Вы тут

У віцебскім жылым доме зніклі ўваходныя дзверы


У Віцебску ў пад'ездзе шматпавярховага жылога дома ўжо трэці месяц няма ўваходных металічных дзвярэй. Яны «таямнічым чынам» зніклі. Адпаведна, не працуе і дамафон. Фірма, якая абслугоўвае запорна-перагаворную прыладу (такую афіцыйную назву маюць дзверы і дамафонная сістэма), прапанавала людзям скінуцца на новыя. Кошт іх ацанілі ў 600 рублёў. Ці маюць яны рацыю? У сітуацыі разбіраўся карэспандэнт «Звязды».


Уважліва чытайце дамову!

Па сутнасці, у аналагічнае становішча могуць трапіць усе жыльцы пад'ездаў з дамафоннай сістэмай.

Жыльцы 6-га пад'езда дома №15 па праспекце Люднікава раніцай у пачатку ліпеня, выходзячы з пад'езда, не ўбачылі свае дзверы.

«Розыгрыш? Каму спатрэбілася красці дзвярное палатно? Каб здаць у металалом? Але ж дзверы не пацягнуць у пункт нарыхтоўкі металу?» — такія пытанні людзі задавалі адзін аднаму. І спадзяваліся, што або «жартаўнікі» вернуць дзверы, або міліцыя знойдзе зладзеяў. Ішоў час, а дзверы так і не вярнуліся на месца.

Аўтар гэтых радкоў апытаў некалькі жыхароў пад'езда. Прасіў паказаць дамову з фірмай, якая абслугоўвае дзверы і дамафонную сістэму. Але людзі нават не памятаюць дакладна, у якім прыкладна годзе ўсталявалі дзверы. Дамовы таксама не знайшлі.

У фірме, зразумела, ёсць адпаведныя дакументы. У прыватнасці, дамова на тэхнічнае абслугоўванне была заключана ў верасні 2005 года з прадстаўніцай жыльцоў пад'езда.

Наконт таго, ці павінны жыльцы аплачваць устаноўку новых дзвярэй, ёсць адпаведныя пункты ў дамове. Там сказана, што «пры фактах вандалізму і крадзяжу рамонтныя работы ажыццяўляюцца за кошт жыльцоў пад'езда...»

Крымінальную справу не завялі

Па каментарый карэспандэнт звярнуўся ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёна Віцебска.

У афіцыйным адказе адзначалася, што фірма запэўніла: плата за тэхнічнае абслугоўванне запорна-перагаворнай прылады, пакуль яна тэхнічна няспраўная, налічвацца не будзе. Дарэчы, жыльцы былі вельмі здзіўленыя тым, што ў «жыроўцы» за ліпень у радку пра карыстанне запорна-перагаворнай прыладай была прапісана сума — больш за 9000 рублёў (да дэнамінацыі).

Аказваецца, з-за невысокага астаткавага кошту скрадзенага абсталявання (да 10 базавых велічынь) аддзелам унутраных спраў раёна прынята рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. У адміністрацыі канстатавалі пры гэтым, што мерапрыемствы па пошуку працягваюцца. І ў выпадку ўстанаўлення вінаватага яго прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.

Знаёмы пракурорскі работнік адзначыў, што ў аддзеле міліцыі насамрэч мелі права не заводзіць справу. Але ж, калі жыльцы ўсё-такі незадаволеныя гэтым, яны могуць напісаць калектыўную скаргу.

У размове з журналістам некаторыя з жыхароў казалі, што падазраюць аднаго з суседзяў. Скажам так, праблемнага. Такія, напэўна, ёсць у многіх дамах. Яны любяць пашумець з сябрамі, кураць на пляцоўках, хоць, як вядома, гэта забаронена. Актывістка з ліку жыльцоў успомніла, што ў таго суседа няма ключа ад дамафоннай сістэмы. І ён шмат разоў нават ноччу тэлефанаваў ёй і іншым, каб трапіць дадому. Можа, вырашыў спрасціць сабе доступ да жылля?

Зноў збіраюць грошы

На жаль, з тым самым «падазроным» пагаварыць мне не ўдалося. Разумею яго суседзяў па пад'ездзе, якія, верагодна, баяцца помсты. Адна з жанчын нават сказала, што здагадваецца, дзе дзверы. Паводле яе версіі, яны... у падвале. (Маўляў, той жа праблемны сусед і намякнуў.)

Перад публікацыяй стала вядома, што жыльцы збіраюць па 20 рублёў з кватэры, бо ўжо не могуць цярпець, што іх пад'езд ператварыўся ў «прахадны двор».

Спадзяюцца, што новыя дзверы будуць надзейнымі, і іх цяжка будзе так проста зняць. Але міжвольна людзі агучваюць пытанне: калі і яны раптам «знікнуць», зноў прыйдзецца збіраць грошы? І няўжо жыльцам трэба па чарзе дзяжурыць каля дзвярэй, каб іх не ламалі і не кралі?

Пачуў і такое меркаванне: «За столькі гадоў, калі падлічыць, фірма атрымала грошы на некалькі дзвярэй. Дык няўжо не магла ў выглядзе выключэння ўсталяваць дзверы?» Нядаўна, праўда, пры ўваходзе ў пад'езд павесілі аб'яву: работы па мантажы і аднаўленні дамафоннай сістэмы фірма ажыццявіць за ўласны кошт.

І напрыканцы, як кажуць, і «смех і грэх». Ужо даўно ў тым жа пад'ездзе пры ўваходзе і на другім паверсе няма штучнага асвятлення. Жыльцы тэлефанавалі ў камунальную арганізацыю. Але па тэлефоне пачулі, што... лямпачак няма. Між тым людзі спраўна плацяць за тэхнічнае абслугоўванне.

Сказалі, што будуць звяртацца на «прамую лінію» ў гарвыканкам, аблвыканкам. Але, калі задумацца, няўжо мэр ці губернатар павінны заклікаць адказных замяніць лямпачку?

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Дзверы зніклі. Куды глядзелі... жыльцы?

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.