24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Дзе знайсці жаніха


«Ева» вырашала скласці своеасаблівы даведнік для тых, хто шукае ідэальнага спадарожніка жыцця. Кожны месяц мы будзем наведвацца ў адно з месцаў, дзе, на наш погляд, могуць вадзіцца патэнцыйныя жаніхі, спрабаваць з імі знаёміцца і рабіць адпаведныя вывады.


Месца: найбліжэйшы да дома гандлёвы цэнтр.

Уваход: бясплатны, з 9 да 00 гадзін.

Удалыя гадзіны для наведвання: 19.30 — 21.30, у будні.

Дрэс-код: штосьці спакуслівае, але стыльнае і камфортнае.

Абавязковыя для наведвання: аддзелы з паўфабрыкатамі, сасіскамі, салатамі, сырам, макаронамі, кансервамі.

Варта пазбягаць: аддзелаў з алкаголем, гароднінай і садавінай, тартамі, гаспадарчымі таварамі, дзіцячыя секцыі.

Лепш абыходзіць бокам: мужчын з мамамі, жонкамі, дзецьмі, супрацоўнікаў магазіна (прадаўцоў, ахоўнікаў, менеджараў).

***

Я, сімпатычная (па словах таты) мініяцюрная шатэнка з зялёна-шэрымі вачыма і чароўнай усмешкай, ступаю на парог сталічнай крамы і адразу расчароўваюся: годных кандыдатаў тут не відаць! Яно і зразумела, тры гадзіны дня, усе нармальныя мужчыны ў гэты час працуюць, грошы зарабляюць! Але пацвердзіць тэорыю ўсё ж такі трэба. Праходжу далей, у гандлёвую залу. На ролю жаніха можа прэтэндаваць хіба што толькі хлопчык-прадавец у аддзеле шыцця.

— Пакажыце мне, калі ласка, вось гэтую далікатную тканіну. Як вы лічыце, для пеньюара падыдзе? — звяртаюся да прадаўца.

Той аж разгубіўся. Пра жаночую бялізну гаварыць дакладна быў не гатовы (а шкада, тэма «гарачая»). Ды і наогул, фліртаваць за прылаўкам, калі з усіх бакоў калегі і начальства, напэўна, цяжка. Не варыянт.

У чарзе на касе за мной стаў шыракаплечы мужчына з дарагімі гадзіннікамі. «Вось ён, знайшла», — прамільгнула думка ў галаве. Але як прыцягнуць яго ўвагу? Мы стаялі амаль на выхадзе, і пытаць: «Ой, а дзе тут хлеб?» было ўжо позна. Дзейнічаю спантанна. Рукой (быццам выпадкова) закранаю і выварочваю ўпакоўку з жуйкамі. Прадаўшчыца злуецца, патэнцыйны «жаніх» смяецца. Разам з апошнім кідаемся збіраць гэты «ўраджай».

— Астатнія я куплю, не складвайце, дзякуй, — паказваючы на штук 8 жуек, кажу я.

Ідэальны кандыдат яшчэ раз усміхнуўся і пачаў размаўляць па мабільным тэлефоне. «Зачапіла я, відаць, толькі гэты стэнд», — падумала з расчараваннем, хаваючы ў сумку свае бессэнсоўныя пакупкі. Мужчына не прапанаваў правесці мяне да дому, не пацікавіўся, як завуць, не спытаў нумар тэлефона. Наогул, не зрабіў першы крок, да якога, хай і недарэчна, я так намагалася яго падштурхнуць.

***

На выхадных «патрэбных» мужчын у крамах шмат, але ўсе яны са спадарожніцамі. Адны выбіраюць торт без крэму, другія шукаюць свежую «прыгожую» гронку вінаграду. Усё, што трэба для ідэальнай рамантычнай вячэры.

— Вы якое любіце: чырвонае або белае? — раптам пачула я з-за спіны. — На якую суму разлічваем? — працягнуў мой новы суразмоўнік гадоў каля 40.

Мужчына ў доўгім паліто і з недагледжанай барадой падышоў да мяне каля стэлажа з віном. Прачытаў цэлую лекцыю пра алкаголь і скончыў прапановай пакаштаваць «белае сухое» разам. Пры гэтым абмацаў свае кішэні і ўспомніў пра кашалёк, які... чамусьці застаўся дома. Ад прапановы я адмовілася, а суседні аддзел з півам (на ўсялякі выпадак) абышла бокам.

