Вы тут

Кулінарыя


Распавяду вам два вельмі цікавыя назіранні з жыцця, у якія, баюся, вы не паверыце — такія яны выпуклыя. Але запэўніваю: так і было, і з гэтага можна рабіць высновы на тэму: што ёсць для мужчын кулінарыя.


У доме збіралася ладзіцца свята. Малады чалавек гаспадарчага складу... Такія, ведаеце, бываюць. У адрозненне ад дзяўчат, апантаных збіраннем рэцэптаў і бясконцым іх выпрабаваннем (або нават і жанчын з багатым кулінарным досведам), маладыя людзі такога кшталту без ніякіх кніг рэцэптаў ведаюць, колькі чаго куды трэба сыпаць, нават калі размова пойдзе пра блінцовыя крамескі або мазурку з кёнігсбергскім марцыпанам.

Дык вось якраз такога кшталту малады чалавек, запрошаны (і справядліва) дапамагаць у кухні, накройваў на лусты звычайны батон. Рабіў гэта вельмі засяроджана і натхнёна. Здавалася, ён нічога навокал не бачыць і не чуе, адно толькі гэты батон і стук нажа аб дошчачку.

Калі быў зроблены апошні зрэз, хлапец адклаў нож і пачаў лічыць лусты. Палічыўшы, задумаўся. Відаць, нічога не прыдумаўшы, вырашыў за лепшае пералічыць іх нанова. На цікаўныя пагляды іншых памагатых не рэагаваў ніяк, чым выклікаў да сябе яшчэ большую цікавасць. Ці трэба казаць, што работа ў кухні спынілася — кожны ўтаропіўся ў гэтага дзіўнага хлопца, якога другі падлік лустаў увёў у бязмежную роспач.

— Ніяк не магу ўцяміць, — нарэшце прамовіў ён, але хутчэй сабе, чым некаму побач. — Ды што ж за напасць?! Звычайна з такога батона атрымліваецца трынаццаць кавалкаў, а гэтым разам выйшла дванаццаць.

Лусты меркавалася пускаць на святочныя тосты: абсмажваць іх у алеі, націраць зубком часнаку, змазваць маслам і выкладаць на кожны шпроцінку, паўкружок лімона, галінку пятрушкі і журавінку. Прыгожа і смачна, ды колькасць тостаў ніяк не лімітавалася, але і не дэкларавалася. То бок, на стале магла з'явіцца якая заўгодна колькасць тостаў, а значыць, лусты лічыць не было ніякай патрэбы.

А ён лічыў. Бо рабіў так заўсёды. Бо дакладна ведаў, на колькі лустаў які від батона здатны падзяліцца, і яму было вельмі важна прытрымлівацца ўласных ведаў і захоўваць сябе «ў форме». Таму і выглядаў ушчэнт разгубленым. Здавалася, што калі і трэці падлік не дасць яму патрэбнай лічбы, ён не будзе здольны працягваць работу ні за якія дэсерты.

Другое назіранне адбылося падчас маёй работы ў «глянцы». Рэалізатар італьянскіх макаронных вырабаў замовіў рэкламны тэкст з рэцэптамі. Мы, вядома, стараліся напісаць нешта выключнае, смачнае, з існуючых у свеце рэцэптаў адбіралі самае выкшталцонае. І адабралі, што называецца, на сваю галаву. Прачытаўшы ў прапанаваным намі тэксце выраз: «Зварыць макароны аль дэнтэ», — заказчык абурыўся не на жарт: «Якія такія макароны аль дэнтэ?! Дзе вы бачылі на нашых упакоўках «аль дэнтэ»?! Мы такіх не рэалізуем, вы падсунулі тэкст, які пісаўся не для нас!» Чытач, канешне, разумее, што «аль дэнтэ» — звычайны (і не толькі для Італіі) кулінарны тэрмін, які па-нашаму азначае «злёгку не даварыць». Але ж адкуль такія тонкасці можа ведаць рэалізатар макаронных вырабаў, хай сабе італьянскіх, калі ён мужчына?

Ёсць, канешне, і жанчыны, якія нават пасля сарака гадоў сямейнага стажу не ведаюць, на якім этапе гатавання бульбу саліць лепш і чаму ёй трэба трапіць у каструлю раней, чым капусце, але тут не пра іх. Тут пра мужчынскую маргінальнасць, у вачах якой кулінарыя — адно з двух: або вышэйшая навука, якую спасцігаць і спасцігаць, або пусты гук і не вартая ўвагі з'ява.

Святлана ДЗЯНІСАВА, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць»

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.