Вы тут

Першы міні-мюзікл праекта «Наперад у мінулае» гатовы да эфіру


Цягам верасня гледачы канала «Беларусь 3» назіралі за тым, як святкуюць дажынкі на Смаргоншчыне, Любаншчыне і Полаччыне, слухалі жніўныя песні ў іх аўтэнтычным гучанні і сучаснай апрацоўцы. А ўжо ў нядзелю, 25 верасня, выйдзе ў эфір праграма, якая аб'яднае і падсумуе ўсе «дажынкавыя» выпускі праекта «Наперад у мінулае». Адметна, што тут прагучыць не адна традыцыйная песня ў сучаснай інтэрпрэтацыі, а цэлых шэсць.

Карэспандэнт «Звязды», які вандруе па Беларусі разам са здымачнай камандай праграмы, адной з першых паглядзела міні-мюзікл і ўжо сёння дзеліцца ўражаннямі з нашымі чытачамі.


Жан­чы­нам у пра­цы час­та да­па­ма­га­юць кас­цы.

«Божа, памажы, хлеба ўрадзі»

У традыцыйнай культуры беларусаў жніво — надзвычай важная справа. Гэта і падвядзенне вынікаў летняй працы, і магчымасць быць упэўненымі ў тым, што зіма не будзе галоднай. Нездарма ж на жніво прынята было надзяваць чыстыя кашулі, як на свята, а словы жыта і жыццё, збожжа і Бог маюць агульныя этымалагічныя карані. Калі жыта зжата, ураджай сабраны ў свіран, можна святкаваць і адпачываць.

Як вядома, нашы продкі спявалі не толькі калі на душы было весела. Песня дапамагала ў працы, надавала ёй адметны рытм, давала магчымасць працаўнікам нейкім чынам аб'ядноўвацца, быць заўсёды ў камунікацыі — стаць вялікім калектывам, які робіць агульную і важную для ўсіх справу. Таму не выпадкова жнеі пачыналі спяваць яшчэ па дарозе ў поле, спевы суправаджалі сам працэс жніва, а таксама гучалі падчас святочнага застолля ў гаспадара, што завяршала свята.

Гэтыя этапы — песня перад жнівом, малітва, зварот-прывітанне да маці-зямлі, непасрэдна жніво з песнямі, услаўленне гаспадара і песні-любаванні апошнім нязжатым участкам поля — агульныя для ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Так, на Смаргоншчыне не пачыналі працаваць, пакуль тройчы не абыходзілі з песнямі нязжаты кавалак поля, а на Любаншчыне перад жнівом абавязкова прамаўлялі «Ойча наш...» як просьбу Богу дапамагчы ў працы і даць добры ўраджай. На Полаччыне прынята было вітаць зямлю прыкладна такімі словамі:

«Добры дзень, зерне буйное, зямелька-маці, прымі мой нізкі паклон. Дай мне сілу вялікую, каб мае ручкі не балелі, каб ножкі не нямелі, каб спінка не ныла, каб я ўсё поле зваявала, усё жыта пажала».

«Як пайду я каля лесу блізка»

Рытуаламі суправаджаўся і сам працэс жніва. Напрыклад, на Полаччыне з першых зжатых сцяблін збожжа жнеі рабілі для сябе і для касцоў адмысловыя паясы. Іх тут называюць вязьмо. Вязьмо — гэта своеасаблівы абярэг, ён дае сілы на работу і засцерагае ад ляноты. Пачынаць работу можна толькі тады, калі падперазаўся вязьмом. Дарэчы, тут жнеі не жалі жыта сярпамі, а звязвалі скошанае збожжа ў снапы і складалі іх у копы. У працы жанчынам дапамагалі мужчыны — менавіта яны касілі жыта ў полі. Распачынаў касьбу па традыцыі старэйшы мужчына, а потым да яго далучаліся іншыя касцы.

У песнях, што гучалі падчас жніва, жанчыны казалі не толькі пра цяжкую працу, але і прадчувалі яе прыемныя вынікі. Як у гэтай песні з вёскі Багатырская, што на Полаччыне:

Як пайду я каля лесу

блізка, каля зямлі нізка,

Як нажну я восем коп

жыта, дзявятую пшонкі.

Навару я восем бочак піва,

дзявятую мёду,

Напяку я кораб з пірагамі,

Сазаву я ўсю радзіну

ў госці.

