Вы тут

Легендарны звяздовец Уладзiмiр Амельянюк


Яшчэ настаўнiкi захаплялiся ўменнем Уладзiмiра Амельянюка рабiць цiкавую, змястоўную газету.

Сярэдняя школа ў Самахвалавiчах, якiя знаходзяцца побач з Мiнскам, — скарбнiца для любога журналiста. Не кожны гарадскi музей можа пахвалiцца такiмi цiкавымi i, самае галоўнае, змястоўнымi экспазiцыямi краязнаўчай i этнаграфiчнай тэматыкi. Ды i сама гiсторыя школы, якая налiчвае больш як 150 гадоў, настаўнiцкiя дынастыi, а таксама сучасныя падыходы ў навучаннi амаль паўтысячы школьнiкаў (пагадзiцеся, для сельскай мясцовасцi гэта нямала) варты цэлага аповеду. Захоўваюць гэтыя сцены i iншую, вельмi каштоўную для нас, звяздоўцаў, iнфармацыю...


Сця­пан Кан­дра­та­вiч, Зi­на­i­да, Па­лi­на Сця­па­наў­на i 14-га­до­вы Ула­дзi­мiр Амель­я­ню­кi (зле­ва на­пра­ва).

У гэтай школе вучыўся будучы Герой Савецкага Саюза, легендарны журналiст-падпольшчык, рэдактар першага нумара падпольнай «Звязды» Уладзiмiр Сцяпанавiч Амельянюк. Цяпер ён, як самы знакамiты навучэнец установы, «сустракае» кожнага, хто заходзiць за школьныя вароты, — помнiк Герою ўжо даўно стаў сiмвалам не толькi школы, а i, напэўна, усяго пасёлка.

Леснiчоўка ля Самахвалавiч

Нарадзiўся Уладзiмiр Амельянюк на Пскоўшчыне, у пасёлку Дно. У Самахвалавiчы бацькi пераехалi, калi Валодзя ўжо быў падлеткам. Ёсць iнфармацыя, што галава сям'i з'яўляўся ваеннаслужачым. Магчыма, так яно i было, але на Мiншчыне Сцяпан Кандратавiч працаваў леснiком.

Жылi Амельянюкi каля вёскi Дзегцяное, у леснiчоўцы, што прыкладна за васямнаццаць кiламетраў ад Самахвалавiч. Паколькi да школы было не блiзка, бацькi знялi дзецям пакой у пасёлку.

Iнфармацыi аб тым, якога ўзросту была сястра Уладзiмiра Амельянюка, няма. Але вядома, што разам з Зiнаю яны хадзiлi ў адзiн клас. Разглядаючы сямейны фотаздымак, якi захоўваецца ў школьным музеi, можна меркаваць, што брат i сястра былi прыкладна аднаго ўзросту. Магчыма, Зiна была старэйшай за свайго брата, але зусiм не нашмат. Вядома, што ў Самахвалавiчах Амельянюкi вучылiся нядоўга: з 1928 па 1929 год. Напэўна, той факт, што школа была сямiгадовай, i прымусiў сям'ю пераехаць у сталiцу.

На журфаку

Пасля заканчэння мiнскай школы Валодзя Амельянюк хадзiў на педагагiчныя курсы. Некаторы час працаваў настаўнiкам i пiянерважатым. Але журналiст у iм перамог настаўнiка — i ў 1938 годзе Уладзiмiр Сцяпанавiч паступае ў мiнскi Камунiстычны iнстытут журналiстыкi. Паралельна супрацоўнiчае з рэдакцыяй газеты «Пiянер Беларусi», рэдагуе дзяржынскую раённую газету. Па ўспамiнах таварышаў, вучыўся ён на выдатна. Будучы на чацвёртым курсе, Валодзя праходзiў практыку ў рэдакцыi абласной газеты ў Беластоку. Там яго i застала Вялiкая Айчынная вайна.

