Вы тут

Сцяна смутку можа з'явіцца на вясковых могілках


У канцы ліпеня Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі зацвердзіла новыя правілы ўтрымання і добраўпарадкавання могілак. Ці дапаможа гэта навесці парадак на вясковых пагостах, карэспандэнт «Звязды» спрабавала разабрацца на прыкладзе Ждановіцкага сельсавета.


На тэрыторыі Ждановіцкага сельсавета знаходзіцца 6 грамадзянскіх могілак: «Зарэчча-1», «Ждановічы», «Качына», «Тарасава», «Яркова» і «Дзегцяроўка». Іх, бясспрэчна, цяжка параўноўваць з іншымі вясковымі пагостамі як Мінскага раёна, так і ўсёй Беларусі. Асаблівасць гэтых месцаў пахавання ў тым, што знаходзяцца яны паблізу ад Мінска і кальцавой дарогі. Таму запатрабаваныя і ў сталічных жыхароў.

— Калькі часу таму могілкі вярнулі на баланс сельсаветаў Мінскага раёна. Пасля таго, як была ліквідавана ўстанова «Рытуальныя паслугі Мінскага раёна», сельсаветы дэлегавалі паўнамоцтвы па абслугоўванні могілак КУПам — сваім камунальным унітарным прадпрыемствам. Яны створаны практычна на базе кожнага сельсавета, — адзначыла старшыня Ждановіцкага сельскага Савета Ала Дубко. — На некаторых могілках былі ўсталяваны кантэйнерныя пляцоўкі, а дзесьці мы іх уладкоўвалі самі. Згодна з санітарнымі нормамі ўтрымання месцаў пахавання, усе могілкі агароджаны. А смецце рэгулярна прыбіраецца КУПам «Ждановічы-сэрвіс», дзе для гэтага ёсць уся неабходная тэхніка. Акрамя таго, работнікі прадпрыемства абкошваюць тэрыторыю, што прылягае да могілак, паміж магіламі, падсыпаюць дарожкі.

Як прызналася Ала Уладзіміраўна, ёсць і праблемы. Не, не прыборка вянкоў ды кветак. Вываз буйнагабарытных адходаў — старых помнікаў, агароджаў, якія сваякі мяняюць на новыя. Акрамя таго, могілкі размяшчаюцца сярод лесу. Цягам часу дрэвы старэюць, ствараюць небяспеку: могуць упасці і пашкодзіць помнікі, агароджы. Спілаваць іх складана, паколькі машына не можа падысці ўшчыльную. Ды і сама работа патрабуе значных фінансавых затрат.

— Але мы спраўляемся, — кажа мая суразмоўца.— Цяпер, перш чым адводзіць новую тэрыторыю для могілак, расчышчаем яе ад лесу або, калі гэта магчыма, выдзяляем зямлю, дзе няма дрэў. Як напрыклад, у вёсках Тарасава, Яркова. Паводле новых правілаў пахавання, зацверджаных пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, для жыхароў Ждановіцкага сельсавета месца для пахавання выдзяляецца бясплатна, для ўсіх іншых, у прыватнасці, мінчан, грамадзян іншых рэгіёнаў адно месца каштуе 50 базавых велічынь.

Менавіта гэта дапамагае спыніць паток ахвотных пахаваць сваякоў і блізкіх на могілках Ждановіцкага сельсавета. Гэта стрымліваючы фактар.

— Мы сочым за тым, каб не было самавольных пахаванняў. Гэтыя абавязкі, у тым ліку, ускладваюцца і на наглядчыкаў, — на шэсць могілак іх чацвёра. Мы імкнёмся кантраляваць нават прыватнае добраўпарадкаванне, — запэўніла Ала Дубко. — Напрыклад, радня вырашыла замяніць стары помнік або агароджу, уладкаваць тэрыторыю. Перш за ўсё наглядчыкі кантралююць, каб былі захаваны памеры пахаванняў. Паводле новых правілаў, норма для двайнога пахавання мясцовых жыхароў — 2 на 2,3 метра — прадастаўляецца бясплатна. Гаспадар, які адказвае за добраўпарадкаванне, піша нам папярэднюю заяву.

Начальнік участка Дзмітрый Атрашонак прыязджае на могілкі і даводзіць прысутным пра неабходныя памеры. Лішняя ж тэрыторыя па новых правілах каштуе 20 базавых велічынь за адзін квадратны метр. Многія, канешне, абураюцца, маўляў, на гэтым участку мае родныя ляжалі гадамі, а цяпер мы павінны плаціць за лішнюю зямлю. Здараюцца і канфліктныя сітуацыі, але іх гасяць у самым пачатку, стараюцца знайсці кампраміс. Закон ёсць закон і яго трэба выконваць. Па новых правілах адрэгулявана і вышыня агароджаў — да 40 сантыметраў. Указана таксама, што максімальная вышыня надмагільных збудаванняў не можа перавышаць 1,8 метра.

— Але ёсць альтэрнатыва традыцыйнаму пахаванню: газоннае, сцяна смутку, так званы калумбарый, — Ала Уладзіміраўна лічыць, што гэта наступны крок, паколькі месца для пахавання катастрафічна памяншаецца. Менавіта яна падняла гэтае пытанне на сесіі сельскага Савета дэпутатаў. У выніку прынята рашэнне, паводле якога распрацоўваюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам варыянты размяшчэння калумбарыя і газоннага пахавання на сельскіх могілках. На гарадскіх могілках такое ўжо практыкуецца. Як гэта зрабіць у вёсцы, пакуль ніхто не ведае.

На могілках Ждановіцкага сельсавета ў любы сектар можна трапіць без праблем. Тут зроблены максімальны доступ да таго месца, дзе ідзе пахаванне. Але ж грамадзяне часам выстаўляюць агароджы амаль што на самую дарожку. Спыніць гэтую заганную практыку мусіць пастанова Міністэрства ЖКГ. Яна дала права не проста прасіць у блізкіх прыбраць агароджу з праходу, а канкрэтна прымусіць іх вярнуцца ў азначаныя нормы: двухмеснае пахаванне 2 на 2,3 метра, аднамеснае — 1,4 на 2,3 метра. Не згодны — плаціце за лішнюю плошчу.

— Ці можна па новых правілах падзахоўваць урны ў саму магілу? — пацікавілася ў Дзмітрыя Казіміравіча.

— Для гэтага трэба прадаставіць дакументы, якія пацвярджаюць сваяцтва адказных асоб за пахаванне памерлага. Гэта пасведчанні аб нараджэнні, шлюбе, галоўнае, каб супадала прозвішча і прасочваліся сваяцкія сувязі, — канстатаваў ён.

Як лічыць Дзмітрый Атрашонак, новыя правілы дапамогуць навесці парадак у пахавальнай справе, на могілках. Яны заснаваны на базе папярэдніх, але ўказаны больш канкрэтны алгарытм дзеянняў па прывядзенні тэрыторый у адпаведнасць з тымі памерамі зямельных участкаў, якія былі выдзелены першапачаткова. Дакладна прапісаны і правілы для рэзервавання ўчасткаў. На адным участку павінна быць не больш за 4 пахаванні. Адлегласць паміж радамі — як мінімум метр, праходы паміж участкамі не менш як 50 сантыметраў. «Гэта дазволіць свабодна падысці да магілы, вынесці смецце, данесці труну з целам да месца апошняга заспакаення», — адзначыў Дзмітрый Атрашонак.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Сцяна смутку на вясковых могілках

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.