Вы тут

Сваё бачанне


Беларускае кіно дагэтуль застаецца для айчыннага гледача вялікай таямніцай. Яе спрабуюць раскрыць у айчынных фільмах, на кінафестывалях. Разабрацца ў беларускім кіно дапамагаюць і акцёры. «ЛіМ» спытаў у беларускай актрысы Алесі Грыбок, чаму аўтарскае кіно самае шчырае, як атрымаць ролю мары і якія «падводныя камяні» чакаюць будучых зорак экрана.


Замежны досвед

Паўгода таму на «Беларусьфільме» закрыўся акцёрскі аддзел. Алеся Грыбок кажа, што цяпер акцёры фактычна бяздомныя: «Як быццам ты чалавек без грамадзянства, для мяне гэта жах. Але яны ўсё роўна здымаюцца — бачу гэта хаця б па стужцы ў сацыяльных сетках. Ды што і казаць: я ў гэтым годзе сама здымаюся ў дзвюх беларускіх стужках. Чаму б і не?»

Актрыса зараз жыве ў Маскве, але літаральна праз дзень бывае ў Беларусі — здымаецца тут у некалькіх стужках, а ў Расіі выконвае ролі ў серыялах і выкладае менеджмент кінаакцёра ў кінашколе: «Наогул здымацца ў Расіі цікава, але ёсць сцэнарыі, якія  самі па сабе нецікавыя, ёсць рэжысёры, якія не зацікаўлены ў тым, каб зрабіць добры серыял, бо ён ужо куплены. Але ёсць і маленькія ролі, якія вельмі каштоўныя і любімыя. Для акцёра не так важна, наколькі роля будзе вялікая — яна павінна быць разнастайнай».

Расійскія серыялы здымаюцца і ў Беларусі, але нашы акцёры ўсё роўна спрабуюць скарыць Маскву, нягледзячы на тое, што там і сваіх акцёраў хапае: «Тут пытанне ў індывідуальнасці: наколькі ты ўнутры аўтэнтычны, наколькі не падпарадкоўваешся агульнай плыні, бо вельмі вялікая спакуса паддавацца ўплыву: акцёры не ведаюць, куды рухацца, яны разбалансаваныя».

Алеся кажа, здараецца, што акцёры здымаюцца ў непатрэбных ім праектах, якія «гвалтуюць наўпрост іх прыроду», але забываюцца на галоўнае — усвядоміць, якая роля сапраўды каштоўная. Як бы банальна гэта ні гучала, але ў кінематографе кожнай краіны павінны быць акцёры з індывідуальнасцю: «У Маскве канкурэнцыя вельмі высокая, нават калі ты прафесіянал, калі ты ўнікальны, ніколі не ведаеш, які фактар сыграе супраць цябе».

Здымачны працэс амаль паўсюль аднолькавы. Акцёр павінен паказаць, на што здольны. Але што датычыцца Беларусі, Алеся кажа, што тут «рынак менш, усіх ведаеш, а ў Расіі кожны раз знаёмішся з новымі людзьмі. І энергетычна ў Маскве вельмі цяжка: там кожны абараняе сваю прастору, а ў Мінску, канечне, утульней».

Магчымасцей для здымак у беларускіх акцёраў хапае — Алеся ў гэтым упэўнена, бо сама працуе і тут, і ў Расіі, не так даўно здымалася ў Чэхіі, працуе над стужкай, здымкі якой адбудуцца ў Будапешце: «Магчымасці ёсць усе! На сёння свет да такой ступені адкрыты, што галоўнае — перастаць ставіць сабе нейкія межы. У нас існуе праблема псіхалагічная, вакуумнага свету. Напрыклад, еўрапейцы адкрытыя і зацікаўленыя ў працы з нашымі акцёрамі. Проста трэба знайсці падыход».

Любоў да незалежнага кіно

Алеся адзначае, што «ў кіно ніколі не ведаеш, што атрымаеш у выніку, для акцёра гэта заўсёды рызыка». Свайго роду рызыкай быў і праект, у якім Грыбок здымаецца зараз — беларускае фэнтэзі «Неруш», заснаванае на скандынаўскіх легендах і беларускіх міфах. Пра стужку Алеся амаль нічога не гаворыць, але бачна, што ідэя ёй вельмі падабаецца, да таго ж здымкі адбываюцца ў адным з найпрыгажэйшых куткоў краіны — на Блакітных азёрах.

У Беларусі здымацца досыць проста, «як і паўсюль, — канстатуе Алеся, — не магу сказаць, што тут іншая спецыфіка. Па ўсім свеце працуе адна і тая ж схема: спачатку цябе ніхто не ведае і даюць эпізадычныя ролі. Я таксама хаджу на «Беларусьфільм», знаёмлюся з тымі, каго не ведаю, чакаю прапаноў, здараецца, што і не атрымліваю».

Нягледзячы на тое, што беларускага кіно выходзіць не так шмат, як, скажам, расійскага, прафесія акцёра ў нас запатрабаваная. Пра гэта сведчаць і прахадныя балы ў Акадэмію мастацтваў, і прыклады: «Я бачу запатрабаванасць, але кажу не толькі пра кіно — ведаю дзяўчыну, якая вучылася ў Акадэміі мастацтваў, а цяпер працуе ў двух тэатрах, — неверагодная магчымасць для маладога акцёра».

Сёння маладыя акцёры могуць рэалізаваць сябе і ў кіно — хаця б у расійскіх серыялах — «гэта досыць добры плацдарм, а незалежнае кіно — наогул неўзаранае поле, мая любімая тэма. Мне падаецца, калі хочаш атрымліваць ролі, пра якія марыш, трэба здымацца ў незалежных стужках, часам бясплатна, але ў рэжысёраў, у якіх ёсць сваё бачанне».

Менавіта ад іх, лічыць Алеся, залежыць і будучыня беларускага кіно: «Такіх людзей, якія рызыкуюць, маюць свой пункт гледжання і прынцыпы, мала. Ім усё роўна, кім была знятая стужка пэўнага фармату — Германікай ці Даланам, — яны самі хочуць паспрабаваць, прайсці гэты шлях».

На пытанне «З кім з маладых беларускіх рэжысёраў хацелася б папрацаваць?» Алеся адказвае адразу і без сумневаў: «З Кудзіненкам. Я вельмі люблю фільм «Масакра», нягледзячы на тое, якая была задума і ці, можа, што не атрымалася, — я ад яго ў захапленні».

Аддаць жыццё

«Сёння ў нас ёсць магчымасць зрабіць новае — штосьці такое, чаго не было ў Беларусі. То бок, практычна ўсё, што мы б не зрабілі, будзе новым, — кажа Алеся пра сучаснае беларускае кіно, — і гэта крута, што мы самі можам фарміраваць айчынны кінематограф і ўваходзіць у гісторыю! Рызыкаваць — гэта выдатна, гэта як адчуць смак сапраўднага жыцця.

Многія кажуць, што беларуская кінашкола ўжо састарэла, адукацыя ў сферы кіно ідзе ў тым жа напрамку. Але Алеся мяркуе, што гэта не зусім так: «Напрыклад, адукацыя акцёра — наогул не адна школа. Навучанне ва ўніверсітэце — толькі база, як і ва ўсім свеце. Каб раскрываць розныя грані майстэрства, трэба развівацца і вучыцца ў розных выкладчыкаў. Наша справа як акцёраў — усё жыццё працаваць над сабой. Але ёсць яшчэ і праблема адкрытасці адукацыі — у акцёраў атрафіраваўся орган, які адказвае за інтуіцыю, што «менавіта тут  мне трэба быць», што кінафестываль — гэта не толькі прагляды фільмаў, але і адказы на пытанні пра кіно, магчымасці пазнаёміцца з замежнымі калегамі».

Нядаўна Алеся Грыбок прачытала «Возера радасці» Віктара Марціновіча. І ў ім яна знайшла адказы на пытанні пра кіно: «Там ёсць момант, калі чытач разумее, што адзін з герояў кнігі — сам аўтар. І ў гэты момант адчуваеш, што пісьменнік размаўляе менавіта з табой. Я зразумела, што чытаю кнігу пра саму сябе. Тое ж самае адбываецца і ў кіно: калі глядач на экране бачыць беларускую рэальнасць, ён раптам разумее, што ён існуе, ідэнцыфіцыруе сябе з героем».

Гэта менавіта тое, што магло б прывабіць гледача да айчыннага кіно, бо сёння яго аўдыторыя не такая вялікая, як хацелася б і рэжысёрам, і акцёрам: «Ключ, у якім распавядаюць пра беларускі кінематограф, трэба тэрмінова змяняць — пакаленне жыве ўпэўненае ў тым, што беларускага кіно няма. Гэта самае небяспечнае — людзі вырастуць і будуць лічыць, што айчыннага кіно не існуе».

А ці існуе беларускі кінематограф з боку акцёра? Алеся адказвае: «Шчыра? Ёсць магчымасць існавання беларускага кіно, але патрэбен чалавек, які будзе гатовы пакласці ўсё сваё жыццё на гэта. Напрыклад, каб сабраць адзіную базу беларускіх акцёраў. На жаль, альтруістаў не так шмат, і мала хто здольны адмовіцца ад усяго дзеля выратавання кінематографа».

Аўтарскае=шчырае

Алеся стала вядомай пасля здымак у серыяле «Вышэй за неба». Актрыса кажа, што фільм стаў яе любоўю, вялізным кавалкам жыцця. Грыбок і цяпер з задавальненнем знялася б у беларускім серыяле: «Я толькі за! У мяне нават ёсць такая «ружовая мара»: вельмі хачу, каб зняўся адзін серыял, пілотная серыя якога ўжо ёсць. Там беларускія акцёры, беларускія аўтары, – словам, усё сыйшлося».

Зараз Алеся выконвае адну з галоўных роляў у стужцы маладога беларускага рэжысёра Влады Сяньковай «ahaha», і гэты сапраўды важны крок для актрысы: «Я не веру ў тое, што пашанцуе, я не веру ў выпадковасць. Кажуць: «ой, як пашанцавала!». Мне сапраўды пашанцавала аднойчы, калі ў Влады Сяньковай знайшлася роля для мяне. Гэтага магло не здзейсніцца, а праз некалькі год, хто ведае, я магла б перагарэць да незалежнага кіно, да рызыкаў, да эксперыментаў. А гэта мне зараз проста неабходна. Ды і аўтарскае кіно мне падаецца шчырым: здымаецца як бачыцца».

Здымацца ў беларускім кіно Алесі падабаецца, але гэта не значыць, што акцёрская праца — лёгкая: «Канечне, бывае цяжка! Усё выдатна, мы ўсе шчаслівыя ў той меры, у якой можам быць шчаслівымі, але вось што: цяжка, калі ёсць канкурэнцыя, але калі яе няма — ячшэ цяжэй. Бо гэта дэградацыя, шлях назад. Калі я працавала над выданнем кнігі пра мэнэджмэнт кінаакцёра, мне казалі, што я фактычна вырошчваю сабе канкурэнтаў. Так, я хачу, каб у Беларусі, калі я прыходжу на пробы, я бачыла яшчэ 50 актрыс, якія б прымусілі мяне пахвалявацца — у выніку я б спрабавала скокнуць вышэй галавы. Індустрыя змяняецца з такіх маленькіх дробязей».

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

 

Загаловак у газеце: Каштоўныя ролі Алесі Грыбок


Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.