Вы тут

Слова, якое ўдасканальвае


Паэзія — не прафесія і не хобі. Паэзія — гэта прызванне. У вершах айчынных паэтаў — патрыятызм, філасофія, каханне, прыгажосць краявідаў… А якую ролю адыгрывае паэт сёння, у век высокіх тэхналогій, у «камп’ютарную эру»? Які ён, сучасны лірычны герой? Пра гэта і не толькі — наша гутарка з лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Лепшы твор прозы» Мар’янам Дуксам.


— Мар’ян Мікалаевіч, што вы можаце сказаць пра месца і ролю паэта і паэзіі ў сучасным свеце?

— Паэзія, ці не занадта рана, / пакрыўджаная, ты пайшла з экрана? / Паэзія, ці не занадта міла / сваё ты месца іншым саступіла? / Паэзія, твой воблік летуценны / куды накіраваўся з авансцэны?

Сапраўды, што з паэзіяй? Яна ўсур’ёз здала былыя пазіцыі? У савецкі час на нашым беларускім тэлебачанні рэгулярна выходзіла перадача «Пятнаццаць хвілін паэзіі», дзе той ці іншы паэт мог гаварыць пра сваю творчасць і чытаць свае вершы. Яе даўно няма. А тэлебачанне неймаверна захапілася забаўляльнымі праграмамі. Часам складваецца ўражанне, што перад экранам сядзяць толькі малыя капрызныя дзеці, якія плачуць і плачуць, і каб нейкім чынам іх супакоіць, суцешыць і рассмяшыць, студыя стараецца з усіх сіл…

Паэзію рана адпраўляць на паліцы музеяў. Хоць сёння яна не можа, як раней, збіраць поўныя стадыёны прыхільнікаў. Вершы — гэта ў пэўнай ступені феномен мовы, яе своеасаблівая мастацкая канструкцыя, а таму выклікаюць і будуць выклікаць пэўную цікавасць у чытачоў і слухачоў.

Мы заўсёды жылі і цяпер жывём на скрыжаванні дабра і зла. Бог пайшоў на супергеніяльны эксперымент, стварыўшы чалавека недасканалым, пры гэтым даўшы яму разуменне дабра і зла ды свабодную волю. Рабі, чалавеча, што хочаш, але ты ведаеш, што добра, а што нядобра. Зло і дабро суіснуюць у тваёй душы, свядомасці — прапорцыя ў кожнага свая. Ты недасканалы, але ўсё ў тваіх руках. Шліфуй, удасканальвай сябе сам. Гэта твая звышзадача на ўсё жыццё.

Няўжо паэзія ў справе ўдасканальвання свету і чалавека можа стаяць убаку? Ні ў якім разе. Гэта яе святы абавязак — быў і ёсць. Толькі паэт — гэта не педагог з дубцом у руках. Паляпшаць свет і душу чалавека трэба, відаць, з дапамогай вывераных мастацкіх сродкаў, якія ўзвышаюць дабро і ганьбяць зло. Толькі рабіць гэта належыць больш актыўна і сістэмна — як па лініі кнігавыдання, так і жывога кантакту з людзьмі. Варта ствараць канкурэнцыю песеннай творчасці, якая запанавала на экране і сцэне. Закладзены ў паэзіі маральны, эстэтычны рэсурс невычарпальны, і ён заўсёды запатрабаваны здаровым грамадствам.

— Ці ёсць у вас любімы паэт? Каго лічыце творчым настаўнікам?

— У свой час я моцна захапляўся вершамі аўстрыйца Райнера Рыльке. Яго трагічнае светаўспрыманне было душэўна блізкім для маёй далёка не аптымістычнай натуры. Цікавай для сябе лічыў творчасць іспанца Федэрыка Гарсія Лоркі. У школьныя і студэнцкія гады краналі душу вершы чалавекалюбца Мікалая Някрасава, а таксама пранізлівая, ахутаная фаталізмам лірыка Аляксандра Блока. Калі браць савецкі перыяд, мае сімпатыі належалі Яўгену Еўтушэнку. З беларускіх класікаў люблю перш за ўсё Максіма Багдановіча. Калі гаварыць пра айчынных аўтараў, равеснікаў майго творчага юнацтва, назаву Анатоля Вярцінскага. Пералічаныя аўтары, кожны па-свойму, безумоўна, у той ці іншай меры ўплывалі на маю творчасць. Што да Рыгора Барадуліна і Алеся Разанава, я вельмі высока цаню іх паэзію, яны найбольш таленавітыя першапраходцы айчыннай літаратуры, да каго трэба ставіцца з вялікай пашанай.

