Вы тут

Пра попыт і прапановы сезоннага гандлю


Грандыёзныя ярка-аранжавыя, быццам казачныя гарбузы, глянцавыя сакавітыя яблыкі, духмяныя журавіны і, вядома, яна, каралева стала — адборная бульба. Прайсці міма такога хараства амаль немагчыма. Мы і не будзем спрабаваць, а зазірнём (можа, і набудзем што-небудзь) на сельскагаспадарчыя кірмашы ў Мінску, Магілёве і Гродне.


Нядаўна Прэзідэнт, гаворачы аб далейшым развіцці аграпрамысловага комплексу, падкрэсліў, што беларускім аграрыям неабходна прадаставіць усе ўмовы для рэалізацыі прадукцыі, тым самым задавальняючы попыт насельніцтва. Рабіць гэта трэба без бюракратычных перашкод, арганізуючы кірмашы і базары. Як яны арганізуюцца ў самы сезон? Ці задаволеныя тыя, хто прадае, і тыя, хто купляе?

Пакупнікам выгадна. А прадаўцам?

У сталіцы накіроўваемся на галоўны кірмаш Фрунзенскага раёна, які ўжо каторы раз размясціўся каля Лядовага палаца спорту. У нядзелю пасля абеду людзей не так ужо і шмат, рэдкія чэргі максімум па 2-3 чалавекі, здзіўляе і колькасць машын, з якіх прадаюць розныя тавары: іх менш за 30, у асноўным — легкавушкі. А вось прадукцыі выбар досыць вялікі: марынаваныя агуркі, свежыя і сушаныя грыбы, вэнджанае сала, лясныя ягады, і, вядома ж, гародніна і садавіна.

Ігар з легкавой машыны гандлюе бульбай, морквай і яблыкамі. Такім чынам ён зарабляе ўжо не першы год: родам з Брэсцкай вобласці, у Мінску хлопец вучыцца ва ўніверсітэце.

— Для маштабнага продажу бульбы яшчэ занадта рана, звычайна людзі закупляюцца на зіму ў канцы кастрычніка. А вось морква ідзе выдатна. І цана зусім невялікая — 45 капеек за кілаграм.

А вось бульба не такая ўжо танная — 30 капеек за кілаграм, хоць па суседстве можна знайсці і за 27, і нават за 25 капеек.

— Вы паглядзіце на маю. Адборная, буйная, чысценькая! — крыўдзіцца прадавец. — Людзі бяруць на пробу па некалькі кілаграмаў, а потым вяртаюцца і ўжо заказваюць мяшкамі.

У мяне няма задачы «абы збыць», таму цану пакуль паніжаць не буду. Усё, што не атрымаецца прадаць цяпер, вясной здадзім дзяржаве, звычайна гэта тон 30. Вялікі аб'ём, таму і сума можа не такая ўжо і малая выйсці.

Сельскай гаспадаркай родныя Ігара займаюцца ўсёй сям'ёй. Пры гэтым у бацькоў ёсць яшчэ і асноўная праца, так што фермерамі яны не лічацца.

— Вы разумееце, справа ж зусім не ў заробку. Ніякіх шалёных сум няма. Проста людзі прывыклі так жыць. У нас у вёсцы кожная другая сям'я вырошчвае гародніну на продаж. Сорамна кінуць, адразу замацуецца вобраз — гультаі. Вунь насупраць стаіць мой стрыечны брат, таксама гандляваць прыехаў.

А вось побач з Ігарам уладкаваўся дзед Казімір. Ён з гонарам расказвае, што прыехаў з-пад Століна. У асартыменце — яблыкі па 80 капеек і агуркі па паўтара рубля. Прыехаў на выхадныя, да гэтага гандляваў на Заходнім рынку, на кірмаш перабраўся, каб збыць рэшткі тавару: не везці ж іх назад!

— Заробку хопіць хіба што адбіць дарогу. За месца на рынку — заплаці, за экспертызу якасці — заплаці, і гэтыя сумы вылічваюцца не капейкамі! Добра хоць тут за месца плаціць не трэба: зарэгістраваўся і гандлюй на здароўе. У Мінск еду, таму што ў нас на Палессі ў кожнага свая гаспадарка, тавару гэтага — заваліся, цэны мізэрныя. Хоць гэты год у цэлым адрозніваецца нізкімі цэнамі на сваю агародніну і садавіну. Для пакупніка гэта, вядома, радасць, а вось для нас — вялікі смутак. Нарыхтоўшчыкі ў нас прымаюць мала: калі ў кожнага сабраць, колькі яны гатовыя здаць, то незразумела, што з такімі велізарнымі аб'ёмамі рабіць! Ды яшчэ і перакупшчыкі ціснуць, дзе ўжо дробнаму прыватніку з імі цягацца.

Дзед Казімір махае рукой, уручае рэшткі агуркоў Ігару, маўляў, у інтэрнаце спатрэбяцца, і пачынае збіраць рэчы. Тым часам да маладога чалавека падыходзяць хлопец з дзяўчынай і просяць узважыць кілаграм бульбы.

Па прызнанні Яны і Дзімы, на кірмаш яны прыйшлі па натуральнасць. Аднак ідэю — закупляць прадукты на зіму — не падтрымліваюць:

«Мы заўсёды бяром толькі тое, што трэба цяпер. Не хочацца ператвараць невялікую кватэру ў склеп. Стараемся гатаваць складаныя, цікавыя стравы. А закупіць 5 мяхоў бульбы і есці яе зімой кожны дзень, прабачце, гэта, як нам здаецца, зусім не здарова! Сёння ў нас на вячэру мяса ў ягадным соусе, таму купілі журавіны і свежыя грыбы. На гарнір, але гэта рэдкае выключэнне, — пюрэ з бульбы. Засталося толькі купіць гародніну для лёгкай салаты».

А вось Пётр Іванавіч з пазіцыяй маладой пары зусім не згодны: да зімы, лічыць ён, трэба рыхтавацца загадзя. Ён шукае менавіта тыя самыя, але не 5, а 6 мяхоў лепшай бульбы.

Вам «Брызу» або «Журавінкі»?

У гэтыя выхадныя народ купляў вітаміны ў цэнтры Магілёва непадалёк ад сквера 40-годдзя Перамогі па вуліцы Міронава. Плодаагароднінную прадукцыю гэтага ўраджаю прапаноўвалі больш за 35 суб'ектаў гаспадарання, удакладніла начальнік упраўлення гандлю і паслуг гарвыканкама Таццяна Будкевіч. З 10 раніцы да 16 гадзін вечара гараджане маглі купіць рыбу, садавіну, гародніну, саджанцы, насенне раслін і траў, сельскагаспадарчы інвентар. А яшчэ падсілкавацца кулінарнымі і кандытарскімі вырабамі, набыць сокі, гарачы чай, каву і шмат чаго іншага.

Ажыятажу пакуль няма, цікавасць праяўляюць больш пенсіянеры. Але хапае і маладых сем'яў з дзіцячымі каляскамі. Народ паціху прыглядаецца да цэн і асартыменту. Сужэнцы Раіса і Эдуард Грамыкі ўзялі на пробу некалькі кілаграмаў бульбы «Брыз» па 30 капеек за кіло. «Учора былі на Грабянёўскім рынку, там гэты сорт прадаваўся танней — па 25 капеек», — заўважае жанчына. «І лецішча сваё ёсць, але ўсё, што там расло, разам з дзецьмі ўжо з'елі», — усміхаецца яна. У планах купіць у запас салодкага перцу, капусты, бульбы.

Спяшацца пенсіянеры пакуль не збіраюцца, наперадзе яшчэ шмат кірмашоў. Але карыснымі тэлефонамі ўжо пачалі запасацца. Канкурэнцыя такая, што прадаўцы гатовыя свой тавар на дом да спажыўца везці.

— А я ўзяла сабе мяшок бульбы, яна тут таннейшая, чым на рынку, — жанчына разлічваецца за качан капусты і адначасова расказвае пра «спекулянтаў», што гандлююць на стыхійных рынках. — Некаторыя прадаюць вёдрамі — па 40 капеек за кіло. А тут па 25—30 капеек. Таму я чакаю кірмашоў, каб купіць бульбу, капусту і цыбулю на зіму.

Попыт на гародніну-садавіну аграгаспадаркі «Вейна» стабільны. Цэны вельмі прывабныя для пакупніка. Кіло бульбы 29 капеек, капусты — 38 капеек, кабачкоў — 18 капеек, таматаў — адзін рубель 35 капеек. Але такі кошт не дазваляе фірме ўтрымліваць сетку крам, як гэта было раней. На ўвесь Магілёў засталася адна. Фірма амаль цалкам перайшла на выязны гандаль. «І кірмашы вельмі дапамагаюць аператыўна прадаць сабраны ўраджай. Бо тут купляюць не кілаграм-два, а мяшкамі», — запэўнівае прадавец.

На вочы трапляюць цэтлікі на беларускай мове. Люся Пятроўна Кустоўская з задавальненнем прызнаецца, што яна патрыётка і аддае перавагу выключна беларускім сартам. Тая ж цыбуля ў яе не растоўская, як у іншых, а айчынная. Вырошчваннем вітамінаў яна не займаецца, бярэ толькі пад рэалізацыю. Да справы падыходзіць крэатыўна, а таму народ не абыходзіць яе бокам. Бізнесам, дарэчы, занялася пасля таго, як трапіла ў рэстаране пад скарачэнне. Набыла мікрааўтобус і пачала прадаваць. Каля яе кропкі і сапраўды шматлюдна. Чаго не скажаш пра яе суседа з вялікім фургонам бульбы. Сядзіць сабе моўчкі, нага за нагу. «У яго добра атрымліваецца вырошчваць, а прадаваць зусім не ўмее», — па-змоўніцку шэпча прадавачка.

Прадпрымальнік Сяргей Шлапакоў з Вялікага Межніка бойка прапаноўвае гародніну. Уздыхае, што сёння прасцей вырасціць, чым прадаць. Кірмашы вельмі добра дапамагаюць рэалізаваць большую частку ўраджаю. Кіло бульбы ў Сяргея 25 капеек, памідораў — 85, морквы — 31 капейка, перцаў — адзін рубель 15 капеек.

Вытворцы і спажыўцы салідарныя ў тым, што восеньскія кірмашы павінны праводзіцца паўсюдна — не толькі ў абласных, але і ў раённых цэнтрах, а яшчэ ў спальных раёнах, дзе шматпавярховая забудова. Там попыт на «Брыз» ці «Журавінку» яшчэ вышэйшы.

На любы густ

Асноўная колькасць кірмашоў у Гродне запланавана на кастрычнік, прадоўжацца яны і ў лістападзе. Увогуле, згодна з інфармацыяй упраўлення гандлю і паслуг Гродзенскага аблвыканкама, у абласным, раённых цэнтрах і шэрагу іншых населеных пунктаў пройдзе каля 80 восеньскіх кірмашоў.

У тым, што дароў восені сапраўды ўдосталь і ўсе ахвочыя будуць імі забяспечаны, аўтар гэтых радкоў пераканаўся ў гэтую нядзелю на Цэнтральным рынку ў Гродне. Прычым і сам не толькі кінуў вока на прадстаўленую там прадукцыю, але і нечым атаварыўся — у прыватнасці, рыбай. Па словах работнікаў рыбгаса «Струбніцкі» з Мастоўскага раёна, штогод яны атрымліваюць каля 15 тон рыбы, а гандляваць ёй будуць да снежня. Паколькі я гэтай раніцай быў у іх ужо зусім не першым пакупніком, то, мусіць, скурка варта вычынкі. Дарэчы, побач гандлявалі і рыбгасы са Шчучынскага раёна, з Брэстчыны. На спецыялізаваных рыбных кірамашах, якія запланаваны ў абласным цэнтры на 8 і 15 кастрычніка, прапанова прадукцыі, вядома ж, будзе яшчэ большай.

Што ж тычыцца прылаўкаў з агароднінай, то і тут выбар на любы густ — бульба, памідоры, капуста, перац, морква, цыбуля, часнок... Хочаш — купляй на тыдзень-два, а хочаш — атаварвайся надоўга.

— У мяне ёсць на гэтым рынку прадавец, у якога я купляю агародніну ўжо не першы год, — кажа пенсіянерка Валянціна Тарасевіч. — Не сумняваюся, што якасць прадукцыі выдатная, ды і цэны нармальныя.

Дарэчы, машыны з бульбай цяпер чакаюць пакупнікоў літаральна каля кожнага міні-рынка, прычым з магчымасцю яе дастаўкі пакупнікам. Калі ж у іх няма ўмоў для захоўвання значнага аб'ёму прадукцыі, то лепш, канешне, купляць у невялікай колькасці, напрыклад, у фірменных крамах сельгаспрадпрыемстваў. Дэфіцыту там, як можна пераканацца на прыкладзе крамы СВК імя В.І. Крамко Гродзенскага раёна, таксама ніколі не бывае.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchik@zviazda.by

Загаловак у газеце: Кірмаш па законах рынку

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.

Грамадства

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

 Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з мастаком Аляксандрам Благіем.

Грамадства

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

​Беларускія санаторыі перасталі быць месцам адпачынку пераважна пажылых людзей.

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці