Вы тут

Тэатральны, музычны, фота... У які гурток аддаць дзіця?


Клапатлівыя бацькі імкнуцца ўсебакова развіваць сваіх дзяцей, пашыраць кола іх інтарэсаў, таму не шкадуюць своайго часу, курсіруючы паміж адукацыйнымі студыямі, спартыўнымі секцыямі і творчымі гурткамі… Аднак нават карыснае распачынанне можа пайсці дзіцяці на шкоду. Якіх памылак варта асцерагацца? 


Галоўнае не мода, а здольнасці

Выбіраючы гурток, арыентуйцеся перш за ўсё на задаткі дзіцяці. Калі гэта жвавы хлопчык, лепш аддаць яго ў спартыўную секцыю, дзе ён знойдзе выхад сваёй неўтаймоўнай энергіі, а заадно прызвычаіцца да дысцыпліны. Або, скажам, дзіця з лагапедычнымі праблемамі. Ён і родную фанетыку ніяк не асвоіць, дык навошта яго перагружаць дадатковай англійскай? Можа, яму значна больш па душы канструяванне або матэматыка? Дэманстратыўнага чалавечка запішыце ў тэатральны гурток. Ціхага, сарамлівага – туды, дзе, наадварот, не патрабуюцца публічныя выступленні. Напрыклад, у студыю выяўленчага мастацтва або ў гурток керамікі. Заняткі з глінай, як сцвярджаюць спецыялісты, спрыяюць гарманізацыі дзіцячай псіхікі і пераадоленню розных комплексаў.

Улічвайце пол

Дзіцячыя псіхолагі раяць з малога ўзросту прывіваць дзецям поларолевыя мадэлі паводзін: у дзяўчынках развіваць жаноцкасць, а ў хлопчыках – мужнасць. Выбар гурткоў можа ў гэтым дапамагчы. Мастацкая гімнастыка, бальныя танцы, фігурнае катанне разаўюць у дзяўчатках пяшчоту, грацыёзнасць, чуласць. Пляценне з бісеру і іншае рукадзелле – пачуццё цудоўнага, уседлівасць, стараннасць, акуратнасць. Хлопчыкаў жа мае сэнс арыентаваць на мужныя віды спорту: футбол, хакей, барацьба, веславанне. Важна і вучыць іх майстраваць, пілаваць, габляваць, рамантаваць электратэхніку. Вядома, гэта не выключае заняткаў «унісекс» накшталт малявання, тэатральнай студыі або гістарычнага гуртка, аднак развіццём спецыфічна жаночых або мужчынскіх якасцяў варта займацца мэтанакіравана. Асабліва цяпер, калі так шмат няпоўных сем›яў і многія хлопчыкі растуць спешчанымі і істэрычнымі, а дзяўчаткі, наадварот, капіруюць маму, якая ніяк не падыходзіць пад катэгорыю слабага полу, паколькі, як ламавік, цягне на сабе ўсю сям'ю.

Узрост мае значэнне

У дашкольны перыяд у дзяцей фарміруецца вобраз сям'і. Калі дом – самае лепшае месца на свеце, дзе спакойна і весела, дзе побач мама, якая ўсё ўмее, заўсёды табе дапаможа – дзіця давярае бацькам і паступова, без напругі вучыцца ў іх розным карысным рэчам. Інакш ідуць справы, калі дашкольнік праводзіць большую частку часу па-за домам, а бацькі выконваюць, галоўным чынам, функцыі перавозчыкаў і касіраў. Тут воляй-няволяй узнікае адчужэнне. Змалку прывыкшы да таго, што яго вучаць чужыя людзі, дзіця не ўспрымае бацькоў як скарбніцу мудрасці, і іх словы для яго нярэдка мала што значаць. «Я для яго не аўтарытэт», – уздыхае мама, не разумеючы, што яна сама настроіла на гэта сына, занадта рана перадаручыўшы яго навучанне і выхаванне староннім людзям. Калі дзіця ідзе ў школу, для многіх гэта сапраўдны стрэс. У першыя месяцы вучобы дзеці становяцца больш капрызнымі, моцна стамляюцца, могуць хварэць. У гэтым выпадку нагружаць іх дадатковымі заняткамі не варта. Пачакайце, пакуль малое ўвойдзе ў новы рытм. Трэба так скласці расклад, каб заставаўся час на адпачынак і на гульню. Калі ж дзіця прызвычаіцца да вучэбнага рытму, можна падумаць і пра гурткі.

Бліжэй да школы можна, вядома, запісаць дзіця ў групу эстэтычнага развіцця, на танцы або ў басейн. Асабліва калі дзіця дамашняе і яму напярэдадні школы ўжо пара прывыкаць да калектыву. Але калі малое ходзіць у садок, то лепш не ўзмацняць нагрузкі або ў дні наведвання гурткоў садок прапускаць.

У   школьным узросце здаровае дзіця абавязкова павінна займацца хаця б у адным гуртку, інакш лішак вольнага часу будзе заняты камп’ютарнымі гульнямі або шматгадзінным сядзеннем перад тэлевізарам. Не хвалюйцеся, калі, захапіўшыся чымсьці, дзеці потым астынуць і захочуць заняцца іншым. Гэты ўзрост аптымальны для развіцця рознабаковых інтарэсаў. Паспрабаваўшы сілы ў розных галінах, дзіця ўбачыць, што ў яго лепш атрымліваецца, да чаго ў яго ляжыць душа.

Аліна БЯЛОВА

 

 

 

 

 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.