Вы тут

Як стварыць школу, у якой будзе ўтульна ўсім?


Ці многія з бацькоў гатовыя да сітуацыі, калі побач з іх сынам ці дачкой у звычайным класе будуць навучацца дзеці з расстройствамі аўтыстычнага спектра ці, скажам, «сонечныя дзеці» з хваробай Даўна? А ці гатовыя да гэтага педагогі?

Праблему існавання штучных бар'ераў у безбар'ерным асяроддзі ўзнімаў на жнівеньскім форуме педагагічных работнікаў старшыня Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл МІРОНЧЫК.

— Нашу сістэму адукацыі вылучае вялікі гуманістычны патэнцыял, гэта тычыцца ў першую чаргу ўключэння ў агульнаадукацыйны працэс дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, колькасць якіх пастаянна расце. Але ўсе нашы намаганні (матэрыяльныя, кадравыя і кіраўніцкія) не дадуць чаканага эфекту, пакуль не знікнуць псіхалагічныя бар'еры ў дачыненні да дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Дзеці гатовы быць побач адно з адным: пытанне, хутчэй, у бацьках, педагогах і людзях, што іх акружаюць. Яны ствараюць бар'еры ў безбар'ерным асяроддзі — псіхалагічныя, маральна-духоўныя і фізічныя, — канстатаваў Міхаіл Мірончык.

Вопыт, праблемы і перспектывы інклюзіўнай адукацыі аказаліся ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў міжнароднага семінара, арганізаванага Міністэрствам адукацыі сумесна з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі. Сваім досведам з беларускімі педагогамі падзяліліся спецыялісты з Чэхіі, Аўстрыі і Славакіі.


Фота БЕЛТА.

Чым раней, тым лепш

Іржы ТРУНДА — дырэктар пачатковай школы «Вратыслаўска» горада Прагі, доктар педагагічных навук, прызнаецца, што калі дваццаць гадоў таму яму ўпершыню ў педагагічнай практыцы давялося сутыкнуцца з дзецьмі з асаблівасцямі ў развіцці, ён быў да гэтага не падрыхтаваны.

— Па-першае, я сам з'яўляюся прадуктам эксклюзіўнай школы, — жартуе ён. — Спачатку — вучоба ў элітнай навучальнай установе, затым — у прэстыжным універсітэце ў Празе. Па-другое, у маім акружэнні ніколі не было дзяцей з асаблівымі патрэбамі, таму і досведу ўвогуле ніякага не было. Па-трэцяе, ідэі інклюзіўнага навучання яшчэ не былі сфармуляваныя ў чэшскім грамадстве. Таму ўвесь шлях — ад першай да апошняй прыступкі — мне прыйшлося прайсці самастойна...

Трэба патлумачыць, што ў пачатковай школе ў Чэхіі вучацца дзеці ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў (з 1-га па 9-ты клас). Іржы Трунда суправаджаў свой клас з першага года навучання і да яго выпуску з базавай школы, што дало яму магчымасць назіраць развіццё дзяцей у калектыве даволі працяглы час.

— 20 гадоў таму, калі я быў прызначаны настаўнікам у першы клас, я даведаўся, што ў мяне будзе навучацца хлопчык з сур'ёзнымі ментальнымі асаблівасцямі (адхіленнямі ў разумовым развіцці. — Аўт.). Затым яшчэ ў аднаго вучня быў выяўлены рак, і пасля аперацыйнага ўмяшання яго інтэлектуальныя здольнасці таксама моцна пацярпелі. Былі ў калектыве і іншыя дзеці з расстройствамі, — расказвае спадар Трунда. — На вучня з ментальнымі асаблівасцямі псіхолагі прапанавалі мне махнуць рукой яшчэ ў трэцім класе. Маўляў, ніякага толку ўсё роўна не будзе, і наперадзе яго чакае жыццё на сацыяльную дапамогу. Па апошніх звестках медыцынскай навукі, інтэлект гэтага хлопца так і застанецца на ўзроўні дзевяці-дзесяцігадовага хлопчыка. Але сёння я магу з упэўненасцю сказаць, што нашы намаганні не былі марнымі. Малады чалавек працуе цяпер у сетцы хуткага харчавання, дзе выконвае даволі простую фізічную работу. Менеджарам ён і насамрэч ніколі не стане, затое ён не стаў абузай ні для грамадства, ні для ўласнай сям'і: сам сябе ўтрымлівае і вядзе жыццё звычайнага чалавека. Другі хлопец, у якога быў выяўлены ў дзяцінстве рак мозга, цяпер працуе ў Нарвегіі ў будаўнічай кампаніі. І, як я пераканаўся на сустрэчы выпускнікоў, мае былыя вучні па-ранейшаму адчуваюць сябе адзіным калектывам і не выкрэсліваюць са свайго жыцця сваіх асаблівых аднакласнікаў, хоць усе яны ўжо дарослыя людзі. Для мяне, напэўна, гэта найвышэйшая ўзнагарода за маю працу.

