Вы тут

У сталіцы пройдзе Рэспубліканскі форум, прысвечаны культуры чытання


Кнігі і чытанне — адзін са шляхоў духоўнага ўзбагачэння чалавека. Творы мастацкай літаратуры дазваляюць больш даведацца пра свет і месца чалавека ў ім, даюць магчымасць зазірнуць у глыбіню ўласнай душы чытача, паназіраць за ўнутранымі перажываннямі аўтара і персанажаў. Думаецца, з гэтымі сцвярджэннямі няма сэнсу спрачацца. Але фарміраванне і развіццё культуры чытання — справа не з простых. Гэты працэс уключае цэлую сістэму ўзаемазвязаных звёнаў, а яго ўдзельнікамі ў сучасным свеце становяцца не толькі аўтар, кніга і чытач, а цэлы комплекс устаноў, цэлыя групы прафесіяналаў розных сфер.


Аўтары і выдаўцы, бібліятэкары і журналісты, педагогі і метадысты, студэнты і вучні збяруцца 13 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы, каб абмеркаваць актуальныя пытанні фарміравання культуры зносін з кнігай на Рэспубліканскім форуме «Кніга=Свет: сучасны стан і стратэгіі развіцця нацыянальнай прасторы чытання». Яго арганізатарамі выступаюць Нацыянальны інстытут адукацыі, Выдавецкі дом «Звязда», Нацыянальная бібліятэка Беларусі, рэдакцыя «Настаўніцкай газеты». Мерапрыемства адбудзецца ў межах рэспубліканскага інфармацыйна-асветніцкага праекта «КнігаСвет».

Інавацыйны праект «КнігаСвет» рэалізуецца, каб стварыць умовы для развіцця культуры чытання беларусаў, дзеля выхавання кваліфікаванага чытача (і каб ён заставаўся такім) на працягу ўсяго жыцця. Праект мае на мэце наладзіць узаемадзеянне ўсіх, хто зацікаўлены ў росце прэстыжу літаратуры і чытання як нацыянальнай культурнай каштоўнасці. Адным з крокаў рэалізацыі праекта і стане Рэспубліканскі форум «Кніга=Свет: сучасны стан і стратэгіі развіцця нацыянальнай прасторы чытання».

Адметна, што ў сучасным свеце чытанне разглядаецца як адзін з рэсурсаў інавацыйнага развіцця грамадства. Таму яго падтрымка, выхаванне культуры чытання — задача комплексная, якая ўключае цэлы шэраг актуальных момантаў, што плануюцца да абмеркавання падчас форуму «Кніга=Свет». У іх ліку — развіццё сацыякультурнай прасторы (роля і магчымасці бібліятэк у папулярызацыі чытання і развіцці чытацкай культуры, адметнасці ўплыву СМІ на фарміраванне ў грамадстве стаўлення да чытання); педагагічны аспект выхавання культуры чытання, адметнасці ўспрымання чытачом сучаснай мастацкай літаратуры Беларусі, медыявобразаў літаратара; праблемы і перспектывы развіцця беларускага кнігавыдання, выдавецкія ініцыятывы па падтрымцы чытання; разгляд новых інтэрнэт-рэсурсаў як эфектыўных інструментаў фарміравання і развіцця кніжнай прасторы чытання.

Падчас форуму будзе прэзентаваны інтэрнэт-рэсурс «КнігаСвет» http://knigasvet.adu.by. Таксама ў межах імпрэзы пройдзе цырымонія ўзнагароджання пераможцаў ІІ этапу культурна-інфармацыйнага марафону «Культ-пра-Свет» і дыстанцыйнага праекта «Стартап-фэст «Спадчына.tut»», арганізаваных Нацыянальным інстытутам адукацыі. А Выдавецкі дом «Звязда» ўзнагародзіць лепшых бібліятэкараў сістэмы культуры і адукацыі дыпломамі «За пашырэнне чытацкай аўдыторыі прасторы беларускай літаратуры».

Форум пройдзе пры падтрымцы адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска. Спонсарамі выступілі выдавецтва «Аверсэв», прадстаўніцтва «Schneіder Electrіc Іndustrіes SAS» (Францыя) у Рэспубліцы Беларусь, кампанія «Гранд Райт».

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Кнігі — гэта цэлы свет

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.