З высокім, сур'ёзным і, галоўнае, самотным бландзінам з пельменямі ў руках мы сустрэліся позіркам разы тры.

— Дапамагчы? Вось гэтыя развальваюцца пры варцы, а тут цеста вельмі тоўстае, — пачала размову я.

— Дзякуй за інфармацыю, але мама ў спісе пазначыла патрэбную марку пельменяў, — паказваючы на кавалак паперы, кажа кандыдат. — Паспрабуйце іх і вы, вельмі смачныя.

«Эх, бландзін-бландзін! Якая мама? Якія пяльмені? Ты пра што?» — думала я, разлічваючыся на касе.

***

У будны дзень вечарам халасцякоў у краме — на любы густ. Адзін з іх у адказ на маё гучнае па тэлефоне «Я так стамілася, а яшчэ гэтыя прадукты...» прапанаваў падвезці на аўто да самага пад'езда і ў ліфт «загрузіць». Па дарозе кандыдат запытаў, каму я так у тэлефонную трубку на жыццё скардзілася. Адказ прыйшлося прыдумаць, бо ні з кім я тады не размаўляла, а ўсяго толькі адпрацоўвала новы прыём знаёмства. Дарэчы, працуе. Добрым аказаўся і варыянт са «зламаным» абцасам, і з разраджаным тэлефонам (тут мабільнік прыйшлося адключыць самой). У выніку плюс яшчэ два нумары тэлефонаў сімпатычных халасцякоў у маім нататніку.

У аўторак вечарам я пайшла па агародніну. Над макаронамі схіліўся сімпатычны брунет з незвычайнай татуіроўкай, каля кансерваў кружыў мужчына ў строгім дзелавым касцюме, сасіскі выбіраў шатэн з навушнікамі. Так, тыя, каго я так шукала, разгрупаваліся каля прадуктаў, якія не асабліва трэба гатаваць (!). Але маю ўвагу прыцягнуў кандыдат з спартыўным целаскладам, які наварочваў кругі ў аддзеле бытавой хіміі. «Які гаспадарлівы», — падумала я. У той жа момант жаніх пацягнуўся да жаночых пракладак і ўзяў «ультратонкія з рамонкам». Так, свабодных мужчын тут быць не можа...

У дзіцячыя аддзелы я нават і не заходзіла, каб не марнаваць час.

***

Маё «паляванне» завяршылася на шосты дзень. У сераду я пайшла ў краму проста па сыр і малако. Нават туфлі на абцасах не абувала, а валасы ў хвост сабрала.

— Жуйкай не пачастуеце? — пачула каля касы. — Ці ўсе зжавалі ўжо?

Перад мною стаў той самы мужчына, з якога пачаўся мой эксперымент.

— Не, мятныя яшчэ засталіся, — усміхаючыся, адказала я.

— Выдатна, яны спатрэбяцца нам пасля вячэры ў кавярні, што недалёка адсюль. Вы любіце грузінскую кухню?

Адказваць было неабавязкова. У руках я трымала сыр, малако і візітоўку новага знаёмага. Пакуль ішла дадому, падумала, што мужчына запомніў мяне дзякуючы маёй не вельмі разумнай выхадцы. Спрацавала. А для таго, каб «саспець», жаніху проста патрэбен быў час.

ВЫВАДЫ

  • Хадзіць па крамах лепш вечарам (пасля работы) у будныя дні. Дзённы суботні/нядзельны шопінг «улову» не прынясе.
  • Краму трэба выбіраць недалёка ад дома: ёсць шанц яшчэ раз сустрэць таго, хто вам спадабаўся з першага разу, але чамусьці не быў гатовы да знаёмства. Такім чынам, мы дорым сабе і мужчыну другую спробу.
  • Паказваць, што вам патрэбна дапамога, трэба далікатна. Рабіць гэта лепш за ўсё арыгінальна (выкарыстоўваючы розныя прыёмы) і з упэўненасцю, што кандыдат з гэтым зможа справіцца тут і зараз.
  • Халасцякоў лягчэй за ўсё знайсці каля тых прадуктаў, якія амаль не трэба гатаваць. Рэдка яны водзяцца і ў гаспадарчых аддзелах.

Сафія ГРОМАВА

gromava@zvіazda.by

Загаловак у газеце: У краме ці гандлёвым цэнтры

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.