Вы тут

Царкву ў Малых Мурынах аднаўляюць па старадаўніх тэхналогіях


Свята-Мікалаеўская драўляная царква ў вёсцы Малыя Мурыны стаіць больш за 250 гадоў — так пазначана ва ўсіх даведніках. А паводле іншых звестак, храм на гэтым месцы быў узведзены яшчэ ў 1530-х гадах. Апошні раз вясковая святыня перажывала рэстаўрацыю ў ХІХ стагоддзі. Няцяжка здагадацца, што адны бярвёны з той пары месцамі моцна падгнілі, іншыя з'елі насякомыя, таму сцены і дах страцілі магчымасць лічыцца хоць колькі-небудзь устойлівай канструкцыяй.


Так вы­гля­да­ла царк­ва ра­ней.

Яно і не дзіва, дрэва — не камень, яно не можа служыць доўга, з часам яго трэба мяняць. Адным словам, дайшло да таго, што службу ў вясковым храме стала праводзіць небяспечна. «І нельга ж было дапускаць, каб нейкім разам дах абрынуўся проста на галовы людзей», — сказаў у тэлефоннай размове з карэспандэнтам святар Валянцін Муліца.

У прыходзе было прынята рашэнне царкву аднаўляць. Пачаліся ўзгадненні, падрыхтоўчыя работы, а ў пачатку мінулага года стары будынак разабралі. Тут жа ў інтэрнэце паднялася хваля абурэння, здагадак, гіпотэз. Пісалі, што на Камянеччыне знішчаюць помнік гісторыі і культуры. Чамусьці нават сцвярджалася, што на месцы старога храма ўзвядуць новы — у маскоўскім стылі. Паколькі згаданы храм занесены ў дзяржаўны спіс як гісторыка-культурная каштоўнасць і ахоўваецца законам, пісьмовыя скаргі пайшлі ў розныя ўстановы. Так, пракурор Брэсцкай вобласці атрымаў пісьмо з Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры з прапановай прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Ліст быў накіраваны для праверкі ў пракуратуру Камянецкага раёна.

Як паведаміў карэспандэнту газеты намеснік пракурора Камянецкага раёна Аляксандр ВЯРБІЦКІ, праверкай займаўся раённы аддзел унутраных спраў. Падчас яе правядзення высветлілася, што рэстаўрацыйныя работы вядуцца з дазволу Міністэрства культуры краіны, ёсць праектна-каштарысная дакументацыя, ажыццяўляецца навуковае кіраўніцтва праектам, як таго патрабуе закон. Такім чынам, у ходзе праверкі ўстаноўлена адсутнасць складу правапарушэння.

Ніна Му­рын рада, што царква адраджаецца.

— Калі сказаць прасцей, — працягвае Аляксандр Міхайлавіч, — то кроквы царквы былі фактычна ў аварыйным стане, надзвычайнае здарэнне мог справакаваць нават моцны вецер. Таму рашэнне аб рэканструкцыі ўяўляецца своечасовым. А патрабаванне закона аб захаванні тэхналогіі рэстаўрацыйных работ выконваецца. На сённяшні дзень у праваахоўных органаў пытанняў да правядзення рэстаўрацыі помніка культуры няма.

...Для таго каб упэўніцца ў правільнасці і своечасовасці пачатку рэстаўрацыі, дастаткова пабыць на месцы. Рыштаванні новабудоўлі відаць здалёк. Старыя бярвёны складзены крыху наводдаль ад будаўнічай пляцоўкі храма. Некаторыя з іх настолькі раз'едзеныя шашалем і трухлявыя, што страцілі паўкруглую форму і тырчаць вострымі абломкамі. Тое, што некалі было дрэвам, зараз можна разбурыць адной рукой. Яны відавочна адслужылі свой век.

Ды па-сапраўднаму радуе вока будынак, які літаральна ўздымаецца на вачах. Сцены новай царквы ўжо складзены амаль пад дах. Стаіць храм на ўзгорку, акружаны соснамі, унізе метраў за трыста цячэ рака Лясная. Для царквы некалі продкі выбралі вельмі маляўнічы куток недалёка ад Белавежскай пушчы. Сюды трапляеш, і душа пачынае радавацца. А светлыя драўляныя сцены ў промнях ранішняга сонца толькі дадаюць аптымізму.

На будоўлі шчыруюць мужчыны. У асноўным сюды прыходзяць дапамагаць мясцовыя жыхары, як яны самі сябе азначылі, прыхаджане. Кіруе працэсам, можна сказаць, выконвае абавязкі прараба Аляксандр Мінчык.

Аляксандр Мікалаевіч прыехаў дапамагчы з Баранавіцкага раёна. Ён і сталяр, і цясляр. Расказаў, што большая частка працоўнай біяграфіі была звязана з домабудаўнічым камбінатам, будаваў дамы для людзей. Але з 15 гадоў дапамагаў сваяку, які займаўся ўзвядзеннем і адраджэннем храмаў. У яго і навучыўся. Апошнія гады працаваў у адной з баранавіцкіх рэстаўрацыйных фірм. Адраджалі касцёлы і праваслаўныя цэрквы ў Баранавіцкім раёне. Зараз выйшаў на пенсію і адклікнуўся на просьбу аб дапамозе.

— Як яны на мяне выйшлі, не ведаю, — расказвае Аляксандр Мінчык. — Аднойчы на мой тэлефон пазванілі актывісты гэтага прыходу і спыталі, ці не мог бы я дапамагчы на будоўлі. Рашыў гэта зрабіць ад чыстага сэрца, дзеля Боскай славы. Таму я тут сёння. Разам са мной прыехаў Аляксандр Салодкі, з якім раней працавалі на іншых храмах.

Спрактыкаваны цясляр гаворыць, што аб'ект гэты надзвычай складаны. Паводле праекта будаўнікі мусяць аднавіць будынак у фармаце «адзін да аднаго» з тым, як было ў ХVІІІ стагоддзі. Самым мудрагелістым у тэхналогіі будаўніцтва продкаў цяпер здаюцца вуглы — так званыя французскія і нямецкія, якія і выкарыстаны пры ўзвядзенні храма ў Малых Мурынах. Цяпер гэтыя вуглы фактычна выведзены. Калі сцены будуць поўнасцю гатовыя, што будаўнікі плануюць зрабіць да халадоў, Аляксандр плануе вярнуцца дадому. На яго думку, спецыялістаў па даху знайсці лягчэй, чым тых, хто правільна зробіць сцены.

Аляк­сандр Мін­чык (спра­ва) і Аляк­сандр Са­лод­кі  спецыяльна прыехалі ў вёску дзеля будоўлі.

Аляксандр Мінчык сказаў, што месца тут цудоўнае, жыватворнае, намоленае, гэта адчуваецца, бо і дыхаецца лёгка, і працуецца добра. Як майстар сваёй справы і чалавек веруючы, ён упэўнены, што храм хутка адкрые дзверы для прыхаджан. Не без Божай дапамогі, вядома.

Шкада, што не ўдалося ў гэты дзень сустрэцца з айцом Валянцінам, хоць папярэдняя дамоўленасць была. Але яго занятасць зразумелая, вясковы святар цяпер на гэтай будоўлі і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц. Дастаткова сказаць, што рэстаўрацыя храма вядзецца на ахвяраванні прыхаджан і сродкі спонсараў. Няцяжка здагадацца, што па цяперашнім часе знайсці і сабраць тыя сродкі каштуе вялікіх намаганняў. А яшчэ трэба на кожны дзень знайсці і арганізаваць людзей — усім займаецца вясковы бацюшка.

Але ж галоўнае відавочна: царква ў Малых Мурынах узводзіцца на сваім старым месцы, яна знешне будзе такой, як была раней і як яе накрэслілі ў чарцяжах спецыялісты кампаніі «РэстаўрацыяІнвест».

— Гэта ўнікальны досвед нават не толькі для Брэсцкай вобласці, але і для краіны ў цэлым, — сказаў намеснік начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Вячаслаў ГАРБУЗАЎ. — План правядзення работ прайшоў неабходныя ўзгадненні ў Міністэрстве культуры. Храм вырашана адраджаць з выкарыстаннем тэхналогій ХVІІІ стагоддзя.

Спецыялісты спачатку наноў залілі фундамент, потым пачалі ўзводзіць сцены. Іх складаюць з адмысловых бярвёнаў, якія перакладваюцца мохам. Тыя з элементаў старой царквы, якія найлепш захаваліся, выкарыстоўваюцца пры будаўніцтве. Плануецца, што работа будзе завершана бліжэй да канца 2017 года.

— Трэба аддаць належнае святару і актывістам прыходу, — працягвае Вячаслаў Іванавіч, — што ўзяліся за нялёгкую справу адраджэння. У нас ёсць прыклады, калі побач з драўлянай царквой узводзяць за сродкі калгаса новы будынак з цэглы альбо блокаў, а стары намолены храм застаецца дагніваць і разбурацца. А тут мы маем прыклад беражлівага стаўлення да культавага збудавання, якое з'яўляецца помнікам гісторыі і культуры.

Адна са старэйшых жыхарак вёскі Малыя Мурыны 85-гадовая Ніна Мурын вельмі рада таму, што іх вясковы храм адраджаецца.

— Я тут нарадзілася, — расказала Ніна Аляксееўна. — У гэтай царкве хрысцілі не толькі мяне, але і маіх бацькоў. Пакуль дазваляла здароўе, я спявала ў царкоўным хоры, пэўны час нават кіравала пеўчымі жанчынамі. Дай Бог здароўя нашаму айцу Валянціну, што ўзяўся перабудоўваць царкву. Туды ўжо страшна было хадзіць, каб не абвалілася. А цяпер... калі дажыву, то схаджу на службу ў наш новы храм.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Камянецкі раён.

Загаловак у газеце: Стары новы храм

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.