Вы тут

Як уладкаваць дзіця ў беларускамоўную навучальную ўстанову


Як бацькі выбіраюць дзіцячы садок або школу? Звычайна яны кіруюцца такімі параметрамі, як блізкасць ад дома, высокія паказчыкі паспяховасці, добрыя педагогі. Аднак у краіне, у якой дзве мовы з'яўляюцца дзяржаўнымі, яшчэ трэба вырашыць, навучанню на якой з іх аддаць перавагу. Мы паспрабавалі ўладкаваць дзіця ў беларускамоўныя садок і школу ў сталіцы, пагаварылі з выпускнікамі тых самых навучальных устаноў і даведаліся думку псіхолага пра білінгвістычнае асяроддзе.


У дзіцячы садок  з цяжкасцямі, затое ў школу — калі ласка

У Аксаны і Цімура двое дзяцей: 3-гадовая Анжаліка і 3-месячны Багдан. Паколькі Аксана знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, дачку ў дзіцячы садок пакуль вырашылі не аддаваць. Дарэчы, у вольны час жанчына вышывае. Праз захапленне і блізкае знаёмства з роднай культурай паступова прыйшла і да беларускай мовы ў зносінах. Цімур, наадварот, размаўляе выключна па-руску — 7 гадоў таму ён пераехаў у Беларусь з Казані. Але супраць таго, каб аддаць дачку ў беларускамоўны дзіцячы садок, нічога не мае — усё ж у выхаванні галоўная роля адводзіцца жанчыне. Анжаліка яшчэ год будзе дома з мамай і брацікам, так што спробу ўладкаваць яе ў садок можна назваць генеральнай рэпетыцыяй.

Для пачатку падрабязна вывучаем пытанне ў інтэрнэце. На форумах мамы актыўна дзеляцца гісторыямі аб тым, як дзіця не хоча хадзіць у дзіцячы садок (незалежна ад мовы навучання) і абмяркоўваюць плюсы і мінусы (пачынаючы ад прыгожага посуду і заканчваючы небяспечнымі арэлямі) розных устаноў. Што датычыць беларускай мовы навучання, то на гэтую тэму вядуцца сапраўды гарачыя спрэчкі. Класічнае «ўсё пачынаецца з сям'і» чаргуецца з абураным «хачу — аддам, няхай там навучаць». І ўсё ж такі бацькоў больш цікавяць не развагі, якія часта пераходзяць у сварку, а канкрэтная інфармацыя: у якіх садках ёсць беларускамоўныя групы. На гэтым этапе ўзнікаюць цяжкасці — афіцыйнага спіса ў інтэрнэце няма. На розных сайтах знаходзім адрывістыя, часткова ўжо састарэлыя звесткі (пільныя бацькі не забываюць адзначаць гэта ў каментарыях). З улікам заўваг, аб'яднаўшы некалькі спісаў у адзін, пачынаем падбіраць садок.

Паблізу ад здымнай кватэры Аксаны і Цімура ў мікрараёне Уручча падыходзячага не знаходзім. Разглядаем іншыя варыянты: ёсць цалкам беларускамоўны садок недалёка ад працы Цімура (зможа вазіць), але ён амаль на другім канцы горада і ў доўгатэрміновай перспектыве гэта можа стаць нязручным. Аксана жартуе (ці не?), што дзеля добрай адукацыі можна і пераехаць.

Спрабуем усё ж такі патэлефанаваць. Адказваюць нам ветліва, але па-руску. «Мы самі не вызначаем, каго браць. З гэтым пытаннем — у адміністрацыю раёна. Вы ведаеце, як цяпер складана. Баюся, што верасень — непрыдатны час для таго, каб паспяхова з гэтым разабрацца. Станавіцеся на чаргу, і, можа быць, у наступным годзе...» На ўсялякі выпадак зададзенае пытанне аб гутарцы з дзіцем на беларускай мове развесяліла суразмоўцу: «Гэта ж дзеці! Навошта? Яны хутка ўсяму навучацца!»

Званкі ў дзіцячыя садкі, у якіх ёсць асобныя групы з беларускай мовай навучання, таксама не даюць выніку — усе пытанні праз адміністрацыю раёна. Звяртаемся туды. І вось тут нас чакае неспадзяванка: чарга агульная, у які садок падыдзе — у той і адправяць. Можа пашанцаваць, і ў ім будуць беларускамоўныя групы (у Першамайскім раёне цалкам беларускамоўных садкоў зараз няма), але верагоднасць не такая вялікая. Садкі ў іншых раёнах, напрыклад, як мы хацелі, побач з месцам працы бацькоў, разглядаць не мае сэнсу — усё вызначаецца строга месцам рэгістрацыі. Парадавала толькі тое, што вольныя месцы на гэты момант у садках яшчэ ёсць.

Такі вынік Аксану насцярожыў, таму сур'ёзна заняцца пошукам адпаведнага жаданням дзіцячага садка на наступны год яна збіраецца ў найбліжэйшы час.

Вырашаем ісці далей і ўявіць, што Анжаліку пара аддаваць не ў садок, а ўжо ў школу. Зноў бяромся за тэлефон: тут сітуацыя складаецца, на шчасце, прасцей. Многія беларускамоўныя агульнаадукацыйныя навучальныя ўстановы носяць статус гімназій, таму, як мы высветлілі падчас нашага імправізаванага абзвону, некаторыя з іх не прывязаны да рэгістрацыі. Гэта значыць, што пры жаданні вас з уруцкай рэгістрацыяй без праблем залічаць у гімназію ў Серабранцы. Аднак у найбліжэйшую да іх цяперашняй кватэры гімназію Анжаліцы давялося б дабірацца больш за 40 хвілін.

