Вы тут

У Мінску закрылі мотасезон-2016, удзел у свяце прыняў Прэзідэнт


Міжнародны фестываль Harley-Davіdson сабраў у нашай сталіцы сёлета больш за 3 тысячы байкераў, такога маштабу яшчэ не было. Акрамя ўдзельнікаў з нашай краіны на дарогі Мінска выехалі матацыклісты з Расіі, Эстоніі, Латвіі, Заходняй Еўропы і нават Новай Зеландыі (усяго прадстаўнікі 15 краін). Удзел у грандыёзным свяце прыняў і Аляксандр Лукашэнка.


Фестываль пачаўся каля мемарыяльнага комплексу «Курган Славы». Туды кіраўнік дзяржавы разам з сынам Мікалаем прыехалі на матацыкле Harley Davіdson. Прэзідэнт сустрэўся з афіцыйнымі асобамі галаўнога офіса Harley-Davіdson і кіраўнікамі буйных аддзяленняў кампаніі з Еўропы і краін СНД. Затым на чале калоны матацыклістаў ён праехаў ад Кургана Славы да Палаца спорту, дзе наведаў аб'екты свята і паказальныя выступленні супрацоўнікаў спецпадраздзялення ДПС «Страла».

Наша краіна, ужо па традыцыі, падрыхтавалася да фестывалю як мае быць. Напрыклад, гасцям з далёкага замежжа былі адмененыя візы, на мяжы іх чакаў зялёны калідор, таксама арганізатары паклапаціліся і пра зручнае размяшчэнне байкераў у Мінску. У гатэлях ім прапанавалі зніжкі і турыстычныя праграмы. Адчуўшы такую гасціннасць, шматлікія ўдзельнікі яшчэ да заканчэння свята ўпэўнена заяўлялі, што абавязкова вернуцца ў Беларусь.

Томі Нустрам — кіраўнік фінскай мотасупольнасці «Harley-Davіdson» — байкер са стажам, аб'ехаў усю Еўропу і сёння адзначае, што Беларусь больш не белая пляма на яго, байкерскай, карце.

— Наступным летам абавязкова сюды прыедзем, калі будзе цяплей, і прысвяцім Беларусі больш часу, каб павандраваць па ўсёй краіне. Фестываль тут выдатны, калі летась з Фінляндыі было ўсяго сямёра байкераў, то сёлета ўжо больш за дзесяць. Упэўнены, што ў будучыні гэтая колькасць будзе расці больш прагрэсіўнымі тэмпамі, — адзначае Нустрам.

Перашкодзіць размаху свята не змаглі ні дождж, ні хмурнае неба, ні мокры асфальт. На шоу каля Палаца спорту сабралася не адна тысяча гледачоў, тут былі забавы на любы густ — 20 зон актыўнасці. Дзеці дэманстравалі ўменне вадзіць ровар і катацца на роліках, ну а лепшыя стантрайдэры Harley-Davіdson паказвалі захапляльныя трукі на матацыклах.

Сумесныя выступленні падрыхтавалі беларускія і расійскія інспектары ДАІ. Матацыклісты спецпадраздзялення ДПС «Страла» МУС і пілатажнай групы «Каскад», экіпажы сталічнай і абласной Дзяржаўтаінспекцыі прадэманстравалі контраварыйнае кіраванне, выкананне фігур вышэйшага пілатажу, кіраванне мота- і аўтатэхнікай у экстрэмальных умовах.

— Гэта свята для многіх і я рады, што мяне таксама запрасілі на гэты мота-фэст. Такія зносіны дазваляюць тонка адчуць настрой удзельнікаў, іх менталітэт, ну і нейкія высновы для сябе рабіць адносна нашай сумеснай работы па бяспецы дарожнага руху, — адзначыў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.

Завяршылася свята па традыцыі салютам і вялікім канцэртам, на якім выступілі Дзядзя Ваня, «Дразды», «Цягні-Талкай» і, вядома, Дзіяна Арбеніна з гуртом «Начныя снайперы».

Сусветная супольнасць Harley-Davіdson — самая шматлікая ў свеце, яна налічвае больш за мільён удзельнікаў і штогод праводзіць буйныя фестывалі ў Францыі, Італіі, Аўстрыі, Германіі, Чэхіі. Байкерскі злёт — амаль як Алімпійскія гульні, займець яго прэстыжна і вельмі няпроста. Беларускі клуб Harley-Davіdson пакуль не мае настолькі вялікіх маштабаў, але затое планы ў яго грандыёзныя: змагацца за магчымасць правесці агульнаеўрапейскі злёт «харлеяў» у Мінску да 115-годдзя легендарнага брэнда.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Рамантыка жалезных коней

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».