У гэтым рэгіёне прынята складваць копы з дзевяці снапоў. Восем ставілі блізка адзін да аднаго, а дзявяты — каб «замыкаў» капу — наверх.

«Чыя гэта барада?»

Агульнай для розных рэгіёнаў Беларусі з'яўляецца і традыцыя пакідаць нязжатым апошні кавалак поля. Яго называлі «барадой». Нашы продкі верылі, што душа нівы — яна мае выгляд казлападобнай істоты — хаваецца ў апошніх нязжатых каласах. Таму ахвяравалі духам нівы хлеб, соль, яйкі, упрыгожвалі бараду стужкамі, кветкамі, ягадамі рабіны. На Смаргоншчыне і Любаншчыне бараду завівалі адмысловым чынам, упрыгожвалі кветачкамі, клалі лустачку хлеба — каб поле было чыстым і ўраджайным. А вось і прыклад песні-ўслаўлення барады з Полаччыны:

Сядзіць голуб на дубе,

дзівуецца барадзе.

Дзіва-дзіва, дзіва-дзіва.

Чыя гэта барада,

уся мёдам уліта?

Дзіва-дзіва, дзіва-дзіва.

Уся мёдам уліта

і блінамі ўшыта.

Дзіва-дзіва, дзіва-дзіва.

Магічныя ўласцівасці прыпісваліся і самой зжатай ніве. Так, на Любаншчыне дзяўчаты качаюцца па жніве, каб зямля ім здароўя і сіл дала. Кажуць такія словы: «Ніўка-ніўка, аддай мне сілушку. На коніка — лой, на ніўку — гной, а мне на здароўе». Як цудадзейны нашы продкі ўспрымалі і апошні зжаты сноп — яго называлі «дзедам». З ім дзеўкі качаліся па барадзе, каб хутчэй замуж выйсці. Лічылася таксама, што дзед валодае лекавай сілай, яго неслі да хворых, цяжарных ды маладух, якія нядаўна выйшлі замуж.

Завяршала працэс жніва адметная песня. Яе жнеі спявалі ўжо па дарозе з поля дадому.

А ў нас сёння вайна была.

Усё поле зваёвана,

Усё жыта пажата,

У снапы павязана.

«...пану ўчынілі славу».

Паўсюль у Беларусі прынята апошні дажынкавы сноп дарыць гаспадару, каб той яго на покуць паставіў і захаваў да наступнага ўраджаю. Пры гэтым казалі прыкладна такія словы: «Пастаў яго ў хаце на куце, а нам заплаці па чырвончыку на падале». Лічылася, што зерне з дзеда валодае цудадзейнай сілай: калі пачынаецца сяўба азімых, яго дадаюць да насення, каб добра ўрадзіла жыта на наступны год.

Нават песня пра гэта распавядае:

А мы свайму пану ўчынілі

славу:

Жыта ўсё пажалі, ў снапы

павязалі,

У копы панасілі,

у Бога папрасілі.

Радзі, божа, жыта

на другое лета,

На другое лета лепшае

за гэта.

А ў вёсцы Сінькі, што на Смаргоншчыне, для гаспадара плялі вянок з апошніх зжатых каласоў. Надзявалі яго на галаву з пажаданнямі: «Каб у нашага гаспадара галава і цела не балела, каб здабытае спажыў і на свеце доўга жыў». Гаспадар у сваю чаргу павінен быў заплаціць жнеям за добрую працу ды і пачаставаць іх за сталом. Пра гэта — і песня з Полаччыны:

Барашачак

чорненькі-чорненькі

Па століку

коціцца-коціцца.

Нам гарэлкі

хочацца-хочацца.

Барашачка мыць

будзем—мыць будзем,

Гарэлачку піць

будзем—піць будзем.

Барашачка

вымылі—вымылі,

Гарэлачку выпілі—выпілі.

Не выпадкова дажынкі традыцыйна заканчваюцца багатым застоллем. Часам усю ноч шчодры гаспадар частаваў жнеек за добрую працу мёдам і гарэлкаю. Усю ноч гучалі і прыгожыя беларускія песні.

Р.S. Міні-мюзікл праекта «Наперад у мінулае» стане завяршэннем расповеду пра адметнасці святкавання дажынак. Але ўжо праз тыдзень вы пабачыце, як у даўнія часы на Беларусі ладзілі іншы абрад, не менш цікавы і значны, але, безумоўна, больш вясёлы — вяселле.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Як на нашай ніўцы сягоння дажынкі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».