Вы тут

Навошта капаць кроплі ў нос, калі баліць вуха?


Урач-отарыналарынголаг 2-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі г. Мінска Вольга СТАРАВОЙТАВА рэкамендуе запомніць, як правільна рабіць некалькі важных рэчаў для максімальна эфектыўнага лячэння.


Як закапаць вушныя кроплі?

Сагрэйце іх да тэмпературы цела, асабліва калі яны захоўваліся ў халадзільніку. Нахіліце галаву на бок хворым вухам дагары. Калі капаем даросламу, то адцягніце вуха крыху назад і ўгору, калі дзіцяці — назад і ўніз. Гэта неабходна для выпроствання слыхавога праходу і працякання кропляў да барабаннай перапонкі. Пасля таго, як закапалі, патрымайце галаву так, каб вуха «глядзела» ўверх.

Як закапаць кроплі ў нос?

Ідэальна, калі кроплі ў флаконе з распыляльнікам. Тады трэба сесці, крыху нахіліць галаву наперад і «закапаць» нос. Складаней, калі трэба капаць кроплі. У гэтым выпадку асноўная задача зрабіць так, каб кроплі засталіся ў поласці носа, а не трапілі ў горла. А таму капаць кроплі ў нос трэба, нахіліўшы галаву на бок і крыху назад.

Калі ўрач не рэкамендаваў інакш, то кроплі трэба капаць не больш за 3-5 дзён — каб не развіўся медыкаментозны рыніт. Калі мы капаем сасудазвужальныя кроплі, нос добра дыхае, аднак пры гэтым слізістай не хапае крыватоку і ў ёй назапашваюцца рэчывы сасударасшыральнага дзеяння. І чым больш мы капаем кроплі, тым больш выпрацоўваецца гэтых рэчываў — пакуль не наступае той момант, калі сасударасшыральнае дзеянне пачынае пераважаць. Узнікае медыкаментозны рыніт, пры якім неабходна поўнасцю адмяніць супрацьацёчныя прэпараты мясцовага дзеяння. Для паляпшэння стану можна арашаць слізістую растворам кухоннай солі, мінеральнай вадой без газу.

Навошта капаць кроплі ў нос, калі баліць вуха?

Пры развіцці запалення ў сярэднім вуху важнай часткай лячэння з'яўляецца забеспячэнне паступлення паветра. У сярэднім вуху гэтую функцыю выконвае слыхавая труба, якая пачынаецца ў поласці сярэдняга вуха, а заканчваецца ў насаглотцы. Аднак калі ў слыхавой трубе развіўся ацёк і запаленне, то яна не можа выконваць сваю функцыю. Таму неабходны сасудазвужальныя кроплі, якія капаюць па 5 кропляў на баку хворага вуха, закінуўшы галаву і пасля паварочваючы яе на хворы бок, каб прэпарат дасягнуў мэты ў слыхавой трубе.

Што рабіць пры насавым крывацёку?

Неабходна сесці, удыхнуць носам, а выдыхнуць ротам. Звонку прыкласці холад. Варта прыціснуць крыло носа да перагародкі пальцам або ўвесці (неглыбока) ватны тампон, змочаны растворам перакісу вадароду. Калі крывацёк не спыніўся, тэрмінова звярнуцца да ўрача.

Як даваць суспензіі дзецям?

Мерныя лыжачкі і мензуркі, якія ідуць у камплекце з суспензіямі, не заўсёды зручныя. Часам цяжка адмераць дакладную колькасць, а часам дзіця проста круціць галавой. Аднак вельмі зручна даваць такія лекі са звычайнага медыцынскага шпрыца без іголкі (чайная лыжка — 5 мл, 1 мл — 20 кропляў). Тут любое дзіця можна пакласці і акуратна напаіць лекамі.

Як прымаць «тры разы на дзень»?

Так часта пішуць у рэцэптах. Аднак калі мы прымаем антыбіётыкі або іншыя прэпараты, не звязаныя непасрэдна з прыёмам ежы (як, напрыклад, стрававальныя ферменты), то размяркоўваць трэба не на дзень, а на суткі. Тры разы на суткі — праз 8 гадзін, два разы — праз 12 гадзін, а не перад сняданкам, абедам і вячэрай.

Святлана БАРЫСЕНКА 

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Так і рабіце

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.