Ка­ля пом­нi­ка Ула­дзi­мi­ру Амель­я­ню­ку,  якi зна­хо­дзiц­ца на тэ­ры­то­рыi Са­ма­хва­ла­вiц­кай ся­рэд­няй шко­лы, пры­ма­юць  у пi­я­не­ры, ла­дзяць iн­шыя ўра­чыс­тас­цi.

У падполлi

У родныя мясцiны iшоў пешшу. На гэтым поўным жаху i пакут шляху страцiў сваю сястру — Зiна загiнула на яго вачах... Па ўспамiнах мацi, Палiны Сцяпанаўны, у захоплены фашыстамi Мiнск Валодзя вярнуўся параненым.

Жылi тады Амельянюкi па вулiцы Чарнышэўскага. Кажуць, што нiхто з гiтлераўцаў тут не кватараваў. Фашысты нават адключылi вулiцу ад электраэнергii — выдатнае месца для падпольнай дзейнасцi. Знаёмы хлопец правёў лiнiю электраперадачы, i Уладзiмiр стаў уключаць свой радыёпрыёмнiк. Падпольная дзейнасць пачалася для яго праслухоўваннем зводак Саўiнфармбюро, якiя ён перапiсваў i разам з таварышамi расклейваў па горадзе. Ужо будучы членам Мiнскага падпольнага гаркама партыi, Валодзя Амельянюк актыўна ўдзельнiчаў у дыверсiйнай дзейнасцi. Разам з iншымi падпольшчыкамi арганiзоўваў уцёкi савецкiх ваеннапалонных з нямецкiх лагераў, перадаваў партызанам выкрадзеную ў немцаў зброю, амунiцыю, боепрыпасы, медыкаменты, падробленыя дакументы.

Падпольная барацьба i само жыццё ў акупацыi ператварылi вясёлага i прыгожага юнака ў не па гадах дарослага чалавека. Уладзiмiр рэдка ўсмiхаўся, стаў вельмi сур'ёзным. Змянiўся i знешне: адгадаваў бараду. Асаблiва падкасiла яго гiбель бацькi. Сцяпана Кандратавiча, актыўнага падпольшчыка, фашысты схапiлi вясной 1942 года. Жорстка катавалi, не атрымаўшы нiякiх прызнанняў, забiлi. Па іншых звестках, не стала яго ўжо пасля гібелі сына.

Радком праўды

Узначалiўшы падпольную рэдакцыю «Звязды» ў няпоўныя 25 гадоў, Уладзiмiр Амельянюк аказаўся на перадавой iдэалагiчнага фронту. З яго лёгкай рукi газета выкрывала хлуслiвую фашысцкую прапаганду, звярталася да насельнiцтва з заклiкамi аказваць дапамогу партызанам. На яе старонках расказвалася пра падзеi на фронце, пра подзвiгi народных мсцiўцаў, паведамлялася аб вынiках «рэйкавай вайны», аб дыверсiях найбольш актыўных груп... Галоўнае — «Звязда» дайшла да Баранавiч, Оршы, Бабруйска, Гомеля i iншых гарадоў.

Фашысцкае камандаванне добра разумела, якую пагрозу нясе газета, чыю рэдакцыю яны так старанна шукалi. У кароткi час у фашысцкiх засценках загiнула шмат журналiстаў-падпольшчыкаў. Але газета працягвала выходзiць. Кажуць, што для пошуку друкарнi нават выклiкалi вопытных разведчыкаў з Берлiна. Гiтлераўцы ведалi: гiбель самай вядомай i аўтарытэтнай беларускай газеты — органа Мiнскага гаркама КП(б)Б — нанясе непапраўны ўрон падпольнаму руху. Таму шукалi яны i галоўнага рэдактара.

Ха­та па мiн­скай ву­лi­цы Чар­ны­шэў­ска­га, дзе ў га­ды Вя­лi­кай Ай­чын­най вай­ны жы­ла сям'я Амель­я­ню­коў.

Крок у вечнасць

I знайшлi... Каля Чырвонага касцёла ў Мiнску — у тым самым месцы, дзе 26 мая 1942 года загiнуў галоўны рэдактар першага падпольнага нумара «Звязды», — узведзены помнiк журналiстам-падпольшчыкам. Амельянюку, якому праз 20 гадоў пасля Перамогi прысвояць званне Героя Савецкага Саюза, толькi споўнiлася дваццаць пяць...

