Вы тут

Святлана Сарока: «Культура — гэта гармонiя ўсiх чалавечых якасцяў»


Святлана Сарока ўзначальвае Палац культуры Маладзечна ад пачатку яго будаўнiцтва. За тыя дзесяцiгоддзi, што яна кiруе iм, установа стала асяродкам культурнага жыцця Мiнскай вобласцi i адной з асноўных творчых пляцовак краiны. Часта сусветна вядомыя зоркi эстрады, мiнуючы сталiцу, адпраўляюцца выступаць адразу ў Маладзечна, на сцэну палаца i амфiтэатра.


У гэтай жанчыне спалучаюцца супрацьлеглыя на першы погляд рысы: дабрыня i строгасць, жаноцкасць i дзелавiтасць, спакой i патрабавальнасць, мяккасць i воля. Святлана Сарока ўмее працаваць з людзьмi, здольная прыцягваць iх да сябе, натхняць i весцi да пастаўленых мэт. Пры гэтым яна — адданая жонка i мацi. Пры сустрэчы першае, пра што хочацца запытацца: «Цi адпачываеце вы ўвогуле?» Бо так шмат зроблена ёю за гэтыя гады.

У гутарцы сам-насам Святлана Сарока, не толькi дырэктар Палаца культуры Маладзечна, але i член Пастаяннай камiсii па адукацыi, навуцы, культуры i сацыяльным развiццi Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу пятага склiкання, дзелiцца сакрэтам, як усё паспяваць, разважае пра тое, па чым можна пазнаць культурнага чалавека, i тлумачыць, чаму свае выступленнi прамаўляе менавiта па-беларуску.

— Святлана Рыгораўна, вы здзiўляеце актыўнай жыццёвай пазiцыяй. Цiкава, вы i ў дзяцiнстве былi такой?

— Я расла вельмi-вельмi сцiплай дзяўчынкай. Мне пашчасцiла нарадзiцца ў сям'i, у якой бацькi паважалi адзiн аднаго, старэйшых i нас, дзяцей. Мае бацькi i ўвесь наш род — усе былi i ёсць вельмi працавiтыя гаспадары i прыстойныя людзi, якiя заўжды трымалi сябе годна ў адносiнах да iншых, да хатнiх i самiх сябе. Усе рысы характару i душэўныя якасцi, якiя маю, былi выхаваны iмi.

Дзяцiнства асацыюецца ў мяне перш за ўсё з тымi момантамi, калi ўся наша вялiкая сям'я збiралася за вялiкiм святочным сталом. У дзядулi з бабуляй была заведзена традыцыя: на святы дзецi павiнны прыехаць у бацькоўскi дом. I мы збiралiся. Гэты звычай перадаваўся з пакалення ў пакаленне i перайшоў да нашых дзяцей. Штогод мы збiраемся на Велiкоднае свята, таму ведаем усiх сваiх стрыечных, траюрадных, раднiмся мiж сабой, даражым адзiн адным.

Прафесiяналiзм, любоў да справы, дабрыня да людзей i чалавечнасць. Гэтаму вучылi мяне бацькi, педагогi, сябры, кiраўнiкi... Стараюся пра гэта памятаць i гэтага прытрымлiвацца.

— Вашы прамовы ў Савеце Рэспублiкi, якiя мне не раз даводзiлася чуць, заўжды былi па-беларуску...

— Размаўляю па-беларуску i дома, i на працы — лiчу гэта натуральным. Адзiнае выключэнне — калi бяру ўдзел у мiжнародных мерапрыемствах, на якiх прысутнiчаюць замежныя госцi, што разумеюць рускую мову. Амаль усе свае выступленнi таксама рыхтую па-беларуску i хачу сказаць, што нашым суайчыннiкам гэта вельмi падабаецца. Беларусы, калi чуюць гутарку на беларускай мове, заўжды кажуць пра яе мiлагучнасць, напеўнасць, нават душэўнасць. Дарэчы, 98% мерапрыемстваў у Палацы культуры мы праводзiм па-беларуску. Выключэннi складаюць выпадкi, калi ў зале шмат замежных гасцей.

— Мова — частка культурнай свядомасцi. Як лiчыце, што варта зрабiць, каб яна развiвалася надалей?

