Вы тут

Беларусы занялі чацвёртае месца на Армейскіх міжнародных гульнях


Вось ужо другі год запар вайскоўцы з розных краін — са зброяй у руках і на грознай баявой тэхніцы — сустракаюцца на адной тэрыторыі. Як сябры. Дэманструючы, што ўзброены чалавек, а тым больш прадстаўнік дзяржавы, прызначаны выключна для мірнай мэты — абараняць сваю Айчыну.


У першай палове жніўня «Армейскія міжнародныя гульні — 2016» аб'ядналі вайскоўцаў з 19 краін, якія прадэманстравалі магчымасці сваіх нацыянальных армій. Эпіцэнтрам відовішчнага дзейства сталі палігоны краіны-арганізатара — Расійскай Федэрацыі. Упершыню спаборніцтвы прайшлі на тэрыторыі дзвюх дзяржаў: барацьба ў конкурсах «Снайперскі рубеж» і «Майстры артылерыйскага агню» разгарнулася і на адным з палігонаў Рэспублікі Казахстан.

Ідэя праводзіць падобныя спаборніцтвы сярод вайскоўцаў належыць міністру абароны Расійскай Федэрацыі Сяргею Шайгу. А пачалося ўсё з «Танкавага біятлону». У 2013 годзе ў танкавым майстэрстве спаборнічалі чатыры краіны, сёлета ўжо 17. Мерапрыемства выклікала рэзананс у грамадскасці, і было прынята рашэнне на наступны год пашырыць праграму спаборніцтваў. У межах конкурсу «Авіядартс» пачалі змагацца лётныя экіпажы, прадстаўнікі іншых воінскіх падраздзяленняў. У выніку ідэя ўвасобілася ў міжнародныя гульні, якія перараслі ў алімпіяду для вайскоўцаў.

Беларускія ваеннаслужачыя каторы год не ўпускаюць магчымасці паказаць узровень сваёй прафесійнай падрыхтоўкі, майстэрства і зладжанасці экіпажаў. І кожны раз дэманструюць добрыя вынікі. Нягледзячы на тое, што сёлета ім зусім крыху не хапіла, каб увайсці ў тройку лідараў, яны не засталіся «за бортам». Саступіць дзвюм наймацнейшым арміям свету — Расіі і Кітая, а таксама Казахстану, прадстаўнікі якога ўдзельнічалі практычна ва ўсіх конкурсных выпрабаваннях, — пройгрышам назваць складана. У выніковым рэйтынгу за беларусамі — прадстаўнікі 15 армій свету.

— Вайскоўцы з Беларусі ўдзельнічалі ў конкурсах, прымальных для нашых Узброеных Сіл, — расказвае начальнік 2-га ўпраўлення Галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі Узброеных Сіл Беларусі, намеснік кіраўніка дэлегацыі беларускай каманды на сёлетніх Армейскіх міжнародных гульнях палкоўнік Аляксей ТРАГУБ. — Прымаць удзел у конкурсе марской пяхоты, якой у нас няма, напэўна, не зусім правільна. Або ў конкурсе «Глыбіня», дзе спаборнічаюць марскія вадалазы. Але ёсць іншыя конкурсы, у якіх мы можам пазмагацца. Таму ў перспектыве плануем павялічыць колькасць спаборніцтваў, у якіх вайскоўцы змогуць прадэманстраваць сваё майстэрства і параўнаць магчымасці з іншымі. Армейскія гульні — цудоўны шанц ацаніць узровень сваёй падрыхтоўкі на фоне іншых.

І трэба адзначыць, што ён, па ацэнках спецыялістаў, у нашых вайскоўцаў на належным узроўні. З васьмі конкурсаў, у якіх прымалі ўдзел беларусы, шэсць разоў яны падымаліся на п'едэстал. Лётныя экіпажы ў конкурсе «Авіядартс» змаглі абагнаць толькі расійскія лётчыкі. Другімі нашы вайскоўцы сталі і ў спаборніцтве баявых разлікаў зенітных ракетных войскаў «Ключы ад неба». Бронзавымі прызёрамі беларусы былі ў конкурсах зенітна-ракетных падраздзяленняў «Чыстае неба», снайперскіх пар «Снайперскі рубеж», ваенных інжынераў «Бяспечны маршрут», ваенных кінолагаў «Верны сябар». Каб трапіць у тройку лідараў, зусім крыху не хапіла нашым дэсантнікам і танкістам. Але калі ў конкурсе «Дэсантны ўзвод» мы сталі чацвёртымі сярод сямі камандаў, то ў «Танкавым біятлоне» чацвёртымі сярод сямнаццаці.

