Вы тут

Як Ла-Нінья вярнула попыт на вугаль


Вугаль нечакана для ўсіх зноў апынуўся ў трэндзе. З пачатку гэтага года традыцыйная сыравіна ўзляцела ў цане ажно на 126 працэнтаў, дасягнуўшы чатырохгадовага максімуму. Па хуткасці росту кошт коксу прэміяльных марак на ўмовах «FОB Аўстралія» (цяпер рэалізуецца па $205,7 за тону) абагнаў іншыя «гарачыя» сыравінныя тавары, якія дэманструюць сёлета імклівую дынаміку да павышэння, — золата, цынк, серабро і жалезную руду. Прычым, прагназуюць аналітыкі, цэнавае «ралі» можа працягнуцца надалей. Такім чынам, заявы наконт таго, што вугаль — састарэлы від паліва і можа застацца ў мінулым, аказаліся заўчаснымі. У чым жа прычыны цяперашняй «моды на вугаль»?


Моцны пульс

Цана кантрактаў на дастаўку вугалю ў чацвёртым квартале ў Амстэрдам, Ротэрдам і Антверпен паднялася на 30%. Між тым яшчэ ў пачатку года адпаведныя паказчыкі заставаліся паблізу самых нізкіх узроўняў за дзесяцігоддзе. «У гэтай сыравіны ў апошнія чатыры гады дзіўны лёс, — пракаментаваў сітуацыю аналітык нарвежскага агенцтва Аrсtіс Sесurіtіеs Эрык Скаўсет. — Зараз можна ўпэўнена казаць аб вяртанні вугалю. Ён ажыў, і ў яго прашчупваецца моцны пульс».

Насамрэч прычын цяперашняга рэзкага ўзлёту цэн некалькі. Па-першае, верасень і кастрычнік — традыцыйна перыяды вялікага попыту на вугаль з боку кітайскіх спажыўцоў. Па-другое, вытворчасць вугалю ў Паднябеснай, найбуйнейшым у свеце яго вытворцы і спажыўцы, пачала згортвацца на фоне намаганняў уладаў КНР па зніжэнні выкідаў, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе. У перыяд са студзеня па жнівень бягучага года Кітай скараціў здабычу на 150 мільёнаў тон. Да таго ж улады краіны прынялі рашэнне абмежаваць вытворчы час для шахцёраў 276 працоўнымі днямі ў годзе супраць 330 раней.

Летась у свеце, па звестках Міжнароднага энергетычнага агенцтва, аб'ём вытворчасці коксу склаў больш чым 1 млрд тон — на 1,6% менш, чым у 2014 годзе. З іх Кітай вырабіў 611,1 млн тон, забяспечыўшы сабе тым самым долю на сусветным рынку ў 56,1%. У жніўні КНР імпартавала на 50% больш вугалю, чым годам раней. Гэта самы высокі ўзровень са снежня 2014 года, адзначае Blооmbеrg. Пекін, з аднаго боку, змагаецца з забруджваннем навакольнага асяроддзя, скарачае здабычу і закрывае нерэнтабельныя шахты. Аднак, з іншага боку, патрэба ў вугалі захоўваецца. Таму Паднябеснай прыходзіцца павялічваць яго закупкі за мяжой.

Кітайскія вуглездабыўныя кампаніі правялі сустрэчу з прадстаўнікамі ўлады. Шахцёры краіны разлічваюць, што афіцыйны Пекін дазволіць пры павышэнні цэн вышэй пэўнага ўзроўню павялічыць вытворчасць на 74 шахтах, на якіх здабываецца высакаякасны вугаль. Пры гэтым, па звестках Wоrld Stееl Аssосіаtіоn, аб'ём вытворчасці сталі ў Кітаі ў другім квартале 2016 года (сталеліцейная прамысловасць з'яўляецца асноўным спажыўцом коксу) вырас на 1,3%.

Між тым Паднябесная другі год запар дэманструе скарачэнне спажывання вугалю: у 2014 годзе яно зменшылася на 2,9%, а ў 2015-м — на 3,7%. Як чакаецца, адпаведная генерацыя ў Кітаі скароціцца да 2020 года да 67% з цяперашніх амаль 70% шмат у чым у сувязі з уводам новых атамных энергаблокаў і павелічэннем долі аднаўляльных крыніц энергіі — ветраных электрастанцый.

Кліматычнае «лобі»

Яшчэ адным фактарам на карысць павышэння цэн на вугаль сталі трывожныя паведамленні сіноптыкаў. Загадкавая кліматычная з'ява Ла-Нінья (характарызуецца анамальным паніжэннем тэмпературы паверхні вады ў цэнтральнай і ўсходняй частках трапічнай зоны Ціхага акіяна) пагражае прынесці ў Аўстралію, Інданезію і Паўднёвую Афрыку моцныя працяглыя дажджы. Як вядома, у 2010—2011 гадах падтапленне вугальных шахтаў у адных з найбуйнейшых пастаўшчыкоў вугалю для Кітая — Аўстраліі і Інданезіі — прывяло да зніжэння вытворчасці і росту цэн. Напрыклад, у 2011 годзе кокс прадавалі за $335 за тону па «FОB Аўстралія».

Асобныя аналітыкі сцвярджаюць, што Ла-Нінья можа працягвацца да двух гадоў. Паводле звестак японскіх метэаролагаў, яна захопіць і зіму. Імавернасць такога варыянта Упраўленне метэаралогіі Японіі ацэньвае ў 70%.

Зрэшты, амерыканскія метэаролагі настроены больш аптымістычна. Яны лічаць, што рызыка ў параўнанні з чэрвенем, калі яна складала 75%, знізілася зараз да 35—45%.

Пад уздзеяннем Ла-Ніньі цэны на вугаль у Еўропе ў трэцім і чацвёртым кварталах могуць павялічыцца на 18 і 27% адпаведна, мяркуе аналітык нарвежскай кансалтынгавай фірмы Nеnа АS Дзіяна Басіла. Але гэта адбудзецца ў выпадку, калі сітуацыя будзе развівацца па экстрэмальным сцэнарыі, дадала эксперт. І гэта не самы аптымістычны прагноз. У ліпені фінансавая карпарацыя Сіtіgrоuр нават выказала здагадку, што цэны на вугаль у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне могуць падскочыць на 50%, калі ўплыў моцных дажджоў разам са скарачэннем вытворчасці вугалю ў Кітаі акажацца больш моцным, чым чакалася раней.

Сусветны лідар — індыйская кампанія Соаl Іndіа Ltd. — у пачатку верасня паведаміла аб зніжэнні вытворчасці. Цяпер яна здабывае мінімальную колькасць вугалю за апошнія тры гады. Гэта ў кампаніі тлумачаць моцнымі дажджамі і пратэстамі шахцёраў, якія патрабуюць павышэння заробкаў. Вядома, не ўсе эканамісты і сіноптыкі лічаць, што Ла-Нінья падштурхне попыт на вугаль. Але і без гэтай прыроднай з'явы вугаль мае патэнцыял для далейшага росту. «На фоне павелічэння экспарту ў Кітай, а таксама забастовак шахцёраў у Індыі вугаль атрымаў рэальны імпульс», — канстатуе аналітык Соmmеrzbаnk Барбара Ламбрэхт.

Грошы на вецер

Вугаль застаецца асноўным палівам для электрастанцый у свеце. Каля 70% ад агульнага аб'ёму здабычы вугалю ідзе на вытворчасць электраэнергіі. Доля вугальных электрастанцый у сусветным аб'ёме складае больш за 40%. Ёсць тут свае «падводныя камяні».

Па звестках Glоbаl Сlіmаtе Рrоjесt, штогадовы аб'ём сусветных выкідаў СО2 ацэньваецца ў больш чым 35 млрд тон. Больш за дзве трэція з іх выпрацоўваюцца шляхам спальвання выкапнёвага паліва.

Летась у снежні прадстаўнікі 195 краін свету падпісалі ў Парыжы новае кліматычнае пагадненне ААН, якое прадугледжвае скарачэнне аб'ёмаў выкіду парніковых газаў пасля 2020 года. Будуць распрацаваны правілы выканання пагаднення, дзе будзе вызначана, якім чынам падтрымліваць краіны, што развіваюцца, на шляху пераходу да чыстай энергетыкі. Зразумела, што такі паварот ударыць па традыцыйнай вугальнай прамысловасці, на долю якой прыпадае большая частка выкідаў забруджвальных рэчываў. Як вядома, пры спальванні 1 тоны вугалю ўтвараецца каля 2,7 тоны вуглякіслага газу.

Пераход да больш чыстых відаў сыравіны і вытворчасці электраэнергіі пацягне за сабой зніжэнне спажывання традыцыйных відаў вугалю. За апошнія 15 гадоў у Еўрасаюзе пабудаваны 140 ГВт ветраных і 90 ГВт сонечных электрастанцый (напрыклад, гэта практычна адпавядае ўсталяванай магутнасці ўсёй расійскай электраэнергетыкі), якія шмат у чым заменяць старыя вугальныя станцыі.

У ЗША пабудаваныя 70 ГВт ветраных станцый і больш за 30 ГВт сонечных станцый, ідзе перавод вугальных станцый на сланцавы газ. Кітай, нягледзячы на дамінаванне вугалю ў энергабалансе, ужо таксама набліжаецца да лідарства ў сферы аднаўляльнай энергетыкі: тут пабудаваны больш за 140 ГВт ветраных электрастанцый і больш за 40 ГВт сонечных станцый. Будучыня вугальнай галіны нават стала адной з галоўных тэм перадвыбарнай прэзідэнцкай гонкі ў ЗША. Большасць прыхільнікаў Дэмакратычнай партыі выступаюць за пераход на больш чыстыя ў параўнанні з вугалем крыніцы энергіі. Рэспубліканцы ж заяўляюць пра цяжкія наступствы для эканомікі з-за скарачэння працоўных месцаў у
вугальнай галіне.

Аднак не ўсе гатовыя скарачаць вытворчасць. Вугаль будзе заставацца прывабным відам паліва для тых рэгіёнаў, якія менш прывабныя для доўгатэрміновых інвестыцый у новыя аб'екты генерацыі. Гэта ў тым ліку тычыцца постсавецкай прасторы, дзе галоўнымі спажыўцамі вугалю выступаюць цеплазабеспячальныя станцыі, якія працуюць у рэжыме кагенерацыі — адначасовай выпрацоўкі і цеплавой, і электрычнай энергіі. У прыватнасці, ва Украіне, дзе дамінуе цэнтральнае ацяпленне, з 14 ЦЭС на вугалі працуюць сем.

У планах расійскіх уладаў пакуль не значыцца адмова ад вугальнай генерацыі ці яе скарачэнне, тым больш у некаторых рэгіёнах з прычыны моцнай аддаленасці ад газавай інфраструктуры і з-за адсутнасці неабходных параметраў для арганізацыі гідраэнергастанцый вугаль застаецца, па сутнасці, адзіным прымальным відам паліва. Акрамя гэтага, дзеючая стратэгія развіцця вугальнай прамысловасці мяркуе павелічэнне здабычы і паставак як для знешняга, так і для ўнутранага рынку. Да 2030 года Расія павінна павялічыць здабычу вугалю да 410—480 млн т. Экспарт, як мяркуюць складальнікі стратэгіі, павінен павялічыцца да 240 млн т, у асноўным у краіны Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна. Супраць зніжэння вугальнай генерацыі рэзка выступаюць у профільных прафсаюзах, якія папярэджваюць аб небяспецы ўзнікнення сацыяльнай напружанасці і росце тарыфаў на энергарэсурсы. Яны ўдакладняюць, што доля вугальнай энергетыкі Сібіры ў сумарных выкідах вуглякіслага газу складае ўсяго 5%.

Так што вугаль «спісваць» пакуль не варта. Прынамсі ў найбліжэйшай перспектыве.

Захар БУРАК

burаk@zvіаzdа.bу

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Вяртанне вугалю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».