Адным са складнікаў поспеху Іржы Трунда лічыць тую акалічнасць, што звычайныя дзеці і дзеці з асаблівымі патрэбамі аказаліся ў адным класе літаральна з першага года навучання. Праўда, спадар Трунда ўпэўнены, што звычайных дзяцей увогуле не існуе. «Пакажыце мне хоць адно звычайнае дзіця, — кажа ён. — Усе дзеці — асаблівыя, і было б проста выдатна, калі б для ўсіх вучняў ствараліся індывідуальныя планы іх навучання і развіцця».

— Калі дзеці ідуць у школу, яны ведаюць, што там будуць іншыя дзеці, таму спакойна ставяцца да ўсіх. Не думаю, што мае вучні так добра прынялі б сваіх асаблівых равеснікаў, калі б тыя з'явіліся, скажам, у сёмым класе. Таму інклюзію трэба ўкараняць як мага раней, пачынаючы з першых гадоў навучання дзіцяці.

Ацэнка для «асаблівага» вучня

Дырэктар школы прызнаецца, што па першым часе самым актыўным на ўроках быў ён сам, пакуль не зразумеў, што актыўнымі павінны быць, найперш, дзеці. А для гэтага трэба пашыраць пералік педагагічных прыёмаў... Калі «асаблівае» дзіця актыўнае ўсяго 2-3 хвіліны, то для яго ўрок — гэта змарнаваны час. Значна больш карысці для здароўя будзе, калі яно паганяе мяч.

Адно з самых складаных пытанняў, якое паўстае перад педагогам — як ацэньваць вучня са спецыфічнымі патрэбамі, і, галоўнае, як патлумачыць гэту ацэнку астатнім?

— Мне давялося прыдумаць гісторыю. Быццам бы ў майго сябра ў класе вучыцца хлопчык, які страціў у выніку аварыі нагу, — дзеліцца сваім досведам Іржы Трунда. — Сябра — настаўнік фізкультуры, таму яго вучні займаюцца на ўроках бегам. «Як вы думаеце, хто ў гэтым класе будзе атрымліваць самыя нізкія адзнакі за тое, што самы марудны?» — задаў я пытанне сваім вучням і сам жа на яго адказаў: «Ну, канешне, хлопчык з пратэзам!» Мае дзеці вырашылі, што іх настаўнік звар'яцеў, і самі сталі фармуляваць думку, якую я хацеў да іх давесці: што ёсць сітуацыі, у якіх нельга ўсіх аднолькава ацэньваць. Дзеці са спецыфічнымі патрэбамі даволі часта хаваюцца за сваёй асаблівасцю, таму трэба адразу ім зразумець: не варта спадзявацца, што ты будзеш адседжвацца за спінамі аднакласнікаў. Трэба прыкладаць намаганні і старацца ў меру сваіх індывідуальных магчымасцяў. Рабіць за іх нічога катэгарычна нельга, хоць настаўніку так прасцей. Задача педагога — дапамагчы, паспрыяць, каб асаблівы вучань зрабіў усё сам. Універсальнага ключа для ўсіх не існуе — да кожнага асаблівага вучня трэба шукаць свой падыход.

Сітуацыю з інклюзіяй дваццаць гадоў таму і сёння нельга нават параўноўваць. Усё часцей побач са звычайнымі дзецьмі ў класе вучацца асаблівыя дзеці.

— Ва ўніверсітэце, дзе я выкладаю, ужо таксама з'явіліся студэнты з асаблівасцямі, — кажа спадар Трунда. — І ўсё ж такі многія педагогі па-ранейшаму вельмі насцярожана ставяцца да інклюзіі. І гэтаму ёсць тлумачэнне. Працу педагога грамадства ацэньвае па паспяховасці яго вучняў. Натуральна, што настаўнікі жадаюць быць паспяховымі, а для іх поспех — гэта перамогі вучняў на алімпіядзе і паступленне ва ўніверсітэт. «Асаблівыя» дзеці не будуць прыносіць ім дыпломы і медалі, і з гэтым трэба змірыцца. Але іх сацыялізацыя ў грамадстве каштуе нашмат даражэй. Ёсць і яшчэ адно распаўсюджанае меркаванне — быццам бы прысутнасць дзяцей з асаблівымі патрэбамі ў класе дрэнна адбіваецца на поспехах іх аднакласнікаў. Сярод выпускнікоў майго «асаблівага» класа адзін малады чалавек цяпер навучаецца ва ўніверсітэце ў Кембрыджы, а другі — ва ўніверсітэце ў Нью-Ёрку. І для мяне гэта акалічнасць лепш чым усякія даследаванні даказвае, што дзіця са спецыяльнымі патрэбамі не можа быць тормазам для іншых. Усё залежыць ад падыходаў настаўніка, які працуе ў такім класе.