Па ўмовах гульняў, нацыянальным камандам дазваляецца праходзіць выпрабаванні на сваёй ваеннай тэхніцы. Такім правам скарысталіся і беларускія вайскоўцы. З аднаго боку, гэта з'яўляецца дэманстрацыяй тэхнічных магчымасцяў канкрэтнай арміі. З другога, на сваёй тэхніцы ў каманды ўзрастае шанс паказаць лепшыя вынікі.

Вядома, перад тым як выступіць на міжнароднай арэне, вайскоўцы скрупулёзна трэніруюцца ў сябе на радзіме. Але перш чым трапіць у нацыянальную каманду, трэба прайсці конкурснае выпрабаванне ўнутры свайго воінскага злучэння, на ўзроўні камандавання, і толькі потым на рэспубліканскім. Такі падыход дазваляе адабраць найлепшых спецыялістаў, якія могуць прадэманстраваць добры ўзровень падрыхтоўкі.

Як адзначыў Аляксей Трагуб, у гэтых спаборніцтвах змагаюцца не спартсмены-прафесіяналы, а ваеннаслужачыя, якія па сваім штатным прызначэнні выконваюць абавязкі на гэтым узбраенні або тэхніцы. «Некаторыя краіны з году ў год возяць на армейскія гульні адных і тых жа спецыялістаў, якія ўжо паказалі сябе з лепшага боку, — расказвае прадстаўнік Міністэрства абароны. — Вядома, гэта спрашчае падрыхтоўку вайскоўцаў, якія ўжо адаптаваны да ўмоў, створаных на спаборніцтвах. У нас трохі іншы падыход. На спаборніцтвы едуць толькі самыя лепшыя ваеннаслужачыя, сярод якіх нямала і вайскоўцаў тэрміновай службы. Трэба сказаць, што яны выдатна прадстаўляюць Беларусь на спаборніцтвах, многія краіны нам па-добраму зайздросцяць, калі бачаць іх падрыхтоўку».

І пра гэта не дадуць схлусіць расійскія газеты, якія не аднойчы падчас гульняў рабілі рэверансы ў бок беларускай каманды. Тая ж «Красная звезда» не ўпускала магчымасці пахваліць беларускіх вайскоўцаў. Прычым заслужана. Напрыклад, нягледзячы на тое, што ў конкурсе «Чыстае неба» ў лідарах былі расійскія разлікі, механік-кіроўца баявога разліку беларускай арміі быў найлепшым пры кіраванні шматвосевымі машынамі, за што яго адзначылі ў спецыяльнай намінацыі. І сярод снайпераў у індывідуальным спаборніцтве роўных беларускаму стралку не было: ён заняў першае месца ў асабістым заліку, апярэдзіўшы 72 удзельнікаў з іншых краін.

Геаграфія і фармат Армейскіх міжнародных гульняў з кожным годам пашыраюцца і ўдасканальваюцца. Калі летась на 11 палігонах было праведзена 13 конкурсаў па палявой, паветранай і марской вывучцы вайскоўцаў, то сёлета яны спаборнічалі на 20 палігонах: ад Севастопаля да Махачкалы, ад Калінінграда да Новасібірска. Ды і конкурсных спаборніцтваў стала амаль удвая больш.

Як кажуць удзельнікі гульняў, гэтае мерапрыемства дае магчымасць не толькі паназіраць за ўзроўнем падрыхтоўкі ў арміях іншых краін, але і набыць сабе сяброў. Нават нягледзячы на пэўны моўны бар'ер, падчас гульняў і па-за імі (у вольны час ладзіліся цікавыя экскурсіі), яднае народы. Здавалася б, дзе тая Індыя. Тым не менш вайскоўцы з гэтай краіны вельмі суперажывалі беларусам на спаборніцтвах, дапамагалі і нават дзяліліся пэўнымі тэхнічнымі хітрасцямі.

— Гэтыя гульні ў тым ліку накіраваны на тое, каб звычайныя людзі (а яны былі жывымі сведкамі многіх спаборніцтваў. — Аўт.) больш даведаліся пра армію і разумелі, для чаго яна прызначана, — лічыць Аляксей Трагуб. — Упэўнены, што ў большасці з іх з'яўляецца пачуццё гонару за сваю краіну. Асабліва — калі на міжнароднай пляцоўцы сваё майстэрства дэманструюць сыны, мужы, браты.

Мяркуецца, што ў будучыні Армейскія міжнародныя гульні афіцыйна набудуць статус ваеннай алімпіяды. Хоць, па сутнасці, яны такімі і з'яўляюцца. Але не гэта галоўнае. Няхай падобныя сустрэчы і надалей адбываюцца не на полі бою, а толькі ў межах мірнага спаборніцтва.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Аляксандра ІВАНОВА

Загаловак у газеце: Алімпіяда для вайскоўцаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».