Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» арганізаваў незвычайны адпачынак для сыноў


Журналіст патэлефанаваў знаёмаму арнітолагу і папрасіў яго стаць экскурсаводам... на балоце для сваіх дзяцей, якім 8 і 11 гадоў. Кандыдат біялагічных навук, дацэнт кафедры экалогіі і аховы прыроды Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава Уладзімір Іваноўскі здзівіўся просьбе. Сказаў, што ніхто не прасіў раней аб падобным. Звычайна адпраўляецца на балота з калегамі з розных краін, фатографамі, студэнтамі. А тут дзеці!


Самым складаным было знайсці сярод знаёмых чалавека з машынай. Хто захоча адвезці да балота, ды яшчэ і пахадзіць там? І пажадана, каб яму гэта было цікава. Перспектывай экзотыкі зацікавіўся даўні знаёмы Дзмітрый Сялюк. Дзеці яго вельмі любяць.

Жонка ж, перш чым даць згоду на нашу авантуру, задала тысячу пытанняў. Ці ёсць там магчымасць тэлефанаваць па мабільным, наколькі там небяспечна, а калі змяя ўкусіць? Самае галоўнае: хто будзе сачыць за дзецьмі? Тлумачыў, што трое дарослых ужо «як-небудзь» ды змогуць усачыць, каб малыя вярнуліся дадому ў «першапачатковым выглядзе».

Перад экскурсіяй на балота прыйшлося купіць сынам гумавыя боты ды сродак супраць камароў і кляшчоў. Дарэчы, на балоце камары рэдкасць, у найгоршым выпадку толькі па перыметры. Уладзімір Валянцінавіч параіў прыхапіць дзецям мінеральную ваду, бо падчас вялікіх фізічных нагрузак арганізм абязводжваецца і солі выходзяць з потам. Але хлопчыкі папрасілі салодкі газіраваны напой. У выніку на балоце ім вельмі хацелася піць...

Да балота, размешчанага на тэрыторыі Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Каз'янскі», ехалі прыкладна 1,5 гадзіны. Яшчэ па дарозе праз шкло аўто мы ўбачылі малога падворліка, ляснога голуба, белую і шэрую чапляў...

Дзецям спачатку прыйшлося цяжкавата. Дацэнт (ён так сам прасіў сябе называць, каб крычаць замест «ау!», калі хтосьці адстане) паабяцаў, што павядзе нас па сцежцы. Яе праклалі за доўгія гады да возера, размешчанага сярод балота (унікальных азёр у заказніку больш за сотню), рыбакі. Але зайшлі мы ў такія нетры, што мой прыяцель ціха стаў абурацца. Дзеці ж, на здзіўленне, паводзілі сябе мужна. Асабліва малодшы. Не магу сказаць, што з захапленнем, але з вялікай цікавасцю ішоў па балоцістай мясцовасці.

«На балоце жывуць многія прадстаўнікі Чырвонай кнігі, у тым ліку бываюць «праходам» і мядзведзі...», — расказвае па дарозе Уладзімір Валянцінавіч. Дзеці, пачуўшы пра драпежнікаў, трохі насцярожыліся. Але за ўсе доўгія гадзіны «экскурсіі» па балоце і ваколіцах мы ўбачылі толькі бяскрыўдных прадстаўнікоў фаўны. Напрыклад, маленькую жабку, пару бязногіх яшчарак. Старэйшы не пабаяўся, а малодшы, убачыўшы першую, адскочыў. Затое другую не баяўся. Што тычыцца раслін, зразумела, нідзе раней дзеці не маглі бачыць, як растуць мірт, багун балотны, буякі, брусніцы, журавіны...

Незабыўным стала «відовішча»: арнітолаг забраўся на высокую сасну, каб збудаваць гняздо для сокалаў. Перад гэтым выразаў нажоўкай вялікую махавую купіну. Каб залезці на дрэва, нацягнуў на боты адмысловыя «пікі-дрэвалазы».

Не абышлося і без «надзвычайных здарэнняў». Малы прамачыў ногі на беразе невялічкага возера. Пасля гэтага не капрызіў, чым вельмі здзівіў дацэнта. Вучоны пахваліў дзяцей за вытрымку і паабяцаў пры магчымасці зноў узяць з сабой. Хлопчыкі ў адзін голас заявілі, што хочуць гэтага.

Безумоўна, такія прыгоды спрыяюць таму, каб дзеці цікавіліся не толькі гульнямі ў смартфонах.

— Асабіста бачыў, што не толькі дзеці, але і дарослыя ў горадзе ловяць пакемонаў. А можна ж не менш азартна вызначаць віды птушак, — разважае Уладзімір Іваноўскі. — Ёсць у нас пры арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» клубы: «50», «100», «200»... Членамі могуць стаць тыя, хто ўбачыць адпаведную колькасць відаў птушак (пажадана сфатаграфаваць). А чаму б нашым праграмістам не стварыць гульню, каб дзеці больш даведаліся пра птушак, насякомых, расліны? І добра, як у выпадку з папулярнымі гульнямі, каб пераможцы атрымлівалі ўзнагароду.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Шумілінскі раён — Віцебск

Загаловак у газеце: Балотныя прыгоды Шурыка, або Пакемоны добра, птушкі — лепш!

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.