Вы тут

Страчаны экіпаж


Лётчыкі, якія ў чэрвені 1941-га пацярпелі крушэнне ў Старадарожскім раёне, доўгі час лічыліся зніклымі без вестак...

На днях у рэдакцыю «Звязды» завітала мінчанка Вера Аляксандраўна Здаравец. Узрушаная апублікаваным у пачатку жніўня матэрыялам «Экіпаж адлятае ў вечнасць...», пенсіянерка заявіла: ёй ёсць што дадаць у гэтай гісторыі.


Нагадаем, у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны некалькі лётных экіпажаў пацярпелі крушэнне на тэрыторыі Слуцкага і Старадарожскага раёнаў. Адзін з іх быў збіты каля вёскі Селішча, што на Старадарожчыне. Тут прайшлі дзяцінства і юнацтва Веры Здаравец. Таму пра самалёт, які ўпаў непадалёк ад вёскі ў канцы чэрвеня 1941 года, яна ведае з першых вуснаў. Больш за тое, жанчына, якая займаецца гэтай гісторыяй з 2012-га, вядзе пошукі сваякоў збітага экіпажа і спрабуе дамагчыся, каб на месцы трагедыі з'явіўся годны абеліск.

Посуд з абломкаў самалёта

У пасляваенны час хадзіць на месца падзення баявой машыны для мясцовай дзятвы лічылася не проста забавай. Падлеткаў, а асабліва хлапчукоў, вабілі не толькі абломкі самалёта (тое, што ад яго засталося, доўгія гады ляжала на полі каля вёскі), а і боепрыпасы, якія ў напамін аб сабе пакінула вайна. Як успамінае Вера Аляксандраўна, з-за гэтых забаў некаторыя яе таварышы засталіся інвалідамі.

— Помню, як мясцовыя майстры вылівалі з абломкаў самалёта лыжкі і патэльні, — расказвае жанчына. — Я нават бачыла, як расплаўлены алюміній залівалі ў спецыяльныя формы. Быў такі посуд і ў нас. Лыжкі і дагэтуль захаваліся.

Паветраны бой

28 чэрвеня 1941 года на мяжы Слуцкага і Старадарожскага раёнаў завязаўся паветраны бой. Варонкі ад бомбаў і сёння сведчаць аб тым, які жах адбываўся ў небе над Селішчам. Згодна з архіўнымі звесткамі, савецкая авіяцыя ішла бамбіць калону нямецкіх танкаў. Адзін самалёт быў імгненна падбіты фашысцкім знішчальнікам і ўпаў на лес каля вёскі Селішча.

— Мы, дзятва, пайшлі паглядзець, дзе размясціліся немцы, — успамінае тыя падзеі Анатоль Радкевіч. — І тут, адкуль не вазьміся, самалёты ляцяць... Нізка ляцелі, дзесьці шэсць самалётаў, амаль побач з намі. Такая трывога пачалася! Мы — бягом дахаты. Нас сабралася шмат. Не дабег дзесьці 2—3 метры да брамкі, як жахнулі бомбы, аглушылі. Я ўпаў пад плот. Цёмна стала, якраз дождж пайшоў. Падняліся нямецкія самалёты — і пачаўся бой. Калі ўсё заціхла, я падняўся. І вось кажуць, што непадалёку наш самалёт упаў...

Выляталі з Горак

Па ўспамінах Вячаслава Казючыца, які пачуў гэтую гісторыю з вуснаў сваёй маці, у збітым самалёце знаходзіліся два лётчыкі. Аднаму ўдалося катапультавацца і на парашуце спусціцца ў лес. Другога лётчыка мясцовыя жыхары знайшлі непадалёк ад збітай тэхнікі мёртвым.

— Пасля таго як здарылася трагедыя, мая маці, Фенія Якімаўна, разам з іншымі аднавяскоўцамі паспяшалася на месца падзеі, — расказвае Вера Здаравец. — Акрамя пацярпелага лётчыка, удалося адшукаць яго дакументы, якія мая маці перадала брыгадзіру калгаса Фёдару Казючыцу. Да канца свайго жыцця яна памятала, што ў загінуўшага чырвонаармейца прозвішча было ці то Вадагрэй, ці то Вадагрэцкі.

Пошукі прывялі Веру Аляксандраўну ў архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, што ў Падольску. Сапраўды, быў такі лейтэнант Міхаіл Пятровіч Вадагрэцкі, які прапаў без вестак 28 чэрвеня 1941 года — якраз у той дзень, калі быў збіты самалёт. Менавіта дзякуючы гэтай інфармацыі ўдалося высветліць імёны і астатніх членаў экіпажа.

Па архіўных звестках, экіпаж таго самалёта складалі не два, а тры чалавекі. Дакументы сведчаць: старшы бамбардзір, лейтэнант Міхаіл Пятровіч Вадагрэцкі, 1913 года нараджэння, ураджэнец Арджанікідзаўскага краю; пілот, малодшы лейтэнант Аляксандр Іванавіч Неўтрынс; стралок-радыст, Анатоль Іванавіч Мусіенка, 1920 года нараджэння, украінец. Дата і месца выбыцця ва ўсіх трох супадаюць: выляталі лётчыкі з беларускіх Горак, што на Магілёўшчыне.