— «Птушка вечнасці — душа»... Які сэнс вы ўклалі ў назву свайго зборніка?

— Назва зборніка «Птушка вечнасці — душа» адпавядае майму рэлігійнаму светапогляду. Пасланая Богам душа пасяляецца ў целе нованароджанага. І, здабыўшы пэўны зямны тэрмін, узбагачаная плёнам добрых учынкаў ці абцяжараная малапрыемным грузам амаральных спраў, яна адлятае ў вечнасць, і далейшы яе лёс нам невядомы. Тое, што «нешта» адыходзіць ад цела ў апошнія хвіліны жыцця — гэта ўжо не фантазія, а рэальнасць. Верыць у гэта ці не верыць, кожны чалавек вырашае сам. Справа, як гаворыцца, вельмі далікатная. Скажу толькі, што яшчэ ў дахрысціянскія часы людзі верылі, быццам душы іх продкаў недзе існуюць і часам выходзяць з імі на сувязь.

— Як вы адбіралі творы для гэтай кнігі? У зборнік увайшлі толькі новыя вершы ці нешта друкавалася і раней?

— У кнігу, пра якую ідзе гутарка, увайшлі вершы, напісаныя на працягу апошніх пятнаццаці гадоў. Так сталася, што перад гэтым арыгінальная кніга ў мяне выходзіла аж у 1993 годзе. Праўда, у 2003-м пабачыла свет мая невялікая кніжачка пад назвай «Прыйсці да алтара», падрыхтаваная каталіцкім выдавецтвам «Про Хрысто». Асобныя вершы з яе трапілі і ў цяперашнюю кнігу, але іх няшмат. Многія вершы з новага зборніка друкаваліся ў «Полымі», «Маладосці», «Нашай веры» і «ЛіМе». Рукапіс кнігі гадамі пралежваў у розных выдавецтвах, пакуль не трапіў у «Чатыры чвэрці», дзе дзякуючы ініцыятыве яго дырэктара Ліліяны Анцух, а таксама падтрымцы кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў Беларусі, гэты вандроўнік-рукапіс не стаўся друкаванай кнігай.

— Ваш лірычны герой — гэта…

— Мяркую, што мой лірычны герой перш за ўсё шматаблічны. Ён і аптыміст, і песіміст, і праўдалюбца, і гуманіст, і самотнік, і самаед, і пацыфіст, і вернік. Неадназначнасць, калейдаскапічнасць жыццёвага асяроддзя патрабуюць самых розных творчых масак і пераменлівасці душэўнага стану. А ўвогуле тэрмін «лірычны герой» ужо вельмі зацяганы. Ці не лепш яго замяніць проста паняццем «аўтар», бо менавіта аўтар і ёсць галоўны герой і рэжысёр верша ці паэмы. Насамрэч аўтар стварае пэўны характар і атмасферу твора. Іншая справа, што аўтар, ці лірычны герой, як правіла, прэзентуе не толькі сябе, але праз сябе іншых людзей, іх надзеі, радасці, расчараванні, іх волю і веру.

— Што вас натхняе?

— Натхняе перш за ўсё акрэслены лёсам абавязак гаварыць патрэбныя словы людзям. Тая вера, што гэта неабходна рабіць. Праўда, напачатку вершы пішу як бы для сябе. Пры ўзнікненні ў душы, у свядомасці нейкіх невыразных думак ці пачуццяў хочацца іх матэрыялізаваць у больш канкрэтнай, адчувальнай дотыкам форме. Пэўны поспех у гэтай справе прыносіць натхненне і радасць. А потым прыходзіць яшчэ і прыемнае спадзяванне, што твая ідэя, твая думка і адпаведны настрой могуць быць цікавымі іншым людзям. Як можа не натхняць тое, што наша мастацкае слова прыносіць задавальненне не толькі самому аўтару, але здольнае ўдасканальваць і чалавека, і цэлы свет!

— Якія тэмы ў сучаснай паэзіі хвалююць найбольш? Чаму вы звярнуліся менавіта да філасофскай лірыкі?

— Кожны асобны аўтар спавядае нейкія свае тэмы і схільнасці. Так званыя «традыцыяналісты» па-ранейшаму шмат пішуць пра вёску, пра яе месца ў аўтарскім сэрцы, пра яе цяперашняе бязлюддзе і заняпад. Як правіла, гэта тэма падсвечана замілаванасцю і мінорнасцю. Мне здаецца, гэта сябе вычарпала альбо патрабуе нейкіх новых акцэнтаў.

