Вы тут

Маладосць, апаленая вайной


Вячаслаў Іванавіч і Філямена Канстанцінаўна Буйкі жывуць разам у вёсцы Паяначы Шаркаўшчынскага раёна ўжо звыш 60 гадоў. Самі некалі пабудавалі дом. Будоўля ішла доўга: не хапала сродкаў, ды і спяшацца не было чаго. Жылі яны непадалёку на хутары ў вялікай дружнай сям'і з бацькамі жонкі. І цяпер Буйкі, можна лічыць, як хутаране: у іх вёсцы засталіся толькі дзве сям'і.


Філямена Канстанцінаўна — мая хросная маці. Кажуць, што на такую пачэсную місію бацькі дзіцяці, якога хрысцяць, выбіраюць намнога маладзейшых за сябе асоб, каб пасля таго, як яны адыдуць у іншы свет, было каму прадаўжаць выхоўваць дзіця. Мае бацькі ўжо адышлі, і я вельмі хачу, каб мае хросныя жылі як мага даўжэй.

8 кастрычніка ветэрану Вялікай Айчыннай вайны і працы Вячаславу Іванавічу Буйку спаўняецца 91 год. Гэта адзіны мой зямляк-ветэран, які дажыў да такога ўзросту. Гісторыю яго жыцця ведаю даволі падрабязна, але напярэдадні свята завітала ў вёску, каб пабачыцца і распытаць пра мінулае і сучаснае жыццё.

На падворку засталіся толькі куры: іншую жыўнасць не ў стане трымаць. Апрацоўваюць невялікі агародзік, маюць садавіну. Зайшла ў хату, дзе чыста і акуратна, усе рэчы на сваіх месцах. Тут пастукала ў дзверы мясцовая паштальёнка:

— Іванавіч, што будзем выпісваць? — звярнулася жанчына да гаспадара.

— Ці ты, Ніна, не ведаеш? — адказаў той. — Мая любімая газета — «Звязда», пастаянна чытаем, будзем і на гэты раз. Люблю яе, можа, таму, што карэспандэнты пішуць на нашай мове — цікава і змястоўна.

Пайшла паштальёнка, і я звярнулася да ветэрана, каб яшчэ раз успомніў гады сваёй ваеннай маладосці. Вячаслаў Іванавіч пайшоў у другі пакой і дастаў з шафы геаграфічную карту СССР, якая захоўваецца там якраз на такі выпадак. Каб было больш зразумела, стаў вадзіць указкай па знаёмых мясцінах і расказваць пра ваенныя дзеянні:

— ...Віцебшчына адносілася да так званай вобласці армейскага тылу нямецка-фашысцкай групы армій «Цэнтр». Разам са сваімі аднагодкамі я дапамагаў партызанам: адвозілі ў лес прадукты і адзенне, што давалі бацькі.

У сям'і нас было тры браты: Аляксандр, Аркадзь і я. Аб'яўлены быў набор на службу ў армію. Бацькі сабралі нам заплечнікі: хлеб, сала, сушаную садавіну. На кані бацька адвёз усіх трох на зборны пункт у вёску Бяльмонты (цяпер Браслаўскага раёна). Адтуль сфарміраваны атрад рушыў пешшу ў Шаркаўшчыну ў ваенкамат, потым нас адправілі, зноў жа пехатою, на захад. Ішлі тры дні. Здаралася, і па бездарожжы, і ляснымі дарогамі да чыгуначнай станцыі Краснае, што непадалёку ад Маладзечна. Салдаты запоўнілі тры вагоны таварнага цягніка. Праз Мінск накіраваліся ў Смаленск. Змучаных ад доўгай дарогі, нас вырашылі прывесці ў належны выгляд. Адправілі на Дняпро памыцца, а тым часам адзенне дэзынфіцыравалі ў спецыяльнай аўтамашыне. Далейшы шлях быў на Маскву. Там на 10 дзён далі сухія пайкі і чыгункай адправілі на Карэльскі фронт.

У Архангельскай вобласці, на ўзбярэжжы Белага мора, нас расфарміравалі па вайсковых часцях. Мы з братамі трапілі ў 31-ы полк 25-й стралковай дывізіі, які стаяў у абароне на Анежскім возеры. Тут вайна яшчэ працягвалася. Нямецка-фашысцкія войскі трымалі лінію абароны ад Ленінграда і далей на поўнач. Савецкі полк стаяў у абароне і не даваў фашыстам адступаць. Наш узвод супрацьтанкавай роты адышоў далёка на поўнач да фінскай мяжы. Была глыбокая восень. Вельмі холадна, мы не прывыклі да такога суровага клімату. Выручала маладосць і вынослівасць.

Пасля зняцця блакады Ленінграда нас параходам па Белым моры даставілі на самы паўночна-заходні на Кольскім паўвостраве горад Печанга. Фашысты баяліся, каб мы не пазбавілі іх магчымасці перадыслацыравацца на захад. Таму імкнуліся вывесці свае фарміраванні ў нарвежскі порт Керкінес. Некаторыя салдаты з варожых груп не вытрымлівалі такога націску і пераходзілі на наш бок.

...Перамогу мы сустрэлі на нарвежскай мяжы. Добра памятаю той дзень, калі ў чатыры гадзіны ночы паднялі ўсіх па трывозе. Аб'явілі, што і сюды прыйшла перамога. Значыць, быў шлях дадому. Салдаты цягніком даехалі да Полацка, адтуль — у Глыбокае. У Шаркаўшчыну я дабраўся на аўтамашыне, якая прывозіла збожжа на прыёмны пункт. Да свайго хутара ішлі пешшу. Бацьку ў жывых не засталі...

Кожны з нас будаваў сваё ўласнае гняздо. Я ўладкаваўся ў калгас «За сумленную працу» рахункаводам. Там працавала і Філямена. Мы сябравалі. Скончыў курсы ў Полацкай школе бухгалтараў і пэўны час працаваў галоўным бухгалтарам у калгасе ўжо пад назвай імя Кірава. Ішоў час, на змену прыйшлі маладыя, больш адукаваныя спецыялісты, і я пайшоў працаваць брыгадзірам комплекснай брыгады. Амаль у 50 гадоў атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста і пэўны час працаваў на гусенічным трактары».
З Філяменай Канстанцінаўнай яны стварылі трывалую сям'ю. Выхавалі дваіх сыноў. Дзеці часта прыязджаюць у госці. І дзякуй Богу, што бацькі сустракаюць іх яшчэ на сваіх нагах!

Кацярына СОСНА

 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.