— Бацька расказваў, што Уладзiмiр Сцяпанавiч адчуваў — за iм сочаць, — расказваў некалi сын наборшчыка падпольнай «Звязды» Барыс Александровiч. — У той дзень ён якраз iшоў у аптэку, каб купiць лекi для партызанаў. Толькi выйшаў з аптэкi — i выстрал... Як жа бацька плакаў, не мог у гэта паверыць.

Ёсць і іншыя версіі гібелі падпольнага рэдактара.

Хасан Александровiч i Уладзiмiр Амельянюк былi сябрамi. Марылi стаць сапраўднымi журналiстамi. I сталi — толькi больш чым проста журналiстамi. Яны разам у 1938 годзе паступiлi ў Камунiстычны iнстытут журналiстыкi. Уладзiмiр Сцяпанавiч рана ажанiўся. З жонкай Лiдай i сынам Генадзем жылi ў Мiнску, на вулiцы Чарнышэўскага. Часта заходзiлi ў госцi да Александровiчаў.

«Бацька любiў яго за справядлiвы характар, неверагодную дасцiпнасць, вясёлы нораў», — успамiнаў сын наборшчыка. Будучы ў цэнтры горада, Барыс Александровiч заўсёды збочваў да помнiка журналiстам-падпольшчыкам. Казаў, што бацька быў бы яму за гэта ўдзячны.

 Ула­дзi­мiр Амель­я­нюк з сы­нам Ге­на­дзем, май 1941 го­да.

Аднакласнiкi

Помнiк-бюст Уладзiмiра Амельянюка ў Самахвалавiчах урачыста адкрылi 9 мая 1974 года — краiна святкавала чарговую гадавiну Перамогi, 30-годдзе вызвалення беларускай зямлi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў. На гэтай урачыстай цырымонii прысутнiчаў чалавек, якi асабiста ведаў адважнага падпольшчыка. Праўда, для Казiмiры Сцяпанаўны Кратовiч ён быў проста Валодзем-аднакласнiкам.

Як расказала настаўнiца гiсторыi Самахвалавiцкай сярэдняй школы, загадчыца школьнага музея Наталля Аладзьева, Кратовiчы нават жылi побач з Амельянюкамi. Таму ўспамiнам аднакласнiцы Уладзiмiра, якiмi яна падзялiлася з пiянерскiм атрадам 5 «А» класа 2 снежня 1977 года на ўрачыстым зборы з нагоды прысваення атраду iмя Героя, можна смела давяраць. Занатаваныя дзiцячай рукой, яны адкрываюць новыя факты з бiяграфii легендарнага журналiста-падпольшчыка:

«... Жылi яны (Уладзiмiр i Зiнаiда Амельянюкi. — Аўт.) на кватэры ў сям'i Кратовiча Канстанцiна Панкрацьевiча (будучага мужа Казiмiры Сцяпанаўны. — Аўт.). Я сябравала з Зiнай i добра ведала яе брата Валодзю. Аднойчы мы хадзiлi да iх у госцi ў ляснiцтва. Хата была сцiплай, але вельмi там было чыста i акуратна. Сям'я сюды пераехала аднекуль з Расii, гэта адчувалася нават ва ўбраннi пакоя. Даўно гэта ўсё было, амаль 50 гадоў таму, але добра памятаю вельмi сабранага, самастойнага, акуратнага з чубком хлопчыка за другой партай у сярэднiм радзе. Ён быў маладзейшым за многiх вучняў у класе (у тыя гады ў адным класе аказвалiся дзецi рознага ўзросту), але карыстаўся вялiкай павагай аднакласнiкаў. Ён вельмi добра адказваў каля дошкi i заўсёды так дакладна i зразумела, што, здавалася, тлумачыць нават больш зразумела, чым настаўнiк. I на перапынках ён заўсёды быў гатовы дапамагчы таварышу, патлумачыць. Мне, напрыклад, цяжка давалася матэматыка, ён заўсёды дапамагаў. Аднойчы Валодзя па хваробе прапусцiў 6 тыдняў заняткаў, але здолеў самастойна дагнаць клас, якi пайшоў наперад па ўсiх прадметах. I паспяхова здаў экзамены. I яшчэ Валодзя заўсёды ўспамiнаецца з кнiгай у руках. Не памятаю, каб ён бегаў у класе, бiўся. Калi нiхто не прасiў на перапынку нешта патлумачыць, ён адразу ж браўся за кнiгi. Валодзя ўжо ў школе ў тыя гады праяўляў схiльнасцi да журналiстыкi. Ён быў рэдактарам класнай насценгазеты i членам рэдкалегii агульнашкольнай газеты. I не проста таму, што яго выбралi, ён працаваў. Рабiў гэта захоплена. Пiсаў добрыя артыкулы — настаўнiкi захаплялiся яго ўменнем зрабiць цiкавую, змястоўную газету. Потым сям'я пераехала ў Мiнск, i Валодзя заканчваў вучобу ўжо ў горадзе».

