19 Верасень, серада

Вы тут

Зінаіда Мандроўская: «Магу адкрыта глядзець у вочы сваім выбаршчыкам»


Ёсць два процілеглыя пункты гледжання на работу дэпутата. Адны лічаць, што ён можа літаральна ўсё. Іншыя ж, наадварот, наракаюць, што народны выбраннік не мае ні падначаленых, ні вялікай улады, адпаведна, зрабіць можа мала. Зінаіда Мандроўская, дэпутат ад Пінскай гарадской выбарчай акругі №14, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях, працавала ў чацвёртым і пятым скліканнях і, думаю, прытрымліваецца першага пункту гледжання на магчымасці парламентарыя. Зараз яна можа з годнасцю паглядзець на вынікі сваёй працы — зроблена сапраўды шмат, хоць, па яе словах, гэта было няпроста ды і не ўсё ўдалося.


Вынікамі ў цэлым задаволена

— Зінаіда Міхайлаўна, як вы сябе адчуваеце напрыканцы вашай дэпутацкай кар'еры?

— Абсалютна спакойна, ёсць нават пэўная задаволенасць, бо я выканала тыя мэты, якія ставіла перад сабой. Цалкам спакойна ўсведамляю, што ўзрост ёсць узрост і, натуральна, трэба будзе пераходзіць да цалкам іншага стылю жыцця. Але гэта нармальная з'ява. Гэта добра, што чалавек дажыў да таго, што выканаў сваю місію і можа яшчэ адпачыць.

— Чым плануеце заняцца, калі запрацуюць дэпутаты новага склікання?

— Канкрэтных планаў пакуль няма. Думаю, буду займацца грамадскай работай.

Абарона неабароненых

— Што вам найбольш запомнілася за восем гадоў дэпутацкай работы?

— Запомнілася тое, што мы змаглі ўтрымаць сітуацыю ў развіцці Саюзнай дзяржавы. Наша камісія Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, у якую я ўваходжу, зрабіла вельмі шмат для таго, каб цалкам захаваць усе сродкі масавай інфармацыі Саюзнай дзяржавы, далучыць да гэтай праблемы ўсе структуры ўлады — як расійскія, так і беларускія.

— А чым вы ганарыцеся?

— Перад сваім выбраннем я працавала дырэктарам прадпрыемства, дзе больш за 50% супрацоўнікаў — інваліды. Я паабяцала ім пайсці ў камісію па працы, сацыяльных пытаннях, справах інвалідаў — так называлася яна ў чацвёртым скліканні. Нягледзячы на тое, што я інжынер і эканаміст, на працягу чацвёртага, пятага скліканняў нашай камісіі з дапамогай іншых дэпутатаў урада удалося цалкам сфарміраваць заканадаўчую базу па абароне сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва — людзей з абмежаванымі магчымасці, у прыватнасці інвалідаў. Цалкам усе законы былі дапрацаваныя, і мы далучыліся да канвенцыі ААН па правах інвалідаў. Мы перапрацавалі наступныя нарматыўныя дакументы: Закон Рэспублікі Беларусь «Аб папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў», Закон «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь» і Закон «Аб сацыяльным абслугоўванні», а таксама цалкам пераглядзелі заканадаўства ў тым, што тычыцца забеспячэння правоў маці, якія маюць дзяцей-інвалідаў. У прыватнасці, замацавалі іх права атрымаць бальнічны ліст на час рэабілітацыі дзіцяці і магчымасць сумеснага аздараўлення маці і дзіцяці-інваліда.

Калі я была дэпутатам чацвёртага склікання, у сваёй акрузе ў Пінску я стварыла камісію па справах інвалідаў. Мэр горада ўзначаліў яе, я стала сустаршынёй і праводзіла пасяджэнні з удзелам усіх грамадскіх аб'яднанняў інвалідаў і прадстаўнікоў мясцовых улад. Пасяджэнні праводзіліся кожны квартал, і першым пытаннем заўсёды стаяў абавязковы разгляд тых праблем, якія ставіліся на папярэднім. Акрамя гэтага, у кожнага была магчымасць выступіць з уласнымі прапановамі, задаць свае пытанні.

