Вы тут

Ну, за каханне!..


Таня, Танечка, Танюша... Выдатніца, прыгажуня, спартсменка, мара ўсіх хлопчыкаў. Ёй прадказвалі зайздросную будучыню — кар'ерны рост, матэрыяльную забяспечанасць, удалае замужжа... Таня ўсіх расчаравала — выскачыла замуж, ледзь паспеўшы скончыць школу, за Славіка, які зорак з неба не хапаў, працаваў на мясцовай аўтабазе, а па вечарах нарошчваў біцэпсы ў мясцовай жа «качалцы»...


«А праўда, ён падобны да акцёра Ціханава?» — пыталася Таня ў сябровак, прыжмурваючы ад замілавання вочы, і тыя, каб не расчароўваць яе, згодна ківалі галовамі. Хоць выдатна ўсведамлялі, што ў Славы і акцёра Ціханава з агульнага — толькі імя. Нядобразычліўцам жа, якія спрабавалі адкрыта адгаварыць Таню ад шлюбу — маўляў, нічога добрага з гэтага не атрымаецца, занадта ж вы розныя, — дзяўчына давала суровы адпор, заклікаючы на дапамогу цяжкую артылерыю ў выглядзе жалезнага аргумента: я яго вельмі кахаю, ён кахае мяне бязмежна, і не трэба нам зайздросціць.

Паступова жарсці ўлягліся, пачаліся звычайныя будні... З таго часу мінула гадоў трыццаць, а можа і больш...

* * *

У суботу Таццяна Пятроўна, жанчына «ў целе» (як гаворыць сама пра сябе), прачынаецца рана, надзявае зялёны спартыўны касцюм з нашытымі на рукавах чырвона-белымі палоскамі, залазіць на свой ровар, які пад яе напорам крыху патрэсквае, і едзе ў краму атаварвацца. Калі праз гадзіну вяртаецца, паходную сумку, якая па буднях служыць дамскай, а па выхадных — гаспадарчай, аж распірае ад пакетаў з ежай.

Таццяна Пятроўна асцярожна паркуецца каля ўласнай агароджы, здымае з руля свой каштоўны груз і, злёгку кульгаючы, ідзе па цэментнай дарожцы ў бок дома. Не даходзячы да дзвярэй, рэзка збочвае — нырае ў кустоўе пад вокнамі, хаваючы ў зарасніку «пляшку» для будаўнікоў, што перакрываюць дах.

Пакінуўшы бутэльку ў кустах, астатняе нясе ў хату — вечарам да іх запрошаны госці. Ну не тое каб госці ў прыстойным сэнсе гэтага слова, а так, суседзі. Галіна са сваім сужыцелем Сцяпанам. У іх сем'ях такая вось завядзёнка — хадзіць адзін да аднаго па чарзе. Сумесныя пасядзелкі рэдка калі не заканчваюцца сваркай, аднак праз колькі дзён усе зноў мірацца, і гасцявая традыцыя працягваецца.

Колькі разоў Таня прасіла Славіка, каб не лез са сваім «рылам» у святая святых — разважанні Сцяпана (былога армейскага маёра) пра крызіс у сучасным войску... Звычайна Славік дазваляў Сцяпану выказацца, старанна ўслухоўваючыся ў яго маналогі і напружана моршчачы лоб, калі ў разважаннях прыяцеля трапляліся незнаёмыя словы. Яно ж і зразумела: Сцяпан — чалавек вучоны, вайсковы інтэлігент, няхай і разжалаваны пад канец службы за крадзеж бензіну. А Славік у сваім жыцці, акрамя «баранкі» і кабіны грузавіка, нічога не бачыў. І таму на выступленні суседа ён рэагуе заўсёды аднолькава — бесцырымонна перапыняе яго, грукаючы кулаком па стале і звяртаючыся невядома да каго з адной і той жа фразай: «Папуасы вы ўсе!» Такой абразы Сцяпан вынесці не можа — мужчыны хвілін пяць тузаюць адзін аднаго «па-суседску» і разыходзяцца. Аднак самае большае праз тыдзень ад крыўды не застаецца і следу.