Прааналізаваўшы атрыманую з афіцыйных крыніц інфармацыю, Аксана свайго рашэння не мяняе — дачка будзе навучацца на беларускай мове. Але, каб лепш зразумець спецыфіку такога навучання, вырашаем пагутарыць з тымі, хто пра гэта ведае не па чутках, — выпускнікамі беларускамоўных навучальных устаноў.

«Свайму сыну нанач я спяваю беларускія калыханкі»

Знаходзім жадаючых расказаць пра ўласны досвед у сацыяльных сетках. Дар'я Канцадайла скончыла школу 10 гадоў таму, але той час і сёння ўзгадвае з цеплынёй. У сталічнай школе №89 яна вучылася ў класе з паглыбленым вывучэннем прадметаў этнакультурнага цыкла.

— Акрамя асноўнай школьнай праграмы, якая цалкам выкладалася на беларускай мове, у нас былі такія прадметы, як фальклорны тэатр, фальклорны танец, мастацтва вуснай прамовы, выяўленчае мастацтва, спевы... Усё гэта выкладалася на аснове традыцый, вераванняў, абрадаў нашых продкаў. Патлумачу на рэальных прыкладах. Калі гэта выяўленчае мастацтва, то вялізны радавод у тэхніцы вышыўкі ці выцінанкі; калі песні, то народныя, без апрацоўкі, запісаныя ад бабуль самімі выкладчыкамі.

Наш клас з этнакультурным ухілам быў толькі другім у сваім родзе на ўсёй тэрыторыі Беларусі. У сям'і да гэтага па-беларуску ніхто не размаўляў, мы з бацькамі і нават з бабуляй, якая пераехала з Заўралля, разам рабілі першыя крокі ў вывучэнні беларускай мовы.

З самага пачатку адчувала сябе абсалютна камфортна, таму што і ўсе астатнія дзеці былі з рускамоўных сем'яў, а беларускую мову мы вучылі на ўроках усе разам. Цяжкай адаптацыі не было, на мой погляд, таму, што дзеці — паліглоты, яны на інтуітыўным узроўні значна лепей, чым дарослыя, успрымаюць іншыя мовы. Дарэчы, свайму сыну нанач я спяваю калыханкі на беларускай мове, і ён усё разумее.

Пасля школы для мяне на працягу 4 гадоў больш блізкай была беларуская мова: я думала па-беларуску, таму кожную фразу пры размове прыходзілася ў галаве перакладаць, я нават сны бачыла беларускамоўныя. Але потым асяроддзе зрабіла сваю справу, і я вярнулася да рускай.

Шчыра кажучы, для свайго дзіцяці я спецыяльна не шукала б сад або школу з беларускай мовай навучання, для мяне больш прынцыповыя іншыя параметры — блізкасць да дома, прафесіяналізм педагогаў, чалавечнае стаўленне да вучняў. Але калі б мне прапанавалі дзве абсалютна аднолькавыя па вышэйпералічаных параметрах школы, то я выбрала б беларускамоўную. Рускай мовай дзіця карыстаецца ў паўсядзённым жыцці і таму валодае ёй нядрэнна, а вось беларускую мову вывучаць 2-4 гадзіны на тыдзень — гэта вельмі мала. Усё ж такі беларус павінен ведаць яе як родную, а не як замежную. Навучанне ў беларускім садку ці школе дасць дзіцяці ў далейшым магчымасць выбару мовы для паўсядзённых зносін.

Рыхтаваць трэба загадзя

Уражанні ад зносін з выпускнікамі беларускамоўных навучальных устаноў у Аксаны станоўчыя. Але для таго, каб канчаткова пераканацца ў правільнасці прынятага рашэння, звяртаемся да псіхолага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей Юліі ЯЎЛАШ.

— Сам па сабе факт навучання на беларускай мове для дзіцяці з рускамоўнай сям'і стрэсам не з'яўляецца. Аднак да паходу ў такую навучальную ўстанову яго абавязкова трэба рыхтаваць загадзя: тлумачыць, чаму гаворка адрозніваецца ад звыклай, разбіраць разам незразумелыя словы, чытаць кнігі. Многае залежыць ад матывацыі бацькоў. Калі яны хочуць аддаць сваё дзіця ў беларускамоўны садок ці школу толькі таму, што ў іх у свой час не было магчымасці добра вывучыць беларускую мову, то, хутчэй за ўсё, з гэтай задумы нічога добрага не атрымаецца. Аналогія — няўдачлівыя балярыны або піяністы, якія пераносяць свае жаданні на дзяцей. Не лепшая матывацыя і з дапамогай дзіцяці далучыцца да беларускамоўнага асяроддзя. Правадніком мусіць быць дарослы, але не дзіця.

Бацькі абавязкова павінны растлумачыць, што ў тым, каб чымсьці адрознівацца ад іншых, у тым ліку і мовай зносін, няма нічога страшнага. Гэта дазволіць выпрацаваць правільнае стаўленне да свету.

Дзеці звычайна значна лягчэй, чым дарослыя, успрымаюць новыя ўмовы, і пераход на іншую мову праходзіць для іх бязбольна. Калі ж у дзіцяці назіраюцца цяжкасці з адаптацыяй, то яго варта паказаць псіхолагу. Хутчэй за ўсё гэта будзе выклікана не беларускай мовай навучання, а моцнай нагрузкай.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?