Вы тут

Клімакс — цяжкае выпрабаванне для прыгожага полу


У 45—60 гадоў жаночы арганізм старэе, функцыя яечнікаў згасае, інтэрвалы паміж менструацыямі павялічваюцца і паступова яны знікаюць наогул. Прыкладна ў кожнай трэцяй гэта адбываецца раптоўна. Ранняму спыненню менструальнай функцыі могуць спрыяць частыя роды, аборты і працяглае грудное кармленне, а позняму — міёма маткі, гіпертанія. Звычайна менапаўза працякае без ускладненняў, але так шанцуе не ўсім.


— Парушэннямі лічацца матачныя крывацёкі і клімактэрычны сіндром, які праяўляецца вялікай колькасцю непрыемнасцяў, — тлумачыць урач-псіхатэрапеўт Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Ала ЯКІМЕНКА. — Гэта, напрыклад, прылівы гарачыні да твару, галавы і верхняй часткі тулава. Сэрца можа біцца часта, узнікае патлівасць і галавакружэнне, слабасць, галаўны боль, боль у суставах, шум у вушах, парушаецца сон, павышаецца эмацыянальнасць, могуць з'явіцца і псіхічныя расстройствы. Устойлівасць да розных знешніх уздзеянняў, напрыклад да перамен надвор'я, істотна зніжаецца. Пры лёгкай ступені сіндрому можа быць да 10-ці прыліваў за суткі, пры сярэдняй — да 20-ці ў суправаджэнні галаўнога болю, галавакружэння, пагаршэння памяці і сну, што, безумоўна, зніжае працаздольнасць. Пры цяжкай ступені працаздольнасць страчваецца наогул...

Змены настрою — гэта павышаная раздражняльнасць, незадаволенасць навакольнымі, прыдзірлівасць і капрызнасць, трывога, туга, страхі і пастаянны неспакой. Узнікае абыякавасць да ўсяго, пачуццё бяссілля і спустошанасці. Раптоўна можа ўзнікаць пачуццё стомленасці, бывае цяжка сканцэнтраваць увагу і нават проста чытаць або пісаць. То хочацца бясконца спаць, то бяссонніца. Апетыт то нармальны, то паніжаны, то павышаны. Можа цягнуць да салёнага, кіслага ці чагосьці яшчэ. Скардзяцца жанчыны і на нейкія непрыемныя адчуванні то тут, то там, і гэта прымушае тут жа падазраваць туберкулёз, рак або штосьці іншае.

Майце на ўвазе, што клімактэрычны сіндром сярэдняй і цяжкай ступені патрабуе лячэння. Пры гэтым вы самі павінны паклапаціцца аб тым, каб у вашым жыцці быў рэжым дня, рацыянальнае харчаванне, лячэбная фізкультура, аздараўленчыя працэдуры, фізіятэрапія. Урач-псіхатэрапеўт можа прызначыць і прэпараты — седатыўныя, снатворныя, антыдэпрэсанты, нейралептыкі. Карыснай будзе і нервова-мышачная рэлаксацыя, аўтатрэнінг, псіхалагічная падтрымка спецыяліста.

Святлана БАРЫСЕНКА 

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Можа цягнуць да салёнага...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».