* * *

У той дзень для сустрэчы мелася і ўвогуле важная падстава — новы Танін веласіпед. Новы-не новы... Спачатку братава жонка, пэўна, з год развозіла на ім пошту. Аднак мара Таццяны ўсё ж ператварылася ў рэальнасць — уламала радню на «бартар» у выглядзе дзвюх скрыняў памідораў і меха бульбы (балазе, год на іх выдаўся ўраджайны, а ў брата свайго агарода няма).

Веласіпед Таццяне быў як нельга дарэчы. І да свекрыві ў вёску зматацца, і ў краму, і да сына, Віталіка, на другі канец горада... Зараз Віталік распанеў, носу дома не паказвае, возіць нейкае «начальства». А летась, калі машыну свайго шэфа пабіў і грошы на рамонт тэрмінова шукаў, да каго прыбег? Да яе, да маці. А калі ўнучка Волечка захварэла і ёй кансультацыі прафесараў ды дарагія лекі спатрэбіліся — хто ўсіх знаёмых на ногі падняў (памятаюць яшчэ, як у Тань-
кі кантрольныя спісвалі, не забыліся!)? Кабанчык, зноў жа, дарэчы прыйшоўся — ад свежанінкі ніхто са знаёмых ды і дактароў не адмовіўся, ні адзін чалавек. І Волечку — яе сонейка, яе адзіную на гэтым свеце сапраўдную радасць — выратавалі.

Пасля нявестка малую забрала і да маці ў вёску падалася. Лепш, сказала, буду там жыць, чым у райцэнтры са свёкрам-алкаголікам. Няпраўду сказала, Славік не алкаголік. Ну, любіць чалавек выпіць — дык гэта ж на святы! І яшчэ крыху — калі суседзі прыходзяць.

* * *

Галіна са Сцяпанам з'явіліся пад вечар — прынеслі з сабой настойку ў бутэльцы з-пад каньяку і кружок «пальцам піханай» каўбасы. Таня злазіла ў склеп па агуркі, насмажыла бульбы, парэзала паляндвічку... Славік, як быў — у завэдзганай «садовай» майцы і зашмальцаваных шортах, якія ўвесь час спаўзалі з жывата, — так і плюхнуўся за стол, на сваё любімае месца каля пліты. Ляніва пацікавіўся: «З якой нагоды сёння сабраліся?» — і падазрона скасавурыўся на Сцяпана: нешта зачасціў сусед. Можа, «жэрдка» яго худая яму ўжо надакучыла?.. Таня ўсё яшчэ бегала з кухні на веранду. «Бач, як стараецца, — прамільгнула ў галаве. — З чаго б гэта?»

«Ну, за вашу пакупку!» — сказаў першы тост Сцяпан. Усе выпілі, і ён, накалоўшы на вілку кавалак каўбасы, узяўся за сваю любімую тэму: «Калі я служыў у Ніжнім Тагіле, у жонкі нашага камандзіра таксама быў веласіпед. І яна на ім...»

Далей Славік ужо не слухаў. Не абмежаваная ніякімі рамкамі фантазія, падагрэтая «знізу» парамі настойкі, малявала яму самыя змрочныя сцэны: вось Таццяна, як заўсёды, кульгаючы, падыходзіць да веласіпеда, залазіць на яго, націскае на педалі і імчыць у напрамку бліжэйшага бярэзніка. А там... Там яе чакае вусаты сусед Сцяпан у поўнай баявой гатоўнасці.

«За каханне!» — прапануе наступны тост бравы адстаўнік Сцяпан. Наліваючыся злосцю, Славік устае з-за стала і, чапляючыся за сцяну, выходзіць у «бакоўку», дзе складзены розныя патрэбныя ў гаспадарцы рэчы.

«Вой, глядзіце, сякеру ўзяў!» — шэпча збялелымі вуснамі Галя. Заварожанымі позіркамі госці сочаць за Славікам. Той размахваецца і з усёй сілы наносіць удар. Спачатку па багажніку, потым — па рулі, па колах... Спіцы разлятаюцца ў розныя бакі, як іголкі. Таня рвецца да мужа, але Сцяпан з Галінай стрымліваюць яе. «Ды чорт з ім, не лезь. Зараз супакоіцца, спаць ляжа. А веласіпед... Падумаеш — веласіпед! Не чалавек жа. Сядай лепш за стол. Трэці тост — за жанчын!»

Ала БЫВАЛАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».