Ка­ля пом­нi­ка Ула­дзi­мi­ру Амель­я­ню­ку,  якi зна­хо­дзiц­ца на тэ­ры­то­рыi Са­ма­хва­ла­вiц­кай ся­рэд­няй шко­лы, пры­ма­юць  у пi­я­не­ры, ла­дзяць iн­шыя ўра­чыс­тас­цi.

***

Усю сям'ю знiшчыла вайна. Бацька i сын Амельянюкi загiнулi ў падполлi, сястры не стала ў пачатку вайны, мацi памерла ў 1945-м... Нiчога не вядома пра лёс жонкi Амельянюка Лiды i сына Генадзя. Хутчэй за ўсё, у нашага славутага калегi нашчадкаў не засталося. У адваротным выпадку, хоць хто-небудзь за столькi гадоў абавязкова аб'явiўся б. А можа, дзесьцi жыве чалавек, якi не ведае сваiх каранёў? Або нават падумаць не можа, што ў далёкай Беларусi гэтае прозвiшча на слыху?

Веранiка КАНЮТА

kanyuta@zviazda.by

Фо­та Яў­ге­на ПЯ­СЕЦ­КА­ГА

Загаловак у газеце: Легендарны звяздовец

Каментары

Аўтар кажа пра тое, што ёсць і іншыя версіі таго, як загінуў Уладзімір Амельянюк. Адну з іх у свой час давялося пачуць з вуснаў даследчыка Мінскага падполля. Згодна з гэтай інтэрпрэтацыяй, у той дзень, 26 мая 1942 года, рэдактар падпольнай "Звязды" па нейкіх справах ехаў з іншымі падпольшчыкамі на павозцы. Вядома, было гэта не каля Чырвонага касцёла: якімі адважнымі не былі падпольшчыкі, наўрад ці яны асмеліліся б паказацца такім чынам у цэнтры Мінска. Але павозка прыцягнула ўвагу фашыстаў і на ўскрайку сталіцы. Яе абстралялі разам з тымі, хто там ехаў. У тое меркаванне (дзе б не загінуў Амельянюк – каля касцёла або на ўскрайку горада), што перад смерцю за рэдактарам падпольнай "Звязды" сачылі, шчыра кажучы, не верыцца. Калі б гэта было так, то наўрад ці яго забілі б – падпольшчык быў патрэбен ім жывым. Але магло быць і такое, што Амельянюк супраціўляўся, таму іншага выйсця, чым пусціць у яго кулю, у гітлераўцаў не было. І яшчэ. Тыя супрацоўнікі падпольнай "Звязды", якія перажылі вайну, былі ўпэўнены, што таго ж Амельянюка, як і іншых журналістаў-падпольшчыкаў, якія загінулі ў фашысцкіх засценках, выдаў хтосьці са сваіх. Імя здрадніка мы ўжо ніколі не даведаемся. Затое будзем памятаць імёны тых, хто ў небяспечны ваенны час выбраў іншы шлях – самаахвярнасці і подзвігу.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.