Што да работы ў парламенце, то скажу, што напачатку мае прапановы, ініцыятывы не заўсёды падтрымліваліся. Так, у свой час я выступіла з прапановай па абмежаванні работы гульнявых аўтаматаў. На працягу двух гадоў я білася над гэтым... У выніку атрымалася зрабіць так, што ўсё-такі адпаведныя пастановы ўрада прайшлі.

Таксама праводзіла работу па забароне алкалоіднага опію, займалася гэтым чатыры гады. У Пінску з усіх нарказалежных 79% складалі опійныя наркаманы! Я праводзіла нарады ў Адміністрацыі Прэзідэнта, яго памочнікаў, вельмі шчыльна працавала з Міністэрствам унутраных спраў — перш чым выдалі ўказ. Рэакцыя пайшла. Колькасць опійных наркаманаў рэзка зменшылася. Наступнай тэмай сталі спайсы. Я працавала і над гэтым, у выніку рашэнне таксама ўсюды прайшло.

Трэба разумець, што не ўсё атрымліваецца зрабіць так, як ты лічыш неабходным. Тыя пытанні, якія з майго пункту гледжання маглі быць вырашаны, былі вырашаны як мінімум у палове выпадкаў. Я абсалютна спакойна да ўсяго стаўлюся. Мой пункт гледжання таксама не можа прэтэндаваць на абсалютную бездакорнасць.

...Працы ў парламенце хапае

— Вы былі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў два скліканні запар...

— Балатавацца ў дэпутаты другі раз мне было вельмі проста. Людзі, мясцовыя ўлады ведалі, што я буду адстойваць законныя правы людзей. Я нават не адчувала ніякага негатыву. Выбаршчыкі сустракалі мяне добра, я магла адкрыта глядзець ім у вочы — і цяпер таксама магу. Я заўсёды давала справаздачу па тых праблемах, з якімі звярталіся да мяне. Водгукі на маю работу, нават ад прадстаўнікоў апазіцыі, былі, нягледзячы ні на што, станоўчымі. Я ніколі не адмаўляла нікому ў дапамозе, у звычайнай размове. Кожны раз, калі ў нас была работа ў акрузе, я наведвала абсалютна ўсе прадпрыемствы горада, не прапусціла ніводнага прыёму грамадзян.

— Калі меркаваць па вашым прыкладзе, дэпутат, сапраўды, можа зрабіць многае. У той жа час нельга сказаць, што ў дэпутата вельмі вялікія паўнамоцтвы. Так, напрыклад, калі да яго паступае зварот, ён можа толькі паклапаціцца, каб мясцовыя ўлады дапамаглі чалавеку... А як вы лічыце, дэпутат валодае дастатковымі паўнамоцтвамі?

— Нельга дэпутата, любога іншага чалавека надзяліць такімі паўнамоцтвамі, каб ён даваў указанні ўладзе, а яна давала яму справаздачу. Натуральна, дэпутату няпроста. І ніколі не было проста. Парламентарый павінен валодаць уменнем мысліць аналітычна, пераконваць. Трэба паглядзець на паднятае выбаршчыкам пытанне з усіх бакоў.

Прывяду такі прыклад. У Пінску тры ракі. У летні перыяд вельмі шмат было дачнікаў, якія дабіраліся да сваіх участкаў на параходзе — так больш зручна і хутка. На параходзе ехаць 12 кіламетраў, на аўтобусе, пакуль той аб'едзе ўсе вёскі, балоты, будуць усе 50. І вось з'явіўся ўказ, калі на праезд на транспартных сродках аўтобусных і чыгуначных зносін пенсіянерам прадастаўляліся льготы. Але ў дакуменце быў упушчаны рачны транспарт. Натуральна, гэта няправільна. Я гэтым займалася, і цяпер ільготы на праезд пенсіянерам прадастаўляюцца і на рачным транспарце. Але я патраціла на вырашэнне праблемы не адзін месяц. І гэта толькі адзін выпадак.

Працы ў парламенце больш, чым у якой іншай галіне, — было б толькі жаданне рабіць яе. А таксама сілы — адстаяць сваё меркаванне.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.