Надышоў час, калі нашу літаратуру, у тым ліку і паэзію, пачынае значна цікавіць сучасны чалавек, чалавек са спажывецкай псіхалогіяй: хочацца зразумець яго жыццёвую пазіцыю і памкненні. Столькі ў яго цяперашнім быцці старання і трапятання, каб выглядаць як найлепш «брэндава»! А колькі ў яго гарачага жадання хоць у нечым абскакаць суседа — ці па лініі шыкоўнага жылля, ці крутога транспарту, ці кар’ернага ўзлёту!

Наваспечаны гонар раптам пачаў засланяць нашы адвечныя талерантнасць, памяркоўнасць, сціпласць. Мітусімся, разрываемся на часткі, бяздумна трацім энергію — дзеля чаго? Каб наступіў бытавы трыумф? Каб зайздросцілі іншыя?

Мы з’явіліся на зямлі толькі дзеля гэтага? Але тады — дзеля чаго? Што трэба рабіць, каб не запанавала ў нашым лёсе біблейская «марнасць»?

Пытанні няпростыя, філасофскія, але і паэзія, у тым ліку і мая, ніяк не можа абысціся без іх. Як не можа абысціся і без рэлігійных матываў, разумеючы душу як «птушку вечнасці», якая так ці інакш павінна мець стасункі з Богам, а таму быць бязгрэшнай, чыстай і светлай.

— Хто ўваходзіць у ваш літаратурны асяродак?

— Літаратурны асяродак сапраўды спрыяе хутчэйшаму станаўленню і развіццю творцы ў пачатковы перыяд. Шчырая сяброўская атмасфера, якая пануе сярод маладых пісьменнікаў, дае шанц адчуць, хто ёсць ты. Ці ёсць у цябе дар за душой, ці праглядваецца ў цябе арыгінальнае светабачанне, што ты можаш сказаць новага. А калі не можаш сказаць нічога, то найлепш своечасова сысці з першых прыступак Парнаса. Самае лепшае, калі такую «дыпламатычную рэкамендацыю» пачаткоўцам даюць іх жа сябры, а таксама дасведчаныя літаратары. Гэта добрая прафілактыка ад будучых душэўных траўм пасрэдных аўтараў.

З удзячнасцю ўспамінаю свой студэнцкі час, калі разам з Яўгеніяй Янішчыц, Алесем Разанавым, Генадзем Пашковым, Юркам Голубам, Рыгорам Семашкевічам ды іншымі пачаткоўцамі, потым добра вядомымі ў нашай літаратуры, уваходзіў у літаратурнае аб’яднанне «Узлёт», якім кіраваў шаноўны Алег Лойка. А цяперашні мой літаратурны асяродак, можна сказаць, ніякі. Я сам па сабе, бо жыву наводшыбе і мінскага, і гродзенскага літаратурнага жыцця. Добра гэта ці дрэнна? Напэўна, не зусім хораша. Што зробіш, так склаўся лёс.

— Што для вас значыць Нацыянальная літаратурная прэмія?

Тое, што экспертнае журы аддала перавагу маёй кнізе, натуральна, выклікала станоўчыя эмоцыі. З’явілася прыемнае адчуванне, што кампетэнтныя людзі ўхвалілі мае асобныя тэмы і ідэі, як і мастацкую вопратку іх. Але асабісты гонар з нагоды прысуджэння прэстыжнай прэміі, напэўна, мусіць быць умерана-асцярожным. Каштоўнасць любой кнігі вызначаецца ў першую чаргу яе запатрабаванасцю ў чытачоў, а з гэтым у нас ёсць пэўныя праблемы, да таго ж існуе няўпэўненасць, што мая кніга да іх дойдзе: тыраж усяго 300 асобнікаў. На нашу немалую Беларусь гэта гранічна мала. Вядома ж, сёння фінансы — справа сур’ёзная, што паробіш, іх не хапае. Але было б вельмі дарэчы, каб бюджэт раёнаў і абласцей усё-ткі прадугледжваў паступленне ў бібліятэкі новых кніг, каб хоць такім чынам далучыць нашых чытачоў да беларускай мастацкай літаратуры.

Ва ўсякім выпадку вельмі пахвальна, што існуе ў нас такая аўтарытэтная літаратурная прэмія, якой нададзены статус нацыянальнай.

Яна ЯВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?