Вы тут

Парад аркестраў, або «Полька беларуская» на Краснай плошчы


Ужо каторы год запар напрыканцы лета — у пачатку восені на галоўнай плошчы Масквы ладзяць міжнародны ваенна-музычны фестываль «Спаская вежа». Каб паназіраць за сапраўдным шоу, якое традыцыйна рыхтуюць вайсковыя музыкі з розных краін свету, на змярканні каля Крамля збіраецца некалькі тысяч гледачоў.


Узорна-паказальны аркестр Узброеных Сіл Беларусі перад такой публікай выступае не ўпершыню. Кожны год музыканты ў пагонах рыхтуюць новую ўнікальную праграму. Сёлета гледачы фестывалю былі ў захапленні ад «Полькі беларускай» у выкананні нашых вайскоўцаў. Аркестранты нават прытанцоўвалі, і гэта было ацэнена найвышэйшай для артыстаў узнагародай — громам апладысментаў. Пад авацыі і, безумоўна, музычнае суправаджэнне ваеннага аркестра выступіла і рота ганаровай варты.

Як адзначыў начальнік ваенна-аркестровай службы Узброеных Сіл — начальнік Узорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл, заслужаны артыст Беларусі палкоўнік Сяргей КАСЦЮЧЭНКА, з якім мы сустрэліся па прыездзе калектыву ў Мінск, тэмп выканання нашай роты ганаровай варты дынамічны, ён адрозніваецца ад усіх іншых рот, якія выступалі падчас фестывалю. Дарэчы, перад гледачамі сваё майстэрства прадэманстравалі роты з Казахстана і Манголіі, 154-ы асобны каменданцкі Праабражэнскі полк Расіі, рота спецыяльнай варты Прэзідэнцкага палка Расійскай Федэрацыі. Усяго ў фестывалі «Спаская вежа» сёлета ўдзельнічалі 20 калектываў з 12 краін. Свет не ведае іншага фестывалю, які больш як тыдзень ладзіўся б на адной пляцоўцы.

— Сяргей Мікалаевіч, не можа не радаваць той факт, што ў фестывальным рэпертуары аркестра — беларускія нацыянальныя творы. Такім чынам вы папулярызуеце айчынную культуру...

— Уся музыка, якую мы выконвалі падчас фестывалю, была наша: беларуская народная, сучасных беларускіх кампазітараў. У прыватнасці, кампазітара Леаніда Шырына. Увогуле, на які б мы фестываль не ехалі, звяртаемся да нашай творчасці. Так, мы можам выканаць два-тры творы як падарунак для гледача той краіны, дзе выступаем. Ды і навошта нам выконваць англійскую або амерыканскую музыку, калі туды прыязджаюць нацыянальныя аркестры, лепш за якія гэтага ніхто не зробіць? Тое ж самае і з беларускай музыкай. Мы ведаем, як яна павінна гучаць, яна ў нас у крыві. Іншаземцы будуць выконваць яе па-іншаму. Падобныя фестывалі таксама карысныя тым, што ў нас, музыкантаў, ёсць магчымасць паглядзець на ўзровень іншых аркестраў, абмяняцца вопытам, паназіраць за тым, куды вядуць кірункі музыкі ў духавой творчасці.

— Кожны фестываль «Спаская вежа» адрозніваецца сваёй тэматыкай. Які лейтматыў быў вызначаны сёлета?

— Сапраўды, звычайна фестываль мае тэматыку. Летась, напрыклад, ён быў прысвечаны 70-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Сёлета пэўнай тэматыкі фестывалю не існавала. Агульным пажаданнем у арганізатараў было пасвавольнічаць. Мы, вядома, не свавольнічалі, бо гэта таксама трэба рабіць у меру, хоць жарты мы любім, што пацвярджаем амаль кожны наш канцэрт.

— Як удаецца быць «на адной ноце» з ротай ганаровай варты? У адрозненне ад артыстаў аркестра, вайскоўцы, за рэдкім выключэннем, без музычнай адукацыі...

— Розныя юнакі служаць у роце. Тое, што ў большасці з іх няма прафесійнай адукацыі, не сведчыць пра тое, што яны не разбіраюцца ў музыцы. Многія хлопцы спяваюць пад гітару, нехта вучыўся ў музычнай школе. У большасці з іх ёсць слых. Прычым у дадзеным выпадку ён патрэбен не музычны, а рытмічны.

— Вы не шукаеце лёгкіх шляхоў. Шыкоўную праграму пад акампанемент аркестра выканала рота на парадзе ў Дзень Незалежнасці. Думаю, такое выступленне прыйшлося б даспадобы і гледачам у Маскве...

— Мы даўно ведалі, што паедзем на «Спаскую вежу». Але для выступлення на парадзе войск Мінскага гарнізона планавалася прынцыпова іншая праграма. Рота хацела выступіць пад музыку з «Піратаў Карыбскага мора», і мы ажыццявілі іх задуму. Паколькі да дасканаласці трэба было давесці парадную праграму, яны не маглі вучыць фестывальнае выступленне. Тым больш на парад рыхтавалася зводная рота, а ў Маскву паехаў узвод. Да «Спаскай вежы» аркестр таксама ўдзельнічаў у мерапрыемствах. Сярод буйных — пляц-канцэрт аркестраў, які падчас «Славянскага базару» адбыўся на плошчы Перамогі ў Віцебску. Нягледзячы на ўсю гэтую загружанасць, нам удалося дасканала вывучыць фестывальную праграму і парадаваць гледачоў на «Спаскай вежы».

— Здаецца, ваша прафесія — заўжды свята. А ці ёсць будні ў музыкаў у пагонах?

— Многія думаюць, што мы толькі канцэрты ладзім, але ніхто не адмяняў сустрэчы афіцыйных дэлегацый, парады, рэпетыцыі, працу над абнаўленнем рэпертуару. Часта пытаюць, а што ў вас будзе новае? У нас такі прынцып: кожны год — новая праграма. Ды і на адной пляцоўцы мы ніколі не паўторым адзін і той жа канцэрт. І на вучэнні ездзім, і ў аддаленых вайсковых часцях выступаем. Няхай там служыць дзясятак-два людзей, але яны не павінны быць абдзелены ўвагай тых, хто сапраўды любіць музыку.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?