Вы тут

Дзень вывернутых кішэняў


Калі я была малая, заўсёды хадзіла па вуліцы з вывернутымі кішэнямі. «Чаму» — пыталіся дарослыя? «Няўжо не зразумела, — адказвала, — каб злодзеі адразу бачылі, што ў мяне нічога няма...»


Сёння разумею, што менавіта тады я была па-сапраўднаму шчаслівая. Парадокс, але вывернутыя кішэні давалі мне адчуванне шчасця, лёгкасці. З узростам жа мы іх напаўняем: хто зайздрасцю, хто злосцю, хто крыўдамі...

Аднойчы вучань звярнуўся да настаўніка з просьбай:

— Вы заўсёды ў добрым настроі, ніколі не злуяцеся. Дапамажыце і мне стаць такім.

Настаўнік пагадзіўся і загадаў яму прынесці вядро бульбы ды вялікі празрысты пакунак.

— Калі ты на каго-небудзь раззлуешся і затоіш крыўду, — сказаў настаўнік, — дык вазьмі бульбіну. З аднаго боку напішы сваё імя, з другога — імя чалавека, з якім адбыўся канфлікт, і пакладзі яе ў пакунак.

— І гэта ўсё? — здзіўлена спытаў вучань.

— Не, — усміхнуўся настаўнік. — Ты павінен гэты пакунак заўсёды насіць з сабой. І кожны раз, калі на каго-небудзь пакрыўдзішся, дадаваць у яго чарговую бульбіну. Вучань пагадзіўся.

Прайшоў нейкі час. Пакунак вучня напоўніўся бульбінамі і стаў ужо досыць цяжкім. Яго вельмі нязручна было насіць з сабой. Да таго ж тая бульба, што ён паклаў у самым пачатку, стала псавацца. Яна пакрылася слізкім брыдкім налётам, некаторыя клубні прараслі, некаторыя зацвілі і сталі смярдзець.

Вучань зноў прыйшоў да настаўніка і сказаў:

— Гэта ўжо немагчыма насіць з сабой. Па-першае пакунак занадта цяжкі, а па-другое — бульба сапсавалася. Прапануйце, калі ласка, што-небудзь іншае.

Але настаўнік адказаў:

— Тое ж самае адбываецца і ў цябе ў душы. Калі ты на каго-небудзь злуешся, крыўдзішся, то ў цябе ў душы з'яўляецца цяжкі камень. Проста ты гэта адразу не заўважаеш. З часам камянёў становіцца больш. Учынкі ператвараюцца ў звычкі, звычкі — у характар, які нараджае смуродныя заганы. Я даў табе магчымасць паназіраць увесь гэты працэс збоку. Кожны раз, калі ты вырашыш пакрыўдзіцца або, наадварот, пакрыўдзіць кагосьці, падумай, ці патрэбны табе гэты груз.

Метро. Раніца. Іду-чытаю, нікога не чапаю. І тут мяне нехта моцна штурхнуў, пры гэтым балюча наступіўшы на нагу. Замест таго каб выбачыцца, мужчынскі голас накінуўся на мяне з крыкам, прыпраўленым мацюкамі: «...Тут табе не бібліятэка...» Быццам бы гэта я яму наступіла на нагу, а не ён мне. Я ўжо хацела сказаць штосьці крыўднае ў адказ. Але палічыла да чатырох. Усміхнулася і сказала: «Прабачце, калі ласка».

І здарыўся цуд! Не, мужчына не ўсміхнуўся ў адказ, не папрасіў прабачэння. Наадварот, рвануў наперад, распіхваючы іншых людзей перад эскалатарам. А вось я на душы адчула такую лёгкасць — як тады ў дзяцінстве, калі хадзіла з вывернутымі кішэнямі.

Няспешна спусцілася ўніз па эскалатары. Зайшла ў вагон. І стала якраз насупраць... свайго крыўдзіцеля, які, хоць і паспеў заняць месца, працягваў злавацца на ўвесь свет...

У кожным чалавеку ідзе барацьба, вельмі падобная на барацьбу двух ваўкоў. Адзін воўк уяўляе зло: зайздрасць, рэўнасць, эгаізм, амбіцыі, хлусню. Другі воўк — дабро: мір, любоў, надзею, ісціну, дабрыню, вернасць. І як вы думаеце, які воўк урэшце перамагае? Так, заўсёды перамагае той воўк, якога ты корміш.

...Калі расказала мужу гісторыю пра вывернутыя кішэні, ён прапанаваў унесці ў каляндар нашых сямейных традыцый «Дзень вывернутых кішэняў». «А давай раз на месяц будзем хадзіць па вуліцы з вывернутымі кішэнямі. Магчыма, нехта спытаецца «чаму?» А мы патлумачым. І, хто ведае, мо яшчэ на аднаго шчаслівага дарослага стане больш...»

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzіeja@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».