Сёння Іржы Трунда ўзначальвае базавую школу, у якой налічваецца 305 вучняў, і ў 52 з іх — індывідуальная адукацыйная праграма. Над стварэннем такой праграмы працуюць школьны псіхолаг, спецыяльны педагог, класны кіраўнік, асістэнт педагога пры ўдзеле бацькоў. Ёсць сярод вучняў дзеці не толькі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, але і дзеці з рознымі іншымі спецыфічнымі адукацыйнымі і сацыяльнымі патрэбамі, напрыклад, дзеці з цыганскіх сем'яў, для якіх адукацыя не з'яўляецца каштоўнасцю, дзеці імігрантаў з Украіны, Расіі, В'етнама, якія не валодаюць чэшскай мовай...

Закон «Аб адукацыі» ў Чэхіі фактычна настойвае на ўкараненні інклюзіўнага навучання, але Іржы Трунда ўпэўнены, што прымус зверху не спрацуе — трэба распачынаць з настаўнікаў, паступова змяняючы іх свядомасць...

Зразумець і прыняць

Выкладчык Педагагічнага ўніверсітэта горада Ціроля (Аўстрыя), доктар педагагічных навук Вольфганг ЗІБЕРЭР прызнаецца: «Я, як дэфектолаг, калі размаўляю з дзіцем, звяртаю ўвагу не на яго патэнцыял, а бачу толькі яго дэфект. Калі едзеш у аўтобусе і глядзіш у акно, то можна ўбачыць прыгожы пейзаж удалечыні ці, наадварот, бруднае шкло — сляды, што пакінулі на акне кроплі вады. Усё залежыць, ад таго, пад якім вуглом глядзець і што ты хочаш убачыць...»

У Аўстрыі, як і ў іншых еўрапейскіх краінах, ёсць школы, якія вельмі істотна прасунуліся ва ўкараненні інклюзіі, але хапае і школ, якія знаходзяцца толькі ў самым пачатку шляху і дзе да ідэі сумеснага навучання звычайных і «асаблівых» дзяцей ставяцца пакуль насцярожана. Хоць апошнім часам з'яўляецца ўсё больш прыкладаў, якія натхняюць прыхільнікаў ідэі інклюзіі. Адзін з самых яскравых — лёс аўстрыйскага хлопчыка, які нарадзіўся без рук і ног, тым не менш ён скончыў не толькі школу, але і ўніверсітэт. Цяпер Георг працуе ў Вене ў шматпрофільным шпіталі клінічным псіхолагам.

— Толькі ўявіце сабе эфект, калі ў палаце ў пацыента, які страціў ногі ў выніку аварыі, з'яўляецца такі спецыяліст, — кажа Вольфганг Зіберэр. — Усім вядома і імя Пабла Пінеда. Гэта першы ў Еўропе чалавек з сіндромам Даўна, які разбурыў усе забабоны і скончыў універсітэт, дзе вывучаў педагогіку і псіхалогію. Сёння ён працуе настаўнікам у пачатковай школе і здымаецца ў кіно, сыграў галоўную ролю ў кінастужцы «Я таксама», мае міжнародную кінаўзнагароду.

«Для мяне інклюзія — гэта вялікі хор з сімфанічным аркестрам, дзе мы ўсе разам рэпеціруем і спрабуем стварыць музыкальны шэдэўр, — прызнаецца Вольфганг. — Сэнс не ў тым, каб усе рабілі ўсё аднолькава, а ў тым, каб мы магчымасці кожнага разумелі і прымалі».

Дарэчы, развіццё сучасных тэхналогій дапамагло навукоўцам зразумець, як функцыянуе і развіваецца чалавечы мозг. Праведзена шмат даследаванняў у гэтым кірунку, і іх вынікі паставілі пад сумненне той дыягнастычны інструментарый, які традыцыйна выкарыстоўваўся для ўстанаўлення разумовай адсталасці. Некаторыя спецыялісты сёння лічаць, што тое парушэнне, з-за якога мы лічым чалавека разумова адсталым, з'яўляецца проста асаблівасцю яго мыслення. І несправядліва, калі дзіця, якое мае пэўныя асаблівасці мыслення, займаецца тымі відамі дзейнасці, якія яго мала стымулююць і не развіваюць. Нават калі дзіця не можа засвоіць у поўным аб'ёме тое, што патрабуецца, педагогі павінны рабіць усё магчымае для таго, каб яно развівала свае здольнасці. Іншымі словамі, неабходна ставіць аднолькавыя адукацыйныя мэты і задачы для ўсіх дзяцей, незалежна ад парушэнняў. Пры такім падыходзе, зразумела, павышаюцца патрабаванні да настаўніка, які працуе з дзіцем, да яго майстэрства, крэатыўнасці, магчымасцяў выкарыстоўваць асістыўныя тэхналогіі, гібкія метады і формы навучання.

Не проста прыгожае слова

У Беларусі сёння на базе 8 агульнаадукацыйных устаноў рэалізуецца рэспубліканскі эксперыментальны праект па апрабацыі мадэлі інклюзіўнай адукацыі, пра што расказала начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Антаніна ЗМУШКО. Зацверджана Канцэпцыя развіцця інклюзіўнай адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь і План мерапрыемстваў на 2016—2020 гады па яе рэалізацыі. Унесены адпаведныя змяненні ў праект новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб адукацыі». «Мы пераходзім да ўвасаблення ідэй інклюзіі на практыцы», — запэўнівае Антаніна Змушко.

Чым жа інклюзіўная школа адрозніваецца ад звычайнай? Сёння ўжо ёсць школы з безбар'ерным асяроддзем, але гаварыць аб тым, што ўсе яны інклюзіўныя, рана, таму што ў іх яшчэ няма адпаведнай культуры зносін, няма агульнашкольнай палітыкі ў адносінах да дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У інклюзіўнай школе фізічнае асяроддзе і адукацыйны працэс прыстасоўваюцца да патрэб дзіцяці, а ўвесь персанал мае адпаведную падрыхтоўку і паважліва адносіцца да ўсіх дзяцей з поўным разуменнем іх асаблівых праблем.

У галоўным адукацыйным ведамстве спадзяюцца, што ў выніку эксперыментальнай дзейнасці будуць выпрацаваны агульныя рэкамендацыі па ўкараненні інклюзіўнай адукацыі ў кожнай школе і створаны алгарытм работы па поўным уключэнні асаблівых вучняў у жыццё школ.

Галоўнае, каб інклюзія для нас не засталася проста прыгожым словам...

Дакладнае разуменне таго, што кожны чалавек мае права і можа быць уключаным у нармальнае жыццё, — адзін з самых галоўных пастулатаў інклюзіўнай адукацыі. Інклюзія — працэс, які закранае не толькі сферу адукацыі. Ён закліканы разбураць бар'еры ў свядомасці грамадства, рабіць яго больш талерантным, гуманным і адкрытым да любой разнастайнасці...

На ўсёй планеце ўзрастае разуменне правоў чалавека — права кожнага чалавека быць уключаным у грамадскае жыццё, атрымліваць адукацыю, мець нармальную сям'ю, належны ўзровень даходаў і г.д. Інклюзіўная адукацыя з'яўляецца лагічным працягам сусветных тэндэнцый на збліжэнне і інтэграцыю.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Інклюзія, а не ілюзія

Каментары

Баюся, што да інклюзіі нам яшчэ расці і расці, найперш, у маральным сэнсе. Прывяду толькі адзін прыклад: калі дачка маёй суседкі пераходзіла з пачатковай у базавую школу, настаўніца прапанавала сям’і выбраць інтэграваны клас. Маўляў, там і колькасць вучняў меншая, і падыход індывідуальны да ўсіх дзяцей у класе, а не толькі да дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Вы б толькі бачылі, колькі абурэння было з боку дарослых, якія былі цвёрда ўпэўненыя, што іх дзіця не атрымае ў інтэграваным класе тых ведаў, што дазволяць у перспектыве прэтэндаваць на паступленне ў ВНУ. Яны ўспрынялі інтэграваны клас, ні больш ні менш, як стварэнне ў школе рэзервацыі для няўдачнікаў, куды спрабуюць памясціць і іх дачку. Вось такая была абраза для бацькоўскіх пачуццяў! Я лічу, што ўсё пачынаецца з таго, што бацькоў здаровых дзяцей просяць напісаць заяву аб тым, што яны згодны, каб іх дзіця вучылася ў інтэграваным класе. Гэта, лічу, абражае і дзяцей з асаблівасцямі развіцця, і іх бацькоў, якія чакаюць міласці ад усіх астатніх. Людзям з інваліднасцю жывецца нашмат цяжэй, чым многім. Але ж яны часцей за ўсё больш добрыя і лепшыя па сваіх чалавечых якасцях, чым тыя, у каго няма праблем з фізічным і псіхічным здароўем.. Дадам, што мае суседзі прызналіся, што і самі не хочуць штодня сутыкацца з асаблівымі дзецьмі. Нічога супраць іх не маюць, спачуваюць іх бацькам, але ім бы не хацелася быць з такімі дзецьмі побач усе гады вучобы …

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.