Пра тых, хто выжыў

У тым жудасным баі пашчасціла выжыць двум членам экіпажа. Параненага Анатоля Мусіенку, які спускаўся на парашуце, адшукаў у лесе мясцовы жыхар Пётр Казючыц. У той дзень ён пасвіў кароў якраз непадалёк ад таго месца, дзе ўпаў савецкі бамбардзіроўшчык.

— Увечары мае бацькі перавезлі лётчыка ў вёску, — успамінае Вячаслаў Казючыц. — Хавалі яго на гарышчы ў стайні, у саломе. Лячылі, кармілі. Неўзабаве ён пачаў папраўляцца. У вёсцы папаўзлі чуткі, што мы хаваем савецкага салдата. Калі лётчык аб гэтым даведаўся, каб не загубіць нас (немцы маглі расстраляць усю сям'ю), ён вырашыў сысці ў партызаны. Паколькі на той момант у нашым раёне яшчэ не існавала партызанскіх атрадаў, а бліжэйшыя былі толькі на Любаншчыне, мая мама правяла раніцай лётчыка да дарогі і патлумачыла, як дабрацца да Любані.

Больш Казючыцы яго не бачылі. Нічога не змаглі даведацца і пра далейшы лёс савецкага салдата. Калі пасля вайны праз мясцовую газету адзін лётчык шукаў сям'ю, якая ў гады ваеннага ліхалецця яму дапамагла, Казючыцы не адгукнуліся. Падумалі, што ў вайну такіх выпадкаў было шмат. Калі б гаспадары былі больш настойлівымі ў пошуку, то даведаліся б, што пасля таго, як Анатоль Мусіенка сышоў з вёскі, ён зноў трапіў на фронт. Але другога шанцу лёс яму не даў: 7 жніўня 1942 года самалёт лётчыка разбіўся ў раёне Майкопа.

Пілотам збітага ў чэрвені 1941 года ў Старадарожскім раёне самалёта быў Аляксандр Неўтрынс. Яму тады пашчасціла менш, чым Мусіенку. У той жа дзень лётчык трапіў у палон. Спачатку ўтрымліваўся ў перасыльным лагеры для ваеннапалонных у Полацку, пасля быў адпраўлены ў Германію. 4 красавіка 1943 года памёр ад сухотаў.

Дзеля памяці

На абагульненым электронным банку даных «Мемарыял» усе трое з членаў экіпажа лічацца зніклымі без вестак. Калі пра тое, што здарылася з Анатолем Мусіенкам і Аляксандрам Неўтрынсам стала вядома з іншых крыніц, то пра далейшы лёс Міхаіла Вадагрэцкага не сказана ні ў адной дакументальнай крыніцы.

Але для тых, хто хоць што-небудзь чуў пра тую гісторыю, гэта не так. Больш за тое, Вера Здаравец ведае месца, дзе жыхары вёскі Селішча пахавалі байца. Але магіла лётчыка не толькі безыменная, а нават не абазначаная. Зараз на тым месцы нішто не сведчыць аб тым, што тут магіла салдата Чырвонай Арміі. А на месцы трагедыі больш як 75-гадовай даўніны — звычайнае поле.

Добра, калі там калі-небудзь з'явяцца знакі памяці. Толькі галоўнае для Веры Аляксандраўны — знайсці сваякоў палеглага лейтэнанта. Жанчына ўжо абтэлефанавала ўсе раёны, на тэрыторыі якіх магло б знаходзіцца даваеннае сяло Нова-Іванаўка былога Арджанікідзаўскага (цяпер Стаўрапольскага) краю, адкуль быў родам Міхаіл Вадагрэцкі. Вядома, што маці вайскоўца, Марыя Мікалаеўна Вадагрэцкая, была жыхаркай станіцы Нова-Іванаўка Майкопскага раёна. Пакуль пошукі безвыніковыя. Яны ўскладняюцца тым, што да 1943 года ў Арджанікідзаўскі край уваходзіла шмат самастойных сёння рэспублік. У мясцовых ваенкаматах паабяцалі даць інфармацыю ў газетах. Магчыма, хто і адгукнецца. І тады Вера Аляксандраўна ажыццявіць сваю даўнюю мару — падорыць сваякам чырвонаармейца лыжку, вылітую з абломкаў самалёта, і фотаздымак сваёй маці, дзякуючы якой захавалася імя лётчыка.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Гэта паказалі на прыкладзе Мінскага і Валожынскага раёнаў.

Грамадства

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

На сямейным фестывалі «ТатаPro» таты, якія вырашылі пайсці ў дэкрэтны адпачынак або раздзяліць яго з жонкай, падзяліліся сваімі гісторыямі і расказалі пра тонкасці дэкрэта.

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі.