Вы тут

На любімую справу Уладзіміра Юрасіка натхнілі коні


Уладзімір Юрасік, мой суразмоўца, лічыць, што на размераны, спакойны ход яго жыцця паўплывалі... коні. Так-так, гэтыя статныя прыгажуны дапамаглі яму нарэшце сустрэць сваё шчасце, стварыць сям'ю, набыць дом на беразе ракі, знайсці справу па душы, смела заглядваць у будучыню.


Ра­мес­нік Ула­дзі­мір Юра­сік са сва­ім лю­бім­цам Гор­цам, жон­кай Ма­ры­яй  і да­чуш­кай Юнай.

Яго жыццё падзялілася на «да» і «пасля». «Да», калі яшчэ не ведаў пра існаванне Марыі, амаль не ўспамінае. А яна — зусім яшчэ юная, з даверлівым позіркам, непрыкметна ўвайшла ў яго жыццё. На паўналецце каханай падарыў... жарабя. Маша з Валодзем часта прагульваліся вечарамі па горадзе конна, пад размераны цокат капытоў паслухмяных жывёл, марылі пра будучыню.

А яна неўзабаве затухкала пад сэрцам Марыі. Калі зразумелі, што хутка іх стане трое, Юрасікі перабраліся жыць у драўляную хатку ў вёсцы Багуславічы, што за Залуззем. Побач нясе свае воды ціхі і спакойны Мухавец. А сустракаць світанкі над ракой пад пошчак птушак — што можа быць прыемней?

Неўзабаве нарадзілася Юна. Дзіўна, каравокая малая пераставала плакаць, калі чула птушак: гукі прыроды для яе — песня.

Абзавяліся гаспадаркай — на падворку процьма свойскай птушкі, ёсць козы, авечкі, каты, сабакі і, канешне, коні. Чарнагрывы Горац, або Гарыныч, як яго жартаўліва называе гаспадар, вельмі любіць цукеркі і заплюшчвае вочы ад задавальнення, калі пачасаць яго за вушкам. А вось Зарына асцярожная, хоць ад пачастунку не адмаўляецца. З вясны да восені яны катаюць наведвальнікаў, якія з'яўляюцца на падворку Юрасікаў. Спакойныя пад незнаёмцамі коні асцярожна тупаюць па-над Мухаўцом, даюць магчымасць гараджанам адчуць прыгажосць прыроды, адпачыць ад надзённых праблем. Пасля верхавой прагулкі Уладзімір абавязкова пачастуе госця вясковымі прысмакамі: вэнджанай баранінай, яечняй і гарбаткай за столікам у засені бяроз. Дарэчы, гэта пакуль адзіная ў Жабінкаўскім раёне фермерская гаспадарка, дзе можна пакатацца вярхом у сядле і пафатаграфавацца.

Хоць гаспадар лічыць сябе ўнікальным не ў гэтай справе: ён адзіны не толькі на Жабінкаўшчыне, але, бадай, і ў краіне майстар, які пляце... нагайкі.

— Нагайка — гэта найлепшы падарунак для мужчыны, — лічыць Уладзімір. — Са старажытнага часу менавіта яна з'яўлялася сімвалам улады, як скіпетр у цара (яе знаходзілі нават у грабніцах фараонаў), лічыцца моцным абярэгам.

У нагайкі тры прызначэнні: для кіравання канём, пакарання казака, а яшчэ яна з'яўляецца элементам форменнай вопраткі, можа выкарыстоўвацца для самаабароны, заняткаў гімнастыкай, для адточвання прыёмаў рукапашнага бою.

Калі Уладзімір купіў коней, захацеў займець і нагайку. Аднак яе кошт надта «кусаўся», таму вырашыў сплесці сам.

У інтэрнэце было няшмат інфармацыі, як рабіць нагайку. Дзейнічаў унутраным пачуццём, шляхам проб і памылак, сапсаваў метры скуры, пакуль стала атрымлівацца менавіта тое, што задумвалася.

Уладзімір бярэ адну нагайку і дэманстратыўна шчоўкае ў паветры: «аднаго ўдару хопіць, каб конь упаў як нежывы», і дадае, што яна зброяй не з'яўляецца. Гэтай прыладай рамеснік ганарыцца: «толькі адчуй, як у руцэ ляжыць. Унутры — стальная балванка, на канцы — ударны жалезны наканечнік. Аснова нагайкі — плеценая абгортка, зверху — 12-палоснае пляценне. Прычым палосы гэтыя — 3,5 метра кожная. Зверху для бляску скуру пакрываю італьянскім крэмам для ботаў».

Майстар ганарыцца акуратнасцю, шчыльнасцю венецыянскай касы, якая ўпрыгожвае не толькі нагайкі, але кашалькі, невялічкія сумачкі. Усё робіцца толькі са скуры. Такую не сорамна падарыць «высокім» гасцям. Дарэчы, як сцвярджае Уладзімір, ягоныя «сімвалы ўлады» ёсць у Кітаі, Германіі, Польшчы, Расіі, Казахстане. Нядаўна заказалі чарговую партыю нагаек сябры-казакі. Спартсмены аднаго з брэсцкіх клубаў рукапашнага бою купілі ў Юрасіка іх больш за дзясятак.

— Без работы не застануся, — смяецца Уладзімір. — На байк-фестывалі мае рэчы са скуры разыходзіліся на «ўра», хоць таннымі іх не назавеш. Прыхільнікаў якасных рэчаў ручнога вырабу з кожным годам большае.

...Пляце Уладзімір чарговую нагайку амаль да світанку. У ложачку мірна пасапвае двухгадовая дачушка Юна, побач — маладая жонка. У невялічкім акенцы відаць, як нараджаецца новы дзень. У такія хвіліны, захопленыя працай, лёгка думаецца і марыцца. Марыць Уладзімір, што будзе некалі тут турыстычны маршрут. Сябрук Алег робіць лодку-баркас і вясной, мяркуецца, будзе катаць турыстаў па Мухаўцы. Ён адмысловы рыбак, такую юшку са шчупака зварыць — смаката! Непадалёк — аграсядзіба Шадрына. Там можна прыдбаць драўляныя распісныя сувеніры. А Валодзя на конях пакатае, баранінай пачастуе, скураныя вырабы прапануе. У смелых праектах — арганізаваць тут музычны фестываль класічнай мелодыі. Побач — этнаграфічны музей, так што турыстам ёсць што прапанаваць і паказаць.

У гэтых прыгожых, напоеных чысцінёй і водарам кветак мясцінах жаданні збываюцца. Няхай.

Святлана БЯЛЯК

Загаловак у газеце: Мары Юрасіка, або На любімую справу натхнілі... коні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».