Вы тут

Ручная работа


Нашы блізкія, сыходзячы ад нас, у простых рэчах пакідаюць нам сваё блаславенне.


На выхадныя задумалі зварыць самаробны кетчуп. Смаката — ні ў якае параўнанне з куплёным не ідзе. Не шкада ні часу, ні працы (яблыкі, памідоры ды цыбулю трэба здрабняць, і калі блэндара ў гаспадарцы няма, накруцішся той мясарубкі — рукі чуць не будзеш). Але блэндар у нас нарэшце з'явіўся, і ці то з гэтай прычыны, ці то ад сквапнасці я гэтым разам купіла ажно дзесяць кіло памідораў. Пракруціўшы іх у цуда-машыне разам з яблыкамі і цыбуляй, якіх, згодна з рэцэптам, належала дадаць па кілаграму, сталі ламаць галаву, у чым жа гэту вітамінную кашу, што ледзь трымалася, каб не пераплюхнуцца цераз верх самага вялікага таза, варыць. Нарэшце знайшлі ў кладоўцы вялікі дванаццацілітровы гаршчок, у які ўсё выдатна змясцілася. Але тут паўстала іншая праблема: а чым яго мяшаць, пакуль варыцца? Гаршчок глыбокі, ні лыжкі, ні іншы кухонны рыштунак да дна не дастаюць. Прыгарыць — і заўважыць не паспееш...

І раптам мама ўспомніла: недзе за печчу бацькава лапатка ляжыць. Пакорпаўшыся там, я нарэшце намацала доўгую пляскатую прыладу з ручкай, падобную на драўляны цацачны меч, толькі закруглены, даўжынёй з добры метр, калі не больш. Лапатка была гладкая, бы адмыслова адпаліраваная, пацямнелая ці то ад часу, ці то ад гарачых страў, якіх ёй было мешана-перамешана. Наш бацька выразаў яе менавіта для зімовых нарыхтовак, якія рабіліся калісьці амаль у прамысловых маштабах: у сям'і было шэсць чалавек, двое з якіх студэнты, што жылі ў інтэрнаце. Варэнне ці грыбы варыліся ў выварцы або ў тым жа гаршку на вуліцы. Двухканфорачная газавая пліта гэткага цяжару не вытрымала б, таму на двары ў зацішку ставілі трыног, разводзілі пад ім вогнішча, на трыног ставілі посуд з варывам. Як яно перла цераз верх, калі дроў было больш, чым трэба! Выратаваць яго магла толькі тая лапатка, якой можна было за некалькі секунд усё перамяшаць. Пасля мама ці бабуля клалі яе на краі посуду ўпоперак — яна не давала тым жа грыбам пераліцца цераз край — гэткі вясковы правобраз вечка-«невыкіпайкі»...

Мы не даставалі яе са спрадвечнага месца за печчу гадоў мо дзесяць, калі не больш. І цяпер, пяшчотна гладзячы цёмнае дрэва, уважліва разглядаючы яго, успаміналі і тыя шчаслівыя восеньскія дні, калі дома збіралася ўся сям'я, і чалавека, што рабіў гэты просты, але такі патрэбны хатні рыштунак, якога, каб і хацеў, нідзе не купіш. Са звычайнай тоўстай дошкі выразаць такую лапатку, зрабіць яе бліскуча-гладкай, было, пэўна, не так проста — наш бацька не быў ні сталяром, ні цесляром. Але ён стараўся, клапоцячыся пра сваіх жанчын, пра сваю гаспадарку.

Яго няма на гэтай зямлі ўжо больш за трыццаць гадоў, а рэч, зробленая яго рукамі, нібы дагэтуль захоўвае яго цяпло, і тыя, хто ёй карыстаецца, кожны раз успамінаюць яго з любоўю і ўдзячнасцю...

Думаю, не памылюся, калі скажу, што ў кожнай сям'і захаваліся такія рэчы-напамінкі аб людзях, якіх ужо няма побач з намі. Не адзенне, не ўпрыгажэнні, не падарункі — гэта з зусім іншага разраду, а менавіта тое, што нашы блізкія рабілі сваімі рукамі. Напрыклад, дзедава кашолка (вялізны, плецены з лазы кош, па форме падобны на гаршчок для кветак, з дзвюма ручкамі). Дзед памёр у 70-х, а ў тую кашолку і праз дваццаць гадоў збіралі агуркі. Ці бабулін падзорнік — вязаная шыдэлкам занавеска пад ложак (ложкі калісьці былі высокія, з бліскучымі нікеляванымі більчынамі). Бабулі няма з 82-га, а яе памяць і сёння ляжыць на дубовай камодзе ў гарадской кватэры ўнучкі. Знаёмыя дзівяцца, адкуль такая багатая, з карункавымі выкшталцонымі ўзорамі, ды яшчэ такая вялікая, сурвэтка. А гэта той самы падзорнік, разрэзаны на дзве паловы і сшыты па краях...

Мы карыстаемся гэтымі рэчамі штодня, не асабліва задумваючыся пра іх паходжанне. Але аднойчы спыняемся, нібы бачым іх упершыню, уважліва разглядаем, лёгенька гладзім рукой, бы дакранаемся пяшчотна да таго чалавека, які іх рабіў, адчуваем яго прысутнасць, яго цяпло і спагаду, што ахінае нас праз недасягальнае і неспазнанае. Нашы блізкія, сыходзячы ад нас, у простых рэчах пакідаюць нам сваё блаславенне. Гэткія немудрагелістыя абярэгі, што дапамагаюць захоўваць памяць Роду і адчуванне сваёй да яго далучанасці, якая ў гэтым шалёным свеце самотна адзінокіх людзей так патрэбная кожнаму.

Шкада толькі, што новыя рэчы, зробленыя ўжо сённяшнімі пакаленнямі, у нашых дамах не з'яўляюцца.

За рэдкім выключэннем, калі гаспадар ці гаспадыня прафесійна звязаныя з нейкім рамяством. Навошта рабіць нейкі рыштунак, калі ўсё, што душа пажадае, можна заказаць праз інтэрнэт, нават не ўстаючы з канапы, — кур'ер прывязе або прышлюць па пошце хай сабе і з іншага канца свету. Навошта займацца рукадзеллем, калі зноў жа ёсць адмысловыя інтэрнэт-крамы ці, калі на тое пайшло, прадпрымальныя бабулі-майстрыхі, у якіх можна замовіць што заўгодна. Мы развучыліся рабіць рукамі — тое, што незалежна ад прафесіі, ад здольнасцяў, умелі рабіць нашы бацькі і ўсе папярэднія пакаленні.

Атрымліваецца, след на гэтай зямлі пакінем крыху карацейшы. А яшчэ — самотна адзінокіх нашчадкаў, якім, калі пойдзем у недасягальнае і неспазнанае, не будзе да чаго дакрануцца.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Каментары

"Мы развучыліся рабіць рукамі — тое, што незалежна ад прафесіі, ад здольнасцяў, умелі рабіць нашы бацькі і ўсе папярэднія пакаленні." Усё так. Цяперашнее пакаленне, у большасці сваёй, толькі спажывае. Але тое, што зроблема сваімі рукамі або рукамі тваіх продкаў - значна даражэй.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».