— Так, мова роднай зямлi — найвялiкшая святыня, галоўны элемент нацыянальнай культуры народа. Мова — гэта вялiкая сiла, якая арганiзоўвае духоўнае жыццё народа, вызначае яго менталiтэт. Гэта тое, што вылучае нас сярод народаў свету.

У нас дзве дзяржаўныя мовы — гэта рэчаiснасць сучаснай Беларусi, але ёсць момант выбару, i часта прыклад iншых значыць шмат. Кожны размаўляе на той мове, на якой яму зручна. Асабiста я рускую мову ведаю з дзiцячых гадоў, шаную i люблю. У маёй хатняй бiблiятэцы, вiдаць, працэнтаў восемдзесят кнiг, напiсаных па-руску. Яна далучае мяне, як i ўсiх беларусаў, да вялiкай рускай i сусветнай культуры. Я звярталася да думак многiх разумнейшых, адукаванейшых людзей свету, але прывяду словы толькi аднаго з iх — выдатнага рускага пiсьменнiка савецкай эпохi Канстанцiна Паўстоўскага: «Па адносiнах кожнага чалавека да сваёй мовы можна дакладна меркаваць не толькi аб яго культурным узроўнi, але i аб яго грамадзянскай вартасцi. Сапраўдная любоў да сваёй краiны немагчымая без любовi да сваёй мовы. Чалавек, абыякавы да роднай мовы, — дзiкун. Таму што яго абыякавасць да мовы тлумачыцца паўнейшай абыякавасцю да мiнулага, сённяшняга i будучага свайго народа».

Клопат пра развiццё беларускай мовы i культуры мае першаступеннае значэнне для лёсу нашай нацыi. На дзяржаўным узроўнi пастаўлена пытанне аб тым, каб не даць беларускай мове выйсцi з ужывання, загiнуць. Бо словы, што народ жывы, пакуль жыве яго мова, яго культура, а iнакш ён ператвараецца ў насельнiцтва,— не проста фраза. На жаль, мы, беларусы, не вельмi патрыятычныя ў адносiнах да сваёй мовы. Мяркую, што беларусам не хапае адчування гонару i разумення важнасцi яе захавання. Нам усiм неабходна ўсвядомiць гэта, размаўляць на роднай мове i перадаваць яе з вуснаў у вусны, ад пакалення да пакалення.

Глыбока пераканана, што без вялiкай i шчырай любовi да сваёй нацыянальнай мовы нельга стварыць каштоўнага мастацкага твора. Нам неабходна шанаваць i зберагаць сваё роднае слова. Дарэчы, Мiнiстэрства культуры — адзiнае з мiнiстэрстваў у краiне, дзе справаводства вядзецца на беларускай мове. Зразумела, i мы, прадстаўнiкi культуры, як правiла, размаўляем па-беларуску.

— У чым яшчэ для вас праяўляецца культура?

— Для мяне культура, духоўнасць — гэта вельмi тонкая матэрыя. Наогул, культура — паняцце рознабаковае. Яно мае вялiкую колькасць значэнняў у самых розных кiрунках нашага жыцця. Паняцце «культура» ахоплiвае не толькi мастацкую творчасць, але лiтаральна i ўсе сферы дзейнасцi чалавека. З пункту гледжання навукi, культура — гэта ўсё, што створана iм, звязана з чалавекам. Таму паняцце тычыцца не толькi нашай сферы, але i ўсiх бакоў жыцця: парадку на зямлi, культуры на вытворчасцi, чалавечых адносiн.

Мы можам ганарыцца тым, што зроблена, i з аптымiзмам глядзець у будучае беларускай нацыянальнай культуры, але на аптымiзм усiм нам разам трэба працаваць, каб наша культура гучала ў свеце на беларускай i на многiх мовах. Фёдар Дастаеўскi сказаў, што культура — гэта спалучэнне агульначалавечага i нацыянальнага. Дык вось менавiта наша нацыянальная культура праз Еўфрасiнню Полацкую, Сiмяона Полацкага, Кiрылу Тураўскага, Максiма Багдановiча, Янку Купалу, Якуба Коласа, Уладзiмiра Караткевiча, праз усю нашу спадчыну, помнiкi гiсторыi, з'яўляецца часткай менавiта гэтай агульначалавечай, агульнаеўрапейскай, сусветнай культурнай прасторы.

— Культурнага чалавека можна пазнаць не толькi па стаўленнi да сваёй спадчыны, але i па здольнасцi бачыць прыгожае. Дарэчы, вы не так даўно трапiлi ў топ самых прыгожых беларускiх жанчын — дзяржаўных служачых...

— Пра тое, што трапiла ў гэты спiс, даведалася ад сяброўкi, якая таксама ёсць у iм. Была шчыра здзiўлена. Шмат хто са знаёмых пасля пiсаў з гэтай нагоды i вiншаваў. Але сакрэтаў нiякiх няма. Сёння ёсць усе магчымасцi для таго, каб добра выглядаць. Было б жаданне. Праўда, прыгажосць знешняя без унутранай для мяне амаль не мае вагi i каштоўнасцi. У чалавеку ўсё павінна быць гожым — i душа, i цела.

— Цi можна гарманiчна спалучаць у сабе, напрыклад, сiлу i прыгажосць? Увогуле, у чым, на вашу думку, праяўляецца моц жанчыны?

— Яна неадназначная. З аднаго боку — у яе iнтэлекце, а з iншага — у жаночай мудрасцi. Жанчына спрадвеку была ўвасабленнем абаяльнасцi, прыгажосцi, захавальнiцай хатняга ачага, сямейнага дабрабыту i ў той жа час заставалася надзейнай падтрымкай для мужчыны. Але ўсё ж такi галоўная мiсiя кожнай з нас — даць жыццё дзiцяцi, выгадаваць яго, выхаваць дастойным чалавекам. Сёння жанчыны — разумныя, iнiцыятыўныя, iнтэлектуальныя — iмкнуцца быць паспяховымi ў сваёй справе, у прафесii. I, што цудоўна, спалучаюць усё гэта з выхаваннем дзяцей i вядзеннем хатняй гаспадаркi.

— Цiкава, якi вы кiраўнiк? Бо Палац культуры — такi, якiм мы бачым яго сёння — у пэўным сэнсе ваша выпешчанае дзецiшча. Але без каманды супрацоўнiкаў, мяркую, нiчога б не атрымалася.

— Узначалiўшы палац, якi будаваўся, фактычна давялося падымаць яго з нуля. Але мы справiлiся ў той час дзякуючы будаўнiкам i веры ў тое, што робiм патрэбную людзям справу. Сёння Палац культуры — вядучая ўстанова культуры Мiнскай вобласцi, работа якой на высокiм узроўнi забяспечвае шырокi спектр паслуг у сферы вольнага часу насельнiцтва. Палац культуры i Амфiтэатр з'яўляюцца галоўнымi сцэнiчнымi пляцоўкамi для правядзення маштабных культурна-масавых мерапрыемстваў рэгiянальнага, абласнога, рэспублiканскага i мiжнароднага ўзроўняў.

Асаблiвай увагi заслугоўвае творчы калектыў Палаца культуры, якi адрознiваецца высокiм прафесiяналiзмам, веданнем сваёй справы. Сёння ў Палацы працуе больш за 170 чалавек, 35 творчых калектываў. Гэта спецыялiсты з практычным вопытам, магутным патэнцыялам у рэалiзацыi культурна-масавых праектаў. Для мяне як кiраўнiка важна, каб кожны з iх адбыўся ў прафесii, адчуваў, што ён на сваiм месцы, каб яму было цiкава працаваць у калектыве, бо ўсе гэтыя складнiкi ў сукупнасцi адыгрываюць значную ролю ў тым, наколькi чалавек шчаслiвы на працы. А калi тое, што робiць, яму падабаецца — гэта ўжо палова поспеху.

Ведаеце, калi зараз гледачы з нашай залы выходзяць акрыленыя, з новымi сiламi, значыць, нездарма працуем. Гэта адна з задач культуры — дапамагчы чалавеку падняцца над надзённымi праблемамi i над самiм сабой, пабачыць сябе новага, здольнага да лепшага.

— Слухаю вас i шчыра здзiўляюся: адкуль бераце на ўсё сiлы?

— Я мару пра тое, каб у чалавека была магчымасць працаваць 24 гадзiны ў суткi. Мне б гэта вельмi адпавядала. У жыццi столькi цiкавага, усё хочацца паспець! На мой погляд, сумяшчэнне грамадскай i працоўнай дзейнасцi, любiмай справы i сямейнага жыцця надае жанчыне вялiкую ўнутраную сiлу i з'яўляецца той асновай, на якой, як кажуць, трымаецца свет. Маё жыццё складвалася так, што я магла стаць i доктарам, i настаўнiцай, але цяпер працую ў сферы культуры i разумею, што толькi тут змагла б адбыцца цалкам.

— Што для вас галоўнае ў жыццi?

— Усё рабiць з любоўю. Iмкнуцца ўкласцi ва ўсё зробленае часцiнку душы. Жыццё — гэта вечны пошук, пазнанне i вучэнне, праца над сабой i самаразвiццё. Iмкненне дасягнуць майстэрства ў сваёй прафесii, тварыць i ствараць, кiруючыся прынцыпамi адказнасцi i прыстойнасцi. Гэта справа майго жыцця. Жыцця, натхнёнага мастацтвам, творчасцю, любоўю да людзей. Жыцця, неад'емная часткай якога з'яўляецца i сям'я, i любiмая работа.

— Чаго б пажадалi ўсiм нам, беларусам?

— Было б добра, каб у кожнай сям'i аб'явiлi такую акцыю — «Мы ў Год культуры» — i наведалi ўстановы культуры i мерапрыемствы на iх базе, далучыўшыся да нацыянальнай духоўнай спадчыны. Няхай Год культуры стане адметным для кожнага добрымi падзеямi, дапаможа глыбей асэнсаваць каштоўнасць вечнага i аб'яднае ўсiх нас у iмкненнi да прыгожага.

Парламенцкая дзейнасць

— У чым заключалася ваша работа ў якасцi члена Савета Рэспублiкi?

— Сёння ўжо можна рабiць высновы аб праведзенай рабоце ў новай для мяне якасцi сенатара. Падводзячы вынiкi i азiраючыся на iмклiва праляцеўшыя чатыры гады працы ў Савеце Рэспублiкi, у рэгiёнах, магу сказаць, што не толькi адчула сваё дачыненне да рэалiзацыi сацыяльна-эканамiчнай палiтыкi Рэспублiкi Беларусь, але i напрацавала пэўны досвед у заканатворчым працэсе.

Адным з галоўных кiрункаў у рабоце члена Савета Рэспублiкi з'яўляецца заканадаўчая дзейнасць. Увогуле, складана пералiчыць законы, прынятыя на сесiях. Усе яны важныя для нашага грамадства. Непасрэдна ў Савеце Рэспублiкi важнае месца адводзiцца пастаянным камiсiям. Працуючы ў складзе Пастаяннай камiсii па адукацыi, навуцы, культуры i сацыяльным развiццi Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, з'яўлялася кiраўнiком рабочых i манiторынгавых груп па падрыхтоўцы i распрацоўцы нарматыўна-прававых актаў у сферы культуры, якiя дазволяць не толькi ацанiць дзейснасць раней прынятых заканадаўчых актаў, але i выпрацаваць шэраг рэкамендацый па iх далейшым удасканаленнi.

Мяркую, вялiкае значэнне мае работа, якую праводзяць сенатары ў рэгiёнах. У дачыненнi да мяне — гэта ў Валожынскiм, Стаўбцоўскiм, Маладзечанскiм раёнах. Трымаць руку на пульсе рэгiянальных праблем дапамагалi ўдзелы ў пасяджэннях раённых выканкамаў i органаў прадстаўнiчай улады, узаемадзеянне з мясцовым актывам i працоўнымi калектывамi. З дапамогай сенатара людзi маюць магчымасць наўпрост удзельнiчаць у працэсе заканатворчасцi. У сваёй акрузе я атрымлiвала iдэi i прапановы, якiя затым крышталiзавалiся i ператваралiся ў артыкулы новых законаў. Акрамя таго, працуючы ў рэгiёнах, асаблiвую ўвагу надавала зваротам грамадзян.

Таксама значную частку маёй працы займала мiжнародная дзейнасць, дзе я выступала ў якасцi члена Пастаяннай камiсii па культуры, iнфармацыi, турызме i спорце ў Мiжпарламенцкай Асамблеi дзяржаў — удзельнiц Садружнасцi Незалежных Дзяржаў i прымала ўдзел у выбарчых кампанiях iншых краiн як мiжнародны назiральнiк.

Веранiка